Мавр Янка
Шрифт:
Нарэшце Манг звярнуўся да яе, запрашаючы вылезці на бераг. Са сціснутым сэрцам вылезла яна і села воддаль на траве. Людзі абступілі яе і пачалі дзівіцца, нават краталі яе адзенне, якое, сказаць дарэчы, не мела нічога агульнага з ранейшым — было бруднае, парванае.
Больш за ўсё цікавіліся ёю жанчыны, і гэты ўважлівы агляд быў больш непрыемны для дзяўчыны, як агляд мужчын. Яна адразу адчула сябе яшчэ больш няшчаснай і бездапаможнай. Нават Манга цяпер яна пачала баяцца. Ен здаваўся ёй ужо чужым, далёкім, зусім не слугой, як раней.
Нанач адвялі ёй куток у будцы побач з жанчынамі, і гэтая ноч пад страхой сярод людзей была для яе горшай, як раней пад адкрытым небам.
Няёмка адчувалі сябе і добрыя гаспадары ў прысутнасці гэтай госці, якая нібы з неба звалілася да іх. Здавалася, што ў іх жыццё ўціснулася нешта чужое, непатрэбнае, з якім немаведама што рабіць.
Асабліва цяжка было з харчаваннем. І без гэтага ад дзяўчыны засталіся толькі скура ды косці. Больш як месяц не бачыла яна ані кавалка хлеба, нават плада якога. Праўда, яна некалькі прызвычаілася да чарапашак, ракаў, рыбы, але апрача таго, раней яна яшчэ загадвала Мангу зрабіць тое ці гэтае.
Цяпер неяк выйшла, што распараджацца і загадваць яна ўжо не магла, а сам Манг чамусьці адчуваў, што тут, у сям'і, ён не можа так клапаціцца і дагаджаць выключна ёй адной, як гэта было раней.
Ужо на другі дзень пачалася нарада між Косам і Тайдо па гэтай справе. У Коса была яшчэ і свая думка, якая не давала яму спакою.
— Вось што, Тайдо, — сказаў ён сур'ёзна, — ці не думае Манг пакінуць гэтую рыбіну сабе за жонку? Тады парушыцца наша ўмова. Мы ж пашылі яму кану.
— Я і сам гэтага баюся, — пахмура адказаў Тайдо, — але ж Манг сказаў, што ён перадасць яе белым.
— Калі яшчэ гэта будзе, а пакуль што яна тут зусім лішняя. І навошта нам клапаціцца аб ёй? Хай сабе ідзе на ўсе чатыры бакі.
— Манг не згодзіцца яе выгнаць, — сказаў Тайдо. — Ен яе шкадуе; апрача таго, ён думае праз яе пазнаёміцца з белымі.
— Ды гэта зусім і не патрэбна! — адказаў Кос.
— І я так лічу, але што ж ты зробіш, калі ён моцна ўбіў гэта сабе ў галаву?
— Тады можам аслабаніць яго ад клопату, — прапанаваў Кос, — возьмем яе ды і адвязём на які-небудзь востраў. Хай сама сабе шукае дарогі. А Манг тады ажэніцца з Мгу і зажыве, як усе добрыя людзі.
Тайдо прызнаў, што думка досыць разумная. З гэтымі белымі Манг можа зусім адбіцца ад дому. Сам Тайдо старэе. Малодшы сын загінуў, і можа здарыцца, што ў сям'і зусім не застанецца апоры.
А Манг тым часам думаў пра далейшае падарожжа. Міс Грэт нерашуча звярнулася да яго, паказваючы, каб ехаць, і была вельмі ўзрадавана, калі ён ахвотна заківаў галавой у знак згоды.
У той жа дзень Тайдо і Кос загадалі, каб Манг і ўсе жанчыны, апрача белай, пайшлі ў лес па ягады.
ІХ
У лесе. — Óна! — Гуанака падвёў.— Адступленне. — Знікненне Белай Птушкі.— Зноў Манг выратаваў.— Карабель. — Урачыстая сустрэча «капітана Манга».
Гэты бераг можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Чым далей на ўсход, тым багацей рабіліся лясы. А сярод іх уздымаліся снегавыя горы.
Хоць гэты край знаходзіцца і досыць далёка ад экватара (пяцьдзесят пяць градусаў), але большасць дрэў і кустоў зелянеюць увесь год. Часцей за ўсё сустракаецца бук — невялікае дрэва з дробным жорсткім, але пахучым лісцем. Звычайна ўсё лісце змяшчаецца па канцах галін, і здалёк такі бук нагадвае італьянскую хвою.
Асабліва ж радуе вока магнолія з бліскучым, нібы тлустым, лісцем. Прыгожа выглядаюць сярод зеляніны белыя кветкі, нібы нашы балотныя лілеі. Кара гэтага дрэва ўжываецца тут як лякарства супраць розных хвароб.
Сям-там упоперак дарогі ляжалі вялізныя дрэвы, што паваліліся ад старасці. На іх зараз жа накінуліся і абляпілі з усіх бакоў чужаедныя расліны — мох, лішайнік, розныя нарасты і, паміж іншым, грыбы. Гаспадыні не абмінулі гэтых грыбоў і набралі ў свае торбы.
Але ж затое ўсю справу псуе калючы хмызняк — «калафата». Колькі пацярпелі нашыя падарожнікі ад яго калючых шыпоў! Нават праз гэта хацелі вяртацца назад, але Манг хутка вывеў усіх на шырокую светлую паляну, дзе ўжо натрапілі на ягады, падобныя да нашай маліны.
Пакуль жанчыны збіралі ягады, Манг, як адказны начальнік атрада, адышоў далей, каб паглядзець, ці няма дзе якой небяспекі. Прайшоўся глыбей у лес, завярнуўся направа — і раптам заўважыў, што над лесам уздымаецца дымок.
Манг спыніўся і задумаўся. Што рабіць? Ці бегчы назад, папярэдзіць жанчын і ўцякаць разам з імі, ці спачатку даведацца, што там такое? Нарэшце ён выбраў апошняе, бо сорамна было ўцякаць немаведама ад чаго. І ён пачаў красціся наперад.
Доўга ён пасоўваўся, як цень, пакуль убачыў прасвет, праз які ўжо было відаць вогнішча і постаці людзей. Потым лёг на зямлю і пачаў паўзці. Праз некалькі мінут ён ужо мог разгледзець чатырох мужчын, якія сядзелі ля вогнішча на беразе ручая. Гэта былі óна.