Шрифт:
Сярод дрэў узнікла хатка. Пад'ехаць бліжэй было немагчыма. Спыніліся воддаль, на паляне.
— Дык ты тут і жывеш, значыць? — здзівіўся Стась.
— Тут і жыву, значыць. Ды хутчэй вы! — падагнаў доктара, які нязграбна выкульваўся з машыны.
Крушынскаму толькі цяпер, калі ўсё, што ён планаваў, было зроблена і ён апынуўся дома, стала трывожна. Хоць бы не здарылася чаго!
Каля хаткі слядоў, акрамя сабачых, не было. Замок таксама вісеў на месцы. Аднекуль з лесу выскачыў Барс, кінуўся на чужых, забрахаў, прыпадаючы грудзьмі да снегу. Потым убачыў, што людзям не да яго, супакоіўся і пабег аглядаць і абнюхваць машыну.
Дзяўчынка сядзела ў кутку на тапчане. Відаць, сабачы брэх устрывожыў яе. Але выглядала яна куды лепш чым учора. На шчочках была чырвань, вочы свяціліся здаровым бляскам. У Крушынскага адлегла з душы.
Доктар скінуў рукавіцы, ляпнуў іх на стол. Пахукаў на рукі:
— Ну, дзе наш хворы? А што так цёмна ў нас? Як для Крушынскага, дык было аж занадта светла. Але доктару з непрывычкі, ды пасля двара, ды яшчэ падслепаватаму, канечне, здавалася цёмна.
— Святлей не будзе, — сказаў Крушынскі. — Лямпа ёсць карасінавая, але днём ад яе што толку.
— Ну і ну? Зусім няма электрычнасці?!
— Доктар, рабіце сваю работу.
— Канечне, канечне! Каля акна тут зусім светла. Давайце сюды свайго хворага.
Крушынскі падышоў да дзяўчынкі. Стараючыся гаварыць выразна, міжволі памагаючы сабе жэстамі, папрасіў:
— Уставай, не бойся. Гэта ж доктар. Нічога кепскага ён табе не зробіць.
Яна паслухалася. Адкінула коўдру. Сунула ногі ў валёнкі, якія прадбачлівы Крушынскі паставіў каля тапчана яшчэ раніцай, перад тым, як выправіцца ў горад. Крушынскі працягнуў ёй руку, яна падала сваю; ён падвёў дзяўчынку да стала. Доктар сядзеў на табурэце і бегаў вачыма па хатцы. На твары яго было шчырае здзіўленне, нават недавер. Відаць, раней яму і ў галаву не прыходзіла, што людзі ў такіх умовах могуць жыць цяперашнім часам.
— Доктар, у нас мала часу, — вярнуў яго ў рэальнасць Крушынскі.
Доктар схамянуўся:
— Так, так, і што ў нас?
«Пацыентка» моўчкі стаяла перад ім, сцягваючы на грудзях мужчынскую сарочку, якая знізу гармонікам спадала ёй на валёнкі. Крушынскі сам упершыню ўбачыў яе ва ўвесь рост. Не такая, яна, аказваецца, і малая — яму, высокаму, дастане да пляча.
— Дык як нас завуць? — Не дачакаўшыся адказу, доктар павярнуўся да Крушынскага. — Як яго імя?
— Гэта не ён, — буркнуў Крушынскі, — а яна. Завуць. э-э. Іра. Я вас не папярэдзіў, доктар. Яна не можа гаварыць.
Кашлатыя сівыя бровы ў доктара папаўзлі
ўверх.
— А як жа…
— Не, так яна ўсё разумее і чуе! Толькі трэба вымаўляць словы павольней.
— Ага.
Доктар расчыніў сакваяж, выклаў на стол навушнікі танометра, «грушу», слухавую трубку, металічны бліскучы малаточак.
— Распранайся да пояса.
Дзяўчынка кінула ўмольна-спалоханы позірк на Крушынскага.
— Рабі, што кажуць. Гэта ж доктар! Крушынскі дэманстратыўна адвярнуўся.
Прысеў перад цёплай яшчэ грубкаю. Пачаў збіраць да ладу яе ўчарашнія рэчы. Усё было ўжо сухое. Боцікі таксама высахлі ўсярэдзіне, толькі зверху пакарабаціліся, і загнуліся насы.
— Так, нос у парадку, — чулася Крушынскаму ад стала. — Язычок высалапім. Яшчэ. Дыхаць. Не дыхаць. Цяпер спіною. Выдатна! Сядзем на табурэтачку. Валёнак здымем, нага на нагу. Так.
Дзяўчынка войкнула, Крушынскі ўздрыгнуў, але не павярнуўся.
— Усё! Можаш апранацца і бегчы ў ложак. Доктар пачаў складаць у сакваяж інструменты.
Дзяўчынка забралася на тапчан і зноў закрылася коўдраю да барады. Крушынскі запытальна глядзеў на доктара.
— Выйдзем на двор, — прапанаваў той. Голас у яго быў такі, нібыта яму зараз адкрылася нейкая тайна.
На двары абодва яны закурылі. Падляцеў і пачаў ласціцца да ног Крушынскага Барс.
— А добра тут! — прамовіў доктар. — Ціха, чыста. Гэта мая даўняя мара — таксама жыць аднаму, на прыродзе… Але не магу — сям'я! Жонка хоць і памерла ўжо, але дачка ёсць, зяць, унук. Усім памагаць трэба. Дзеля іх і жыву.
— Што з дзяўчынкаю? — перапыніў гэтыя недарэчныя, нецікавыя яму аўтабіяграфічныя падрабязнасці Крушынскі.
— З дзяўчынкаю? А дазвольце пацікавіцца, хто яна вам?
Пытанне было нечаканае. Аднак Крушынскі справіўся.
— Вы што, з міліцыі? — рэзка сказаў ён. — Ці вы ўсё ж доктар? У нас з вамі якая была дамова? Ні аб чым лішнім не пытаць і нічому не здзіўляцца. За гэта я вам плачу. Зрэшты, магу і адказаць! Што тут такога? Гэта мая. пляменніца. Прыехала ў госці, пайшла адна ў лес, гуляць, ну, і заблудзілася, пасля прыхварэла крыху.