Вход/Регистрация
Афганская шкатулка
вернуться

Федоренко Андрей

Шрифт:

Віка ціхенька прысела на другую табурэтку. «Допыт» пачаўся.

— Так, — строга сказаў Крушынскі. — На пытанні адказваць хутка і коратка. Па чарзе. Высокі, ты адказваеш першы. Усё зразумела? Тады паехалі! Як даўно вы тут ашываецеся? Колькі часу?

— Тыдзень, — буркнуў, галавы не падымаючы, Валік. — Нават больш.

— Каму расказвалі, каму хваліліся?

— Нікому! — усклікнулі хлопцы ў адзін голас.

— І пра яе ніхто, акрамя вас, не ведае?!

— Ніхто!

— Ніводзін чалавек больш! Крушынскі задумаўся.

— Калі не хлусіце, — змякчыўся ён голасам, — тады гэта мяняе справу. З падазроных вы аўтаматычна пераходзіце ў разрад проста сведкаў. Дазваляю сесці. Туды, на тапчан.

Цім з Валікам прымасціліся з краю, плячо да пляча. Віка з палёгкаю выдыхнула.

— Паселі, як вераб'і! — нават асмелілася пажартаваць яна.

— А ты памаўчы, — сказаў Крушынскі. — з табой яшчэ будзе размова. Асобная. І так, хлопцы! Давайце цяпер сур'ёзна. Я сёння, вось зараз, хачу паставіць на ўсім гэтам кропку. Мне надакучыла гэта. Пагадзіцеся, не дужа прыемна жыць пад увесьчасным наглядам. Ведаючы, што за табою сочаць. Што вам з мяне трэба? Што вас цікавіць? Абяцаю расказаць вам усё.

Віка слухала, затаіўшы дыханне. Нарэшце! Вось ён, даўно чаканы момант!

— Але ў мяне ёсць умова, — працягваў Крушынскі. — Вы павінны маўчаць і надалей. Таму што тайна, якую пачуеце, тычыцца не аднаго мяне. Гэта. дзяржаўная тайна. Згода?

Хлопцы пераглянуліся. Вочы ў іх гарэлі.

— Згода!

— Абяцаем, клянёмся!..

— Тады спачатку я хачу паслухаць вас. Дарэчы, заадно і пазнаёмімся.

Хлопцы не паспелі адкрыць раты, як іх апярэдзіла Віка:

— Гэта Цім, злева — Валік!

— Не паказвай на людзей пальцам, — заўважыў ёй Крушынскі. — Мяне можаце зваць дзядзька Барыс. Дык хто я такі, па-вашаму? Хто пачне?

Валік штурхнуў Ціма плячом. Той ветліва, у кулак, адкашляўся.

— Спачатку мы (зноў штуршок плячом)… ну, адзін я. думаў, што вы.

— Смялей, смялей! — падбадзёрваў Крушынскі.

— Што вы — злачынец… Што хаваецеся тут, у лесе, ад пераследу.

— Так, так, разумею. А потым?

— А потым, — цяпер Валік заспяшаўся гаварыць, — мы зразумелі, што тут нейкая тайна! Вы выконваеце важнае дзяржаўнае даручэнне!

— Словам, я — агент спецслужбаў?

— Так, — адказаў Валік.

Віка слухала разявіўшы рот. Вушам сваім не верыла. Дык вось яно што! Як яна адразу не здагадалася?!

— Можа, нават здагадваецеся, якое заданне я выконваю? — дапытваўся Крушынскі.

— Мы думаем…

— Смялей!

— Мы думаем, што вам даручана знайсці тут, у нашых ваколіцах, месца для ваеннай базы, — нерашуча сказаў Валік.

— Альбо месца для будаўніцтва шахт для запуску ядзерных ракет, — дадаў Цім.

Крушынскі аж сумеўся. Нейкі час вялікімі вачыма пазіраў на хлопчыкаў. Потым прамовіў:

— Значыць, і на нашым пакаленні гэтая мілітарысцкая брыдота не закончылася. Значыць, і вам — з такіх гадоў! — напаўняюць бедныя галовы тым жа самым. Скажыце мне, дзеля Бога! — ускінуўся ён раптам, — навошта нам, «маладой, мірнай» краіне Беларусь ізноў спатрэбіліся ракетныя шахты?! Ваенныя сакрэтныя базы?! З кім мы сабраліся ваяваць? Каму пагражаем кулачкамі?! Калі гэта ўсё скончыцца?!

Здзіўленыя гэтым нечаканым яго маналогам, дзеці маўчалі. Ды яны і не ведалі, што казаць.

Проста яны не разумелі дарослага Крушынскага.

Раздзел XVI

Крушынскі расказвае пра сябе. — Афганская вайна. — Новы герой — Васіль. — Шкатулка з палаца Аміна. — Чорны жэмчуг. — Хто пра што думае.

Ды Крушынскі і сам хутка астыў. Нібы спахапіўся, што трохі не ў той стэп яго нясе, што крыху не той кантынгент слухачоў у яго, таму і пытанні ягоныя не па адрасе.

— Забудзем пра гэта! Не, хлопцы, не, Віка! Не шукаю я тут месца для ваеннай базы. І не збіраюся будаваць ракетныя шахты. Аднак я здзіўлены. Вы амаль угадалі!

У гэты момант параўнаўся з вакном і заглянуў у яго зыркі сонечны промень. У леснічоўцы зрабілася светла.

Віцы, якая сядзела збоку ад Крушынскага і магла бачыць яго ў профіль, падалося, што ў вачах у таго блукаюць хітрынкі.

— Усё трохі прасцей… Я сапраўды выконваю тут спецзаданне. Магчыма, не менш важнае за вашы ваенныя базы. І з дакументамі ў мяне ўсё ў парадку. Віка можа пацвердзіць. Канечне, я не павінен быў бы расказваць вам гэта! Але раз вы даказалі, што ўмееце трымаць язык за зубамі, і раз ужо я абяцаўся — так і быць, раскажу. Што вы ведаеце пра Афганскую вайну? — спытаў ён раптам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: