Шрифт:
— Прывітанне. Гэта я, — сказаў ён, калі слухаўку на тым канцы нарэшце паднялі.
— Хто я? — спытаў нічуць не зменены сябраў голас.
— Крушынскі. Мне тэрмінова трэба грошы. Сябар памаўчаў, падыхаў у трубку.
— Многа?
— Сама мала трыста даляраў.
— Так, трыста даляраў… У мяне няма, але… Дзе ты цяпер знаходзішся?
— Тут, у аднаго, — грэбліва зірнуў уніз Крушынскі. — У Чыжоўцы.
— На машыне?
— Так.
— Я ведаю, дзе дастаць. Пакуль пад'едзеш, усё будзе гатова.
— Дзякую.
Крушынскі кінуў на столік трубку і, ні на кога не гледзячы, ні з кім не развітваючыся, цяжка патэпаў да выхаду. Даўжнік з мокрай анучаю ў руцэ пабег следам.
У дзвярах Крушынскі спыніўся. Выцягнуў распіску, скамечыў і кінуў даўжніку пад ногі.
— На. За тое, што слядоў нарабіў. Паркет перасцелеш.
Прыпаўшы носам да экрана, даўжнік назіраў за Крушынскім да таго часу, пакуль не пад'ехаў ліфт і Крушынскі не знік у ім. Тады павярнуўся і толькі цяпер убачыў на лесвіцы жонку з сынам.
— А вы што тут не бачылі?! — гаркнуў, як бы помсцячы за тое прыніжэнне, якому яны былі сведкамі.
— Пакладзі яго спаць, і прынясі сухую анучу! Бадзяюцца тут валацугі розныя. Гэты паркет ведаеш колькі каштуе? Адна шашка столькі, колькі табе і за месяц не зарабіць!
Жонка заплакала. Даўжнік падняў распіску і, не чытаючы, хуценька разарваў яе на дробныя кавалачкі.
Раздзел VIII
Стары сябар. — Крушынскі дастае грошы. — Дзе знайсці доктара? — Сябрава забыўчывасць, якая неўзабавае ледзь не абрынецца на Крушынскага бядою.
Стась запытальна паглядзеў на Крушынскага.
— Трэба заехаць яшчэ ў адно месца, — абыякава прамовіў той, ямчэй усаджваючыся на пярэднім сядзенні.
— Так я і ведаў! Ды за каго вы мяне прымаеце! — ад абурэння Стась аж перайшоў на «вы».
Крушынскі моўчкі вылез з машыны. Перад тым, як ляпнуць за сабою дзверцамі, сказаў, чаканячы кожнае слова:
— З-за тваіх дурных выбрыкаў цяпер памірае чалавек. Трынаццацігадовая дзяўчынка.
І пайшоў, не азіраючыся, рукі ў кішэнях, па тратуары. На самым павароце, дзе вулічка выходзіла на бульвар, машына дагнала яго.
— Барыс! Ідзі сядай.
Голас у Стася быў зусім спакойны. Мабыць, на ўсё махнуў чалавек рукою, з усім прымірыўся. Будзь як будзе!
Усё гэтак жа моўчкі Крушынскі сеў у «масквіч».
— Куды цяпер?
— На Адоеўскага.
— Зразумела… Што, з гэтым нічога не атрымалася? — спагадліва запытаў Стась.
— Нічога. Гэта былы мой камандзір, — неахвотна патлумачыў Крушынскі. — Служылі разам у Афгане. Калі б хто тады сказаў, што ён ператворыцца ў такога. — не дагаварыў, адно рукою махнуў.
— Бываюць, — пагадзіўся Стась. — Дык што: так-такі зусім нічога не даў?
— Не ён мне, а я яму. Падараваў распіску на пяцьсот даляраў.
— Як… так?!
— Кінуў яму пад ногі. Стась толькі прысвіснуў:
— Бываюць жа людзі! — невядома каго маючы на ўвазе — Крушынскага з яго шчодрасцю, ці сквапнасць былога яго баявога камандзіра.
Па дарозе да вуліцы Адоеўскага Стась яшчэ спытаў:
— А гэтая хворая дзяўчынка дзе? Не ў Мінску?
— Не, не ў Мінску, — коратка адказаў Крушынскі.
Далей абодва маўчалі.
Дом на Адоеўскага аказаўся звычайнай маласямейкай. Не было тут, канечне, ні дамафонаў, ні відэафонаў; дзверы ў пад'езд ледзь целяпаліся на пакрыўленых, разбітых завесках. Затое ў «холе», у фанернай кабіне тырчэла абвязаная хусткай вахцёрка.
— Да каго?!
— Да сябра, — адказаў Крушынскі.
— Дакументы!
Замест адказу ён усунуў у вакенца «шпакоўні» сваю барадатую галаву. Паклаў далонь на расчынены журнал, закрыўшы ёю ледзьве не ўсю старонку.
— Я спяшаюся, — сказаў ён ціха, нават ветліва. — Да таго я ж я злы. Чапаць мяне не раю. Усё зразумела?
Яшчэ і як зразумела! Да паўсмерці зляканай бабцы засталося толькі вачыма правесці гэтага страшнага кашлатага грамілу. Добра яна ведала з уласнага вопыту, чаго ад такіх можна чакаць.
Ліфт, канечне, не працаваў. Крушынскі пехатою падняўся на сёмы паверх. Доўгім вузкім калідорам пайшоў у канец яго, да кутняга пакоя. Дзверы ў пакой былі насцеж.
Крушынскі не быў тут ужо гады два, але цяпер, калі зайшоў, падзівіўся, што абсалютна нічога тут не змянілася. У малюсенькім калідорчыку стаяў той самы старэнькі халадзільнік і вуркатаў, як перагруджаны трактар. У пакоі былі тыя самыя аблупленыя пажоўклыя шпалеры. У кутку была тая самая электраплітка на дзве фаеркі. [1] Як і два гады назад, так і цяпер на патэльні смажылася яечня; усё там сквырчэла і пырскі ляцелі на сцяну.
1
Камфоркі.