Шрифт:
— А можна… матацыкл? Хоць бы «Мінск»! — дадаў ён паспешліва і чамусьці вінавата.
— Матацыкл? А колькі табе гадоў?
— Трынаццаць…
— Дык як жа ты «на правы» здасі?
— А ён бы стаяў у мяне ў гаражы, чакаў, пакуль вырасту!
— Будзе табе матацыкл, — урачыста паабяцаў Крушынскі.
На тым і развіталіся. Быў прызначаны дзень, калі хлопцы могуць наведвацца ў леснічоўку — серада, і час — толькі раніцаю. І, само сабою, каб ні адна жывая душа не даведалася!
Калі хлопцы пайшлі, Крушынскі не хаваў радасці.
— Ну, цяпер, спадзяюся, можна жыць спакойна, — сказаў ён.
Але Віка была панурая.
Раздзел XVIII
Прывабнасць тайны. — Цімава прага дзейнасці. — Помнік. — Два «афганцы». — Паход да Міколы Танкіста. — Валікаў сакрэт.
І так, цяпер усё стала на свае месцы. Усё было зразумела: хто такі «барадач», чаго ён тут ашываецца, што за «нявольніка», ці лепш сказаць, «нявольніцу» трымае ў сваёй леснічоўцы. Усё было проста, нават будзённа. Але вось жа дзіва! Рэальнасць і будзёнасць гэтыя аказаліся нашмат цікавейшымі за ўсе фантазіі!
Пасля знаёмства з Вікаю і з Крушынскім жыццё нашых хлопцаў набыло зусім іншы сэнс. Бо адна справа — проста жыць, як і ўсе навокал. Есці, піць, спаць, тэлевізар глядзець, урокі вучыць. У хакей гуляць, на лыжах па лесе гойсаць.
І зусім іншая — ведаць тое, чаго ніхто больш не ведае! Жыць з адчуваннем тайны. Насіць яе ў сабе. Ды яшчэ якой тайны! Дзяржаўнай, з каштоўнасцямі звязанай… Ужо адно ведаць пра гэта — амаль тое самае, што шукаць скарб, нават яшчэ цікавей!
А на двары нарэшце ўсталявалася сапраўдная зіма. Са сваімі снягамі, траскучымі маразамі, ранішнім інеем на дрэвах і вечаровымі зоркамі на небе. Вось-вось будзе любімае свята — Новы год. Школьная елка. Зімовыя канікулы. Таму няпраўдаю будзе сказаць, што Цім з Валікам так ужо «зацыкліліся» на пошуках шкатулкі з каштоўнасцямі, каб не заўважыць і не цаніць іншых радасцяў жыцця.
І ўсё ж! Недзе на трэці дзень пасля выпадку ў леснічоўцы Цім падзяліўся з сябрам сумненнямі:
— А што, калі ён проста маніў нам? Каб перасталі за ім сачыць? Потым — гэтая Віка. Чаму яна да яго ні з таго ні з сяго прыехала?
— Ну, чаму… — няпэўна адказаў Валік. — Не ведаю! Сама яна не гаворыць, а распытваць няёмка. Зрэшты, а чаго ты яшчэ хацеў? Мы і так даведаліся больш, чым трэба. І пра барадача, і пра яго «закладніка». Больш мы проста нічога не можам!
— У тым і справа…
Няўрымліваму Ціму прагнулася дзейнічаць. А прастору для дзейнасці было якраз і няшмат. Склаўшы рукі, сядзець і чакаць, пакуль аб'явіцца ўласнай персонаю Васіль? Добра. Але нават такое пасіўнае чаканне не магло быць да канца апраўдана. Ну, дапусцім, прыедзе Васіль. І што — ён будзе гуляць па ўсім сяле, галаву задраўшы? У ва ўсіх на вачах?
Хлопцам заставалася толькі паспрабаваць вызначыць тыя вельмі нямногія шляхі, якія хоць неяк, хоць ускосна, але перасякаюцца з «афганскай» гісторыяй. Можа, і намацаецца якаясь танюткая нітачка? Пацягнуўшы за якую, можна будзе паспрабаваць разблытаць увесь клубок.
Першай зачэпкай тут быў помнік загінуўшаму «афганцу». Другой — два жывыя аднасяльчаніны, што некалі ў Афганістане служылі.
— З помніка і пачнем, — вырашыў Цім.
Пайшлі на могілкі.
Цяпер, зімою, апошні прытулак «афганца» ўяўляў сабою белы сумёт. Нават агароджа па самы верх была замецена. Са снегу вытыркаўся адно помнік. На ім быў барэльеф салдата, які адной рукой абапіраецца на АКМ, а другой цягнецца да. валошкі. Барэльеф крыху нагадваў манумент «Смага», што ў Брэсцкай крэпасці. Толькі там салдат імкнецца да вады.
Нічога не прынёс агляд помніка. Пастаялі каля яго хлопцы. Паспрачаліся яшчэ: а ці бываюць у Афганістане беларускія валошкі? Сышліся на тым, што нават калі і няма, то гэта — даволі прыгожы сімвал. Вобраз чалавека, які цягнецца, як сасмяглы да вады, да сіняй кветкі далёкай Радзімы…
Затым сябры паўдня правялі ў сельскай бібліятэцы. Вывучалі кнігу свайго раёна, якая называлася «Памяць». Кніга была таўсценная і цяжкая.
Асабліва зацікавілі нашых хлопцаў тры раздзелы. Першы, пад назваю «Героі і ахвяры», пачынаўся такімі дубовымі словамі: «Па рашэнню ЦК КПСС і Савецкага ўрада ў канцы 1979 г. на тэрыторыю Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан былі ўведзены савецкія войскі. Гісторыя дасць канчатковую ацэнку афганскай вайне, але, якой бы ні была гэтая ацэнка, ніколі не забудуцца гераічныя подзвігі нашых воінаў у далёкай краіне».
Другі раздзел называўся — «Не вярнуліся з Афганістана». Восем чалавек з раёна загінулі; у раздзеле прыводзіліся іхнія біяграфіі, вытрымкі з пісем і фотаздымкі.
І трэці, самы кароткі — «Тут шануюць іх памяць». Канчаўся гэты раздзельчык вершам. Да таго ён лёг хлопцам на душу, што Цім папрасіў у бібліятэкаркі ручку і паперу і акуратна перапісаў яго, каб вывучыць потым напамяць.
З краіны афганскай вярнуліся ў цынку — Не суджаны быў ім шчаслівы працяг. Сівее матуля няўцешная: «Сынку!..» І бацьку пячэ невыносна ў грудзях… Хай слёзы твае нам сумленне апаляць, Бо ці ж перад імі няма ў нас віны? Няхай зберажэ наша горкая памяць Абраннікаў гэтай нянашай вайны. [3]3
З верша Міколы Кусянкова "Рэквіем".