Вход/Регистрация
У краіне райскай птушкі
вернуться

Мавр Янка

Шрифт:

— Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў ён ля сябе п'яны голас.

Манг азірнуўся і ўбачыў п'янага пана, які ўтаропіўся на яго бычынымі вачыма.

— Выбачайце! — сказаў Манг. — Я заняты.

— Што?! — гыркнуў пан і стукнуў кулаком па стале. — Хіба я не бачу, што ты ідзеш з пустымі рукамі?— І ён зноў стукнуў кулаком так, што шклянкі зазвінелі.

Падскочыў старшы служачы:

— Выбачайце, пан! Чым пан нездаволены?

— Што ж гэта ў вас тут робіцца, га? — зароў той. — Паназбіралі малпаў з усяго свету, а служыць не навучылі: ідзе з пустымі рукамі і адмаўляецца, калі яму загадваюць. Гэта ж…

Ледзь уціхамірылі яго. Але да службовай характарыстыкі Манга далучылася новая пляма…

Манг падышоў да стала Грэт і пакланіўся. Абодва мужчыны пачалі пільна прыглядацца да яго.

— Дык вось які ён! — прамармытаў ваенны.

— Ну, як жывеш, Манг? — пачала Грэт. — Як ідзе служба?

— Дзякую, міс. Служу, як магу.

— А я цяпер ужо не міс, а містрыс. [14] А гэта мой муж, капітан ваеннага карабля.

— Відаць, такі ўжо лёс твой, сястрыца, што галоўныя моманты твайго жыцця звязаны з капітанамі.

14

Міс — паненка, містрыс — пані.

— Дзякую за параўнанне! — нездаволена буркнуў муж.

— Не абражайся, Джэк, — казаў далей брат, — ён жа ж быў не ваенны, а цывільны капітан.

Манг стаяў і сарамліва ўсміхаўся. Ен добра памятаў «урачыстую» сустрэчу на караблі.

— А што, Манг, ці не хацеў бы ты вярнуцца дахаты? — пыталася далей Грэт.

— Не ведаю, — адказаў Манг, падумаўшы. — Наведацца, у кожным разе, хацелася б.

— А мы з табой, мусіць, ужо не скора ўбачымся. Я сёння ўначы выязджаю з мужам у Індыю.

Хоць і без гэтага Манг бачыў яе за чатыры гады разы са тры, але ўсё ж яму зрабілася сумна. Адзінокі ў гэтым чужым шматмільённым горадзе, ён усё ж такі адчуваў, што тут недзе ёсць чалавек, які ведае яго, які звязан з ім агульнымі перажываннямі, успамінамі, да якога нават можна было б звярнуцца ў часе бяды. Гэта ж яна рэкамендавала яго ў гэты рэстаран і нават за першы год заплаціла гаспадарам значную суму за ўтрыманне і навучанне. І ў далейшым гаспадары лічыліся з ёй і, здаецца, яшчэ раз атрымалі грошы. Без яе ён не ўтрымаўся б тут ніводнага дня. А цяпер невядома, што будзе…

— Ну, дык прынясі нам вячэру, — сказаў ваенны і заказаў стравы.

Калі Манг адышоў, афіцэр звярнуўся да жонкі:

— Грэт, ты забываеш, што знаходзішся на людзях. Ты размаўляеш з ім, нібы з роўным. Гэта ж непрыстойна. Што могуць падумаць людзі, гледзячы на такое панібрацтва?

— Гэта ж апошні раз, на развітанне, — апраўдвалася Грэт. — Усё ж такі яму я абавязана сваім жыццём, а ты — сваёй жонкай, — дадала яна, хітра ўсміхаючыся.

— Дык жа ты зрабіла для яго ў сто разоў больш. Не кожны так адплаціў бы. Але з гэтага не вынікае, што ты павінна сябраваць з гэтай малпай.

— Ну, якое тут сяброўства! — махнула рукой Грэт.

— Капітан капітану зайздросціць, — уставіў сваё слова брат.

— А ты гатоў на ўсялякія недарэчнасці, абы толькі пажартаваць, — нездаволена адказаў афіцэр.

Калі пасля вячэры ваенны расплачваўся, ён даў Мангу «на чай» цэлыя тры фунты стэрлінгаў, за што жонка ўзнагародзіла яго ўдзячным позіркам.

Манг доўга стаяў на месцы і сачыў, як выходзіла Белая Птушка. А тая ўжо шчабятала аб ад'ездзе, аб падарожжы, аб знаёмых і зусім забылася, што на свеце існуе нейкі Манг…

Праз тры дні Манга звольнілі…

Апошняй прычэпкай было яго «непаразуменне» з п'яным панам. Яшчэ важней было тое, што яго заступніца выехала. А галоўнай прычынай было, што Манг не меў той вяртлявасці, спрытнасці, хітрасці, якія патрабуюцца ад лакеяў у такіх панскіх установах.

І Манг апынуўся на вуліцы, сярод тысяч беспрацоўнага люду — белых, чорных, жоўтых, бурых.

І, бадзяючыся на імглістых вуліцах Лондана, ён часта ўяўляў сабе іншы горад сярод скал, вуліцы-каналы, марскіх птушак, кану, сям'ю і Мгу.

1927 г.

  • 1
  • ...
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: