Мавр Янка
Шрифт:
Надыходзіў вечар, а здабыча яшчэ не была ўпарадкавана. Прыйшлося рэшту пакінуць. Хацелі былі ўжо ехаць, але прыпомнілі, што човен Тайдо не папраўлены. А кары няма. Што тут рабіць?
— Можна залатаць скурамі,— запрапанавала Мгу.
— Мгу добрая, разумная дзяўчына, — сказаў абрадавана Тайдо, дакрануўшыся да яе.
Але пачынаць такую марудную работу было позна, і яны вымушаны былі застацца тут начаваць. Тады адчулася яшчэ адна бяда: не хапіла вады для піцця. Спяшаючыся на паляванне, забыліся яе назапасіць, і яна ўся выйшла яшчэ перад поўднем. Да гэтага часу цярпелі і цешылі сябе тым, што зараз паедуць назад. А цяпер, асабліва пасля мяса, зусім зрабілася дрэнна. Дзеці пачалі плакаць.
А за некалькі крокаў плюскатала і вабіла да сябе вада, такая чыстая і добрая… Што можа быць горш, як глядзець на ваду і паміраць ад смагі? Лепш ужо тады цярпець тую самую смагу без вады. Дзеці не вытрымалі і пабеглі да яе.
— Куды? Нельга! Нельга! — закрычалі дарослыя, кінуліся за імі і затрымалі. Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрывалася ад жалю.
Старыя хадзілі хмурыя і раіліся, як здабыць вады.
— Вунь да той гары, здаецца, недалёка, — сказаў Кос. — Можна з'ездзіць туды і прывезці вады ці лёду.
— Немагчыма, — уздыхнуў Тайдо. — Пакуль даедзем, будзе ўжо цёмна, можна наляцець на камень у незнаёмым месцы. А па-другое, мы не ведаем месца, дзе ледавік спускаецца ці вада цячэ, а сярод ночы немажліва поўзаць ды шукаць.
Сонца апускалася ў акіян. Пасмы хмар збіраліся на небасхіле. Праменні прабіваліся праз іх, афарбаваныя ў чырвоныя і ружовыя колеры. Вада і скалы паступова зліваліся ў цемры. А над імі чырванелі снегавыя вяршыні гор.
Пачалі рыхтавацца да начлегу. Але смага не давала паснуць.
Раптам яны пачулі, што нехта ідзе да іх. Усхапіліся, прыгледзеліся: гэта быў Манг, адсутнасці якога яны не заўважылі. Ен валок пінгвіна; падышоў, адрэзаў яму галаву і сказаў:
— Наце, піце!
— Як? Што?
— Ды кроў. Я напіўся. Раю і ўсім.
Нельга сказаць, каб пітво было добрае, але ўсё ж такі лепш, як нічога. Мужчыны пайшлі і прынеслі яшчэ двух пінгвінаў…
Пасля гэтага паснулі — мужчыны на зямлі, а жанчыны з дзецьмі на чоўнах.
Акіян глуха гудзеў. Хвалі безупынна наляталі і разбіваліся аб каменні. Вецер мацнеў. Пачаў пырскаць дожджык. Агонь пагас.
Людзі прачнуліся, закапаліся ў скуры. Але дождж усё павялічваўся.
Спаць ужо нельга. Трэба было зусім уставаць. А халодны вецер з мора без ніякіх перашкод так і сячэ з дажджом.
Хоць бы які-небудзь прытулак знайсці!
Але месца адкрытае, няма ніякай высокай скалы.
— Давайце перавернем чоўны, — запрапанаваў нехта.
Так і зрабілі. Пад чоўнамі было значна лепей. Толькі вада падцякала па зямлі. Такім чынам правялі ноч. Адна толькі ўцеха была ў гэтым становішчы: дажджавой вады напіліся, колькі хацелі.
Дзень настаў хмарны, дождж то спыняўся, то зноў пачынаўся. Але і гэта радавала людзей.
— Добра яшчэ, што вялікага дажджу і буры няма, — казалі старыя. — Хутчэй бы паправіць лодку ды выехаць з гэтага адкрытага месца.
Праз дзве гадзіны лодка была залатана, і ўсе паехалі назад.
IV
Новая стаянка. — Падводны лес. — Выгоды на ўсе сто працэнтаў.— Непажаданы сусед.
Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага, куды ніхто з чужых не заглядае. Нельга сказаць, каб яны так ужо баяліся выпадковага падарожніка. Тут іншая справа: дзе не бывае белых людзей з іх стрэльбамі, там звычайна збіраюцца розныя жывёлы, асабліва птушкі. А сярод іх знойдуцца і смачнейшыя за пінгвінаў.
Але Манг усё імкнуўся на поўнач, бліжэй да белых. Хоць нідзе іх там і не было відаць, але ўсё ж Манг ведаў, што яны жывуць у гэтым кірунку. Прынамсі, іхнія караблі праязджаюць толькі там. Пасля той сустрэчы яму аднаму яшчэ раз трапілася бачыць карабель, але здалёк, — бліжэй ён не паспеў пад'ехаць.
У гэтым жа кірунку, за Магеланавай пратокай, ён натрапіў на адзін куток, які доўгі час мог служыць «домам» для яго бацькоў. Гэта была маленькая затока, нібы азярцо, так агароджаная скаламі, што ні вецер, ні хвалі не дасягалі сюды. Куток быў падобны да таго возера, куды яны ездзілі па дровы, толькі гэты быў значна меншым і больш прытульным, цёплым.
— Асабліва тут павінна быць добра ўзімку, — казаў ён бацькам.
Гэты куток яны і абралі сваім домам. Знайшлася там нават пляцоўка, куды яны паклалі лішнія рэчы і дзе маглі спаць. Толькі для гэтага трэба было прагнаць птушак, якім таксама спадабаўся гэты прытулак. І тут жа побач зверху сцякаў струмень прэснай вады. Адным словам, хата была з усімі выгодамі.
Апрача ўсяго гэтага, выявілася, што пад імі ў вадзе расце нібы лес, а ў гэтым лесе незлічонае мноства «дзічыны».
Першы раз заўважылі гэта ў часе адліву. Калі вада знізілася, у ёй паказалася галлё, распасцёртае ў шырыню. Гэта была не марская трава, а сапраўднае дрэва, з галінамі, таўшчынёю з руку, і з доўгім вузкім лісцем. Гэтае лісце, даўжынёю ў метр, варушылася, выгіналася, нібы змеі. Галлё так разраслося, што стварыла падводны гушчар ва ўсёй затоцы.