Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Янка рвануўся, стараючыся падняцца.

— Сядзі, сядзі, мой хлопчык. — Да Янкавай галавы дакранулася шурпатая далонь.

Чый голас? Здаецца, бацькаў.

— Яначка…

Але, бацькаў. Выходзіць, дачакаліся збавення. А не верылася.

— Татка… — прамовіў Мацей.

— Ш-ш-ш… — шыкнуў бацька. — Цішэй.

— Ты адзін? — прашаптаў Янка.

— Са мною і Ясь, і ўсе нашы воі.

Бацька ціхенька свіснуў. З-за дрэў адна за адной сталі выбягаць цёмныя постаці. Міналі іх, спяшаліся туды, дзе крыжакі.

— Дзеці! Дзеці мае! — не тоячыся, прагаварыў бацька.

— Рукі баляць, — пажаліўся Мацей.

— Зараз. Зараз развяжу. Бацька ўкленчыў каля іх.

— Татка, чаму ў цябе рукі дрыжаць? — запытаў Мацей.

— Усё. Канец крыжакам, — пачуўся Ясеў голас.

Цёмная ноч ахутвала лес. Дзесьці выў адзінокі воўк.

Цётка з барадой

Мінуў час. Плячо, якое параніў Янку дзідай крыжак, загаілася. «На табе што на сабаку зажывае», — пасмяяўся з яго Мацей. Жыццё, як кажуць, ішло сваім парадкам.

Аднаго разу Мацей, Янка і Алеся сабраліся на Каўпаку, на гары, якая адразу за вёскай. Праўда, не там, дзе рэчка, а з другога боку.

Каля Каўпака зелянее балота. Яно называецца Камарова. Чаму так? Магчыма, таму, што камароў процьма. На гэтым балоце звычайна пасвяць кароў. Што ж, вёска абшчынаю жыве, і балота абшчыннае. Сама іхняя вёска складаецца з «дымоў», ці інакш, двароў, а таксама з дворышчаў. Па пяць — дзесяць сем'яў, звязаных сваяцтвам, уваходзіць у адно дворышча. Бывае, што ў дворышчы жывуць, як іх называюць, і «прышлыя» людзі. Яны з іншых краёў прыйшлі і звычайна селяцца ў асобных дварах, але сохі, косы, іншы інвентар ва ўсіх агульныя, бо і гаспадарку сумесна вядуць, і прадукты размяркоўваюць пароўну. Усе дворышчы, уся вёска складае адну абшчыну. І лес, і вада, і частка ворнай зямлі абшчынныя, сумесныя. З даўніх дзён так павялося. Вось і гэтае балота каля Каўпака абшчыннае. Ёсць яшчэ адно абшчыннае балота, дзе кароў пасвяць. Яно каля Шчары, там, дзе брод. Яго называюць Плытніцай. «Чаму Плытніцай?» — аднаго разу пацікавіўся Янка ў бацькі. Бацька паглядзеў на яго: «Сам не здагадаешся? Сказаць?» Ён усклікнуў, бо здагадаўся: «Не трэба. Там плытка. Там брод». «А чаму вёска Парэччам называецца?» — запытаў. «Некаторыя кажуць: таму, што каля рэчкі стаіць. Іншыя з імі не пагаджаюцца: каля нашай вёскі шмат парэчак», — прагаварыў бацька.

І праўда, шмат. І за рэчкаю, і каля вёскі, на балоце. Цяжка туды дабрацца. Але калі залезеш, то і сам ад пуза наясіся, і дамоў прынясеш.

Побач з іхняй вёскай яшчэ адна вёска — Васілевічы. Цікава глядзець на яе з Каўпака. Хаткі па грудках паразбягаліся, людзі соваюцца, на коніках пхнуцца. Многае ўбачыш з Каўпака, нават тую дарогу, якая праз Васілевічы вядзе ў Слонім. І гавары колькі хочаш, пра што хочаш. Ціха, ніхто не тузае, не кліча. Вось як сёння.

— Наш Алекса каторы дзень не ўстае, — першай распачала гаворку Алеся. — Мама яго з лыжкі корміць.

Слухаюць Янка і Мацей, затаіўшы дыханне, хоць і ведаюць, што Алекса не ўстае, што з лыжкі кормяць, бо так па ўсёй вёсцы гавораць. Ды ўсё роўна цікава.

— Мама казала, што яна яго хутка паставіць на ногі. Мядзведжым тлушчам вылечыць.

— Не памрэ Алекса? — запытаў Мацей.

— Будзе жыць. Яму трэба адляжацца. А ці ведаеце вы, што трэба зрабіць, калі ўвойдзеш у хату, дзе ляжыць памерлы чалавек, які займаўся чарадзействам?

— Што? — наставіў вушы Мацей.

— Трэба ўкленчыць і прашаптаць: «Хай цябе чэрці схопяць».

— Няўжо? — здзівіўся Мацей.

— А як ты думаў,— прамовіў Янка.

І яму рупіць сваё слоўца ўставіць. Шмат наслухаўся пра злых чарадзеяў, ведзьмакоў, варажбітак. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі хлопцы і дзяўчаты расказваюць, сабраўшыся ў чыёй-небудзь хаце, ён, прытуліўшыся дзе-небудзь у куточку, слухае, наставіўшы вушы. Пасля з хаты боязна высунуцца. Здаецца, толькі ступіш за парог, а цябе вядзьмак за руку цап і да сябе пацягне. Прыходзіцца чакаць, пакуль хто-небудзь з хлопцаў ці дзяўчат дамоў не пойдзе. Месіш снег разам. А потым у сваю хату як мага, праз цёмныя сені стралою. Так, замірае душа, калі слухаеш, але і цікава, зманліва.

— Яначка, раскажы што-небудзь, — папрасіў Мацей.

— Гэта было ў Васілевічах, — знарок няспешна пачаў Янка. Так дарослыя пачынаюць. Не на ўвесь рот гавары, а толькі ў палавінку.

— Няўжо ў Васілевічах? — сцепануўся Мацей.

— Можа, не расказваць? — зірнуў на яго Янка. — Раскажу, а пасля цэлую ноч вачэй не заплюшчыш.

Мацей замахаў рукамі.

— Яначка, заплюшчу. Раскажы.

— Гэта было ў Васілевічах, — зноў пачаў ён. — Адзін злы вядзьмак ніяк не мог памерці. Ох і мучыўся! Зубамі так скрыгатаў, што куры паразбягаліся.

— Вой! — войкнула Алеся.

— О-о! — окнуў Мацей.

Янка неўпрыкметкі зірнуў на іх. Сцяліся ў камячкі, нібыта верабейкі.

— Яшчэ як мучыўся. Валасы на сабе рваў.

Янка перапыняе аповед. Словы, здаецца, знаёмыя, не раз чутыя, а мурашкі па целе прабягаюць. Бывае ж такое: сам на сябе страх наганяеш. Ды хіба спынішся, калі пачаў?

— Валасы на сабе рваў,— паўтарыў Янка. Мацей і Алеся глядзяць, раты параскрывалі.

— Тады ведзьмакоў сын узяў асінавыя клінкі, забіў у шчыліну між дошкамі ў столі і адну дошку адарваў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: