Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Слонім

Слонім… Колы заскакалі па тонкіх бярвеннях, па плахах, якімі слонімцы вымасцілі вуліцу. Паабапал вуліцы стаяць хаты, рубленыя з дрэва «ў абло». Стрэхі саламяныя, вокны, як і ў іхняй вёсцы, маленькія. На вялікіх падворках, за хатамі — свірны, клуні, пуні. Высока ўгору, нібы драўляныя рукі, цягнуцца асверы студняў. Каля кожнай хаты дагледжаны агарод.

— Стрэхі, як і ў нас, саламяныя, — здзівіўся Мацей.

— А вунь драўляная, — усклікнула Алеся.

— Гэта цясовы дах, — сказаў Ясь і пачаў тлумачыць: — У хатах пад цясовымі дахамі жывуць багатыры-гандляры…

«Што ж гэта? Горад адзін, а жывуць па-рознаму, — думаў Янка. — Яны, відаць, адзін з адным не падзеляцца. Не. У вёсцы лепей. У вёсцы ў бядзе не пакінуць».

— Ясь, дзе князь жыве? — пацікавілася Алеся.

— Хутка ўбачыце.

— А як зваць князя?

— Манівід.

Янка ўсміхнуўся. Дзіўнае імя. І чаму такое сабе абраў? Напэўна, каб ад іншых адрознівацца, як і багатыры-гандляры. Нездарма хаты пад дранковымі дахамі.

Янка глядзеў на ўсе вочы. Па вуліцы адзін за адным цягнуліся вазы, спяшаліся коннікі.

А ў вёсцы ў будні дзень на вуліцы пуста. Толькі куры каля прызбаў грэюцца. Хто ў полі, хто на балоце, хто ў лесе. А тут так людна! Няўжо людзі ў горадзе без работы?

— У горадзе па-свойму работа ідзе, — сказаў Ясь. — Вось мы едзем, жыта князю вязём. Хіба гэта не работа?

За вуліцай, за хатамі, цякла, выгіналася Шчара. Янка заўважыў на беразе перавернутыя, чорныя ад смалы чаўны, рыбацкія сеткі, расцягнутыя на шастах, убітых у зямлю.

«Тут і рыбакі жывуць, — здагадаўся Янка. — Пэўна, ноччу рыбу лавілі. Вунь сеткі сушацца. Нялёгкая іхняя работа. А думалася, што ў горадзе ўсе адпачываюць».

Так, трэба прыглядвацца. Трэба. Вунь нейкі чалавек у вадзе стаіць, да каленяў падкасаўся, штосьці палошча.

— Ясь, вунь той чалавек, што каля чоўна, палатно палошча?

— Гэта гарбар.

Гарбар… Новае слова. Аніразу такога не чуў. Вось і Алеся засмяялася:

— Гарбар — гэта той, у якога горб?

— Гарбар вырабляе скуры, а з вырабленых скур шыюць боты, чаравікі. Гарбар можа скуры так вырабіць, што белымі-белымі становяцца. Іх прадае гандляр-беласкурнік.

— Хто такі беласкурнік? — не зразумела Алеся.

— Гандляр адбеленымі скурамі. А той чалавек гарбар. Сырыя, яшчэ не вырабленыя скуры ён у рацэ вымочвае. Ад такой работы сапраўды можа горб вырасці,— нявесела закончыў Ясь.

Цяпер Янка крыху зразумеў, якая яна, гарадская работа. Рыбакі ловяць рыбу, гарбары вырабляюць скуры, са скураў шаўцы шыюць боты, чаравікі, а гандляры прадаюць. У кожнага свая работа. А ў вёсцы чалавек усё ўмее рабіць: і касіць, і араць, і сеяць. Не. Горад зусім на вёску непадобны.

— Козы і каровы на выгане! — усклікнула Алеся.

Сапраўды, ходзяць па выгане. Побач стаіць пастух з доўгім бізуном у руках. Выходзіць, і пастухі ёсць у горадзе. Незвычайны гэты горад.

Чым болей Янка глядзеў, углядваўся, тым болей разумеў. І нешта цёплае нараджалася ў душы. Любоў? Замілаванасць? Не. Ён любіў сваю вёску. Любіў, што матулю. Дык што ж нараджалася ў душы? Відаць, павага. Ён паважаў горад так, як паважаюць старэйшага.

— Тую будыніну бачыце? — тыцнуў рукою Ясь, паказваючы на высокі будынак, які стаяў на беразе.

— Што гэта? Княскі палац? — усклікнуў Мацей.

Ясь аж прысеў, смеючыся.

— Ха-ха-ха… Палац… Княскі… Ха-ха-ха…

— Не смейся, а скажы. Смяяцца і я ўмею, — пакрыўдзіўся Мацей.

— Гэта вясняк. Так называецца млын, які працуе толькі вясной, калі прыбывае вада.

Яшчэ адно слова Янка запомніў. Вясняк… Прыгожа гучыць. Відаць, не ў адну столку трэба розуму мець, каб так прыдумаць.

— А там вунь хто ідзе? Гандляр-багатыр? — перапыніў разважанні Мацей.

Янка глянуў уперад. Насустрач сунуўся тоўсты мужчына. На нагах чырвоныя боты, на галаве лісіная шапка з зялёным верхам. Стракаты, нібы певень.

— Адгадаў,— сказаў Ясь. — Стань свінаватым, то будзеш багатым.

Янка глядзеў і дзівіўся. Вось які ён, гандляр-багатыр! Напэўна, някепска яму жывецца. Напэўна, штодзень есць хлеб. Нездарма ўвесь нібы цестам аблеплены. Але ж на каня яму цяжка ўзлезці.

Абагнаўшы воз, праскакалі некалькі вояў. Гарачыя коні, што лебедзі, выгнулі шыі. Коннікі ў сёдлах сядзяць, бы ўлітыя. Па баках не азіраюцца.

— Княскія дружыннікі,— шапнуў Ясь.

— Вунь каля хаты смалу вараць! — нечакана крыкнуў Мацей.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: