Шрифт:
— Усё, усё! Больш чым дастаткова. Пляменніца, дык пляменніца, — ахвотна згадзіўся доктар. — Дык вось, вашая пляменніца — абсалютна здаровая дзяўчынка. Як мы з вамі. Ці, лепш сказаць, як вы — я хоць і сам доктар, але здароўя даўно не маю, як той кравец, што застаўся без ботаў.
— Вы не памыляецеся? — усхвалявана перапытаў Крушынскі.
Яму раптам так радасна стала, што яна здаровая. Цяпер ён гатовы быў забыць, што доктар несімпатычны яму; Крушынскага адразу пачалі раздражняць гэтыя бегаючыя вочкі, гэтыя смяшкі, гэтае ўвесьчаснае паціранне рука аб руку.
Доктар перахапіў яго позірк.
— Мерзнуць, — патлумачыў, — пальчаткі забыў на стале. Дык вось: у яе невялічкія, зусім бяскрыўдныя хрыпы ў лёгкіх і зноў такі невялічкая прастуда — нават грыпу няма. Абмаражэння, пра якое вы кажаце, я не знайшоў і слядоў. Хіба што, відаць, праводзілася прафілактыка?
— Я расціраў яе крыху снегам.
— Ну і добра. Хоць гэта і не рэкамендуецца, але, як кажуць, не так важныя лекі — абы памаглі! Іншае… — доктар запнуўся.
— Што?
— Прабачце, я вымушаны гэта сказаць. Вы плаціце мне немалыя грошы і я хачу адпрацаваць іх шчыра. Не хацелася б умешвацца, і таму падобнае, але мне здаецца, у Іры — Іра, яе ж так завуць?
— Доктар, бліжэй да справы!
— Што ў яе звычайнае знясіленне. Яна кепска харчуецца. Ёй не хапае элементарных вітамінаў. Потым, не крыўдуйце, яна запушчаная. Ёй трэба проста ў лазню. А таксама каларыйная ежа, чыстая пасцель, святло, цяпло, свежае паветра — словам, хоць бы нейкі перыяд нармальнага жыцця.
Крушынскі думаў аб чымсьці сваім. Доктару падалося, што ён не чуе яго апошніх слоў.
— Ёй патрэбны нармальныя ўмовы жыцця, — паўтарыў ён гучней. — Такі мой дыягназ, ён жа адначасова і рэцэпт.
Гэта Крушынскі пачуў.
— Зразумела. Дзякую. Вы і праўда вельмі харошы доктар, як мне вас і рэкамендавалі.
— Ну, дык! — расплыўся той ва ўсмешцы. — Вы яшчэ не ведаеце, дзе я працаваў, якіх людзі прайшлі пра гэтыя вось рукі.
— Пачакайце. А што ў яе з голасам? Ад чаго ў яе гэта?
— А што ў яе з голасам? — вочы ў доктара смяяліся, рукі паціралі адна адну. — Гэта абсалютна нармальная, такая ж, як мы з вамі, дзяўчынка. Яна ўсё чуе, усё бачыць, усё разумее і выдатна можа гаварыць.
— Вы жартуеце?
— Малады чалавек, — тут доктар нават пакрыўдзіся, — я больш як трыццаць гадоў меў справу з арміяй, працаваў у розных ваенных шпіталях! Пятнаццаць гадоў запар быў галоўным прыёмных камісій у ваенкаматах! Таму паверце — сімулянта мне вылічыць тое самае, як вам раз плюнуць!
— Зразумела… Яшчэ раз дзякую, доктар, — Крушынскі палез у кішэню, выцягнуў пук скамечаных грошай, адлічыў дваццаць пяць даляраў. — Вось, як і дамаўляліся…
— Прыемна мець справу з такім, як вы!
Доктар грошы пералічыў, разгладзіў, склаў акуратна і схаваў беражліва ва ўнутраную кішэню старэнькага паліто.
— Можна пытанне? Да вас асабіста? — ён, нахіліўшы набок галаву, уважліва разглядаў Крушынскага.
— Канечне.
— Я не мог вас дзесьці бачыць? Паклясціся гатовы, што мы сустракаліся!
— Свет цесны. Магчыма.
— Вы ў Афганістане не служылі? Крушынскі ўздрыгнуў і ў сваю чаргу ўважліва пазірнуў на доктара.
— Не! — сказаў рашуча. — Я ўвогуле… не быў у арміі.
— Гм… Значыць, памыліўся. Дый то — колькі часу прайшло!
— Многа бывае падобных людзей.
— Гэта праўда…
— Нас чакаюць, — нагадаў Крушынскі. — Чалавек з машынаю.
У хатку ўвайшлі хутка і ўбачылі, што дзяўчынка стаіць каля вакна і прымярае доктаравы пальчаткі. Злоўленая "на месцы злачынства", яна густа пачырванела, сцягнула пальчаткі і асцярожна паклала на стол.
Доктар запіхнуў іх у кішэню:
— У «масквічы» цёпла, — ён узяў сакваяж.
У дзвярах павярнуўся і падміргнуў дзяўчынцы:
— Ну, шчасліва! Папраўляйся і не хварэй больш.
Крушынскі пайшоў правесці яго. Стась стаяў каля машыны, задуменна, па-філасофску сузіраючы наваколле. Мабыць, і яму падабалася тут. На твары яго напісана было, што ён удзячны свайму падазронаму барадатаму пасажыру, які нечакана аб'віўся раптам ранняй раніцаю ў тлумным горадзе, выбраў менавіта яго някідкі «масквічок», развеяў яго, Стасевую, падазронасць, ды яшчэ і выцягнуў яго у гэты прыгожы, ціхі, утульны куточак, даў магчымасць супакоіцца, падумаць, падыхаць свежым паветрам — хай сабе і ненадоўга.