Мавр Янка
Шрифт:
А між тым, гэта было ўсяго толькі адно дрэва, са ствалом у паўметра таўшчыні. [9]
Калі зачапілі і прыпаднялі адну такую галіну, то на ёй знайшлі столькі рознага дабра, што ў нашых людзей аж сліна пацякла. Чаго толькі тут не было! Чарапашкі, малюскі, маленькія ракі, медузы, анемоны, розныя чарвячкі,— адным словам, усё тое, чым любілі ласавацца фуіджынцы.
— Глядзіце! Глядзіце! І крабы! — весела закрычалі дзеці.
Сапраўды, у разгалінаванні гэтага дрэва размясцілася цэлая сям'я крабаў. Стары краб злосна пазіраў і пагрозліва варушыў сваімі страшэннымі клюшнямі, але зараз жа яго ўхапілі і разбілі аб човен.
9
Завецца яно фукус, або альга. Яно досыць распаўсюджана, але такой велічыні дасягае толькі ў гэтых месцах. Адно дрэва часам разрастаецца на дзвесце метраў ушыркі.
— Яшчэ адзін! — крыкнуў Кос і зняў другога. Потым знайшоўся і трэці.
Гэтыя велізарныя ракі з'яўляюцца такой смачнай стравай, што Манг пачаў есці іх сырымі.
— Зірніце толькі, што робіцца ў вадзе! — сказала Мгу.
А ў вадзе была нібы каша ад мноства рыб, асабліва маленькіх. Старыя рыбы выбралі гэты куток, каб адкладваць тут сваю ікру. Лепшага месца для гэтай справы нельга было і прыдумаць. Сюды не дасягала ніводная хваля, і рыбы спакойна пладзіліся «ў лесе». Нездарма і птушкі аблюбавалі гэтае месца.
Гэта быў нібы зусім асобны свет. Усе тут знаходзілі сабе спажыву. Дужэйшы паядаў слабейшага, але насельніцтва ад гэтага не змяншалася. Усе знаходзілі прытулак сярод гасціннага дрэва. Каб яны не паядалі адзін аднаго, тады ім і паварушыцца не было б дзе. А нарэшце над усімі імі з'явіўся чалавек.
Галіну абабралі, як плады ў садзе, і зноў апусцілі Ў ваду.
— Хай зноў абрастае! — смяяліся бацькі.
Але і на гэтым баль не скончыўся. Знайшлася нават «гародніна»: маладое лісце альгі, якое з'яўляецца досыць добрай стравай. Набралі яго, палажылі ў гаршчок, згатавалі і наеліся так, як даўно ўжо не елі. Трэба памятаць, што зеляніна для чалавека наогул вельмі неабходна, а нашы навасёлы на працягу месяца і ў вочы яе не бачылі.
А навокал яшчэ плавалі іншыя «запасы» — качкі, мяса якіх куды смачнейшае за пінгвінавае, хоць гэтыя качкі некалькі і нагадвалі пінгвінаў сваімі крыламі. Яны таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка і гучна б'юць крыламі па вадзе.
Як мы ўжо казалі, у адным месцы на беразе была досыць роўная пляцоўка. Спачатку адзін-другі вылез, выгрузілі некаторыя рэчы, расклалі вогнішча, [10] а потым ужо зрабілі павець. Такім спосабам паступова і зусім перайшлі на зямлю.
10
Агонь яны высякаюць з крэмня, як і ў нас у даўнейшыя часы.
Нельга думаць, што яны так ужо ніколі і не жылі на зямлі. Здаралася гэта, і не раз, калі трапляліся адпаведныя ўмовы. Але такія выпадкі былі вельмі і вельмі рэдкімі. У кожным разе, лепш, як цяпер, ім ніколі не было. І страха над галавой, і сцяна збоку, і месца досыць, каб вольна размясціцца, нарэшце, скуры пад бокам — усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы.
Мы ўжо бачылі, што хоць гэтыя дзеці вады і жылі морам, але рыбакамі назваць іх нельга, бо нават і прыладаў для лоўлі рыбы яны не мелі, а калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак ці проста рукамі, ці торбачкай, ці кавалкам тканіны. Толькі зрэдку ім здаралася забіваць кап'ём больш буйную рыбіну.
Цяпер, гледзячы на рыбу ў вадзе пад нагамі, яны больш выразна адчувалі, што ім не хапае якой-небудзь прылады, каб дастаць гэтай рыбы. Праўда, яны і тут лавілі яе ля самага берага, як заўсёды, у шчыліне, але гэта іх не задавальняла. Хацелася дастаць больш, непасрэдна адтуль, з глыбіні.
Манг доўга над гэтым ламаў галаву і нарэшце дадумаўся. Узяў сваю плеценую торбу, прыладзіў да яе абруч і прывязаў да кія. Апусціўшы ў ваду свой коўш, ён адразу выцягнуў шмат рыбы. Усе ўзрадаваліся і доўга цешыліся такой лоўляй, нават без патрэбы.
Некалькі дзён ніхто нікуды і носа не высоўваў. Спакойна прасядзелі і два бурныя дні. За скаламі, у акіяне, гулі хвалі, недзе высока над галавой роў вецер, а тут у іх было ціха і спакойна. Адно толькі было нядобра, — паліва ўсё выйшла.
Калі надвор'е праяснілася, парашылі шукаць паліва. На захад, з боку мора, былі голыя скалы, на ўсход — сцяна; але ў гэтым кірунку павінна была ісці зямля: ці вялікі востраў, ці нават і самы кантынент Паўднёвай Амерыкі. Туды і накіраваліся трое мужчын.
Але як выбрацца з гэтай студні? Доўга шукалі месца, дзе можна было б як-небудзь зачапіцца. Урэшце знайшлі некалькі выступаў і палезлі ўверх, рызыкуючы кожны момант паляцець уніз і разбіцца насмерць.
Падняўшыся метраў на дваццаць, апынуліся на новай пляцоўцы. Пасярэдзіне яе было невялічкае возера або сажалка, з якой і выцякала тая самая крыніца, што падала ўніз і давала ваду для піцця. А з другога боку таксама ішла сцяна, і таксама зверху сцякаў струмень, — ён даваў ваду гэтаму возеру. Яшчэ падняліся і зноў знайшлі такую самую пляцоўку, возера і крыніцу.