Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Адыдзіцеся, збавіцелі. Дайце мне з ім пагаварыць. Ну, — звярнуўся Ясь да Мацея. — Цябе таксама цётка з барадой даганяла?

— Угу. Я спярша адстаў, бо за корч зачапіўся. Пасля падняўся. Бег, бег… У мяне сэрца калацілася, калацілася… Болей не мог. Забег за кусты і зваліўся. Упаў, ляжу, а вочы заплюшчваюцца, зямля плыве… Мяне сон-трава змарыла.

— Заснуў, адным словам, — сказаў Ясь.

— Сон-трава змарыла.

— І ваўчыцу забілі?

— Янка забіў.

— А ты не?

— Я гусака забіў.

— Забілі і ваўчыцу, і гусака… Прызналіся б, што гусака ліса ўкрала, не дагледзелі.

— Я праўду кажу… Ясь павярнуўся да Янкі.

— Дзе ваша ваўчыца ляжыць?

— Вунь там, — тыцнуў рукою Янка. — Дзе тры яліны стаяць, адна сухая. Паказаць?

— Сам знайду. Шкуру зніму. Хм, — хмыкнуў Ясь. — Шкуру…

— А нам куды?

— Цяпер дамоў. А заўтра… Заўтра ў Слонім еду, вас хачу ўзяць. Гойсаеце па лясах…

— І мяне возьмеш? — усклікнула Алеся.

— І цябе. Толькі дома пакуль нічога не кажыце. Сам скажу. Хто язык доўгі мае, таму дрэнна бывае, — прамовіў Ясь і, павярнуўшыся, пачыкільгаў па сцяжынцы.

— Ці пусціць нас татка ў Слонім? — прагаварыў Мацей.

Па дарозе ў Слонім

Усё-ткі пусціў бацька ў Слонім. І што самае дзіўнае? Пра гусака нават не ўспомніў. Праўда, маці крыху пабедавала: «Такога гусака ліса ўкрала!» Бацька на гэта сказаў: «У васілевіцкіх праз дзень прападаюць. Трэба пільнаваць».

— Давай папросім бацьку, каб да Яся пусціў. Відаць, прынёс шкуру. Падзівімся, — сказаў Мацей.

— Не трэба. Заўтра Ясь сам пра ўсё раскажа, — запярэчыў Янка.

— Пра што вы? — запытала маці.

— Проста так, — не прызнаўся Мацей.

— Вы ў горадзе не хадзіце рот раскрыўшы, — папярэдзіў бацька.

— Чаму? — пацікавіўся Мацей.

У бацькі вус прыўзняўся ўгору. Заўсёды так, калі смяшынку стараецца схаваць.

— Аглобля ў рот трапіць.

— Пацяшаешся, — надзьмуўся Мацей.

— Там вазоў не раўня як у нас. І народу многа, — ужо лагодней сказаў бацька.

— Многа — гэта колькі? — запытаў Янка.

Многа, так ён разумеў, калі ўсёй вёскай збяруцца, як нядаўна, калі талакой брод масцілі. Альбо калі на лузе разам косяць. Касцы доўгім-доўгім шнурам ідуць. І ў час жніва многа. Ну, а найбольш на Купалле, калі водзяць карагоды, калі агні па Шчары пускаюць. Аднаго разу бацька яго на Каўпак завёў, тыя агні з вышыні паказаў: «Бачыш, сынок?» — «Бачу», — сказаў ён. «Што бачыш?» — запытаў бацька. «Агні па Шчары плывуць. Ад вёскі да вёскі», — адказаў. «Што ні агеньчык, то чалавек. Глядзі, сынок. Адзін каля аднаго агеньчыкі. Так і ў бой ідзём, локаць у локаць. У гэтым наша сіла», — сказаў бацька.

Янка чакаў, што і цяпер бацька нешта падобнае скажа. А ён толькі прамовіў:

— Пабачыце. Пацярпіце трошкі.

Гэта для яго трошкі. А для іх вечар надоўга расцягнуўся. А ноч… Ноччу Янка раз-пораз усхопліваўся. Усё здавалася, што світае. Нарэшце бацька не сцярпеў: «Спі, бо заўтра не дабуджуся».

— Яначка, уставай, — завуркатаў зранку бацька ў самае вуха. — У Слонім паедзеш?

Ускочыў Янка і ў сенцы. Выглянуў на двор. Няма Яся. Засмуціўся: «Адзін паехаў. Абмануў».

— Чаго нос павесіў? — заўважыў бацька.

— Не трэба абяцаць, — у адчаі прагаварыў Янка.

— Не ўсё адразу робіцца. Хутка прыедзе ваш Ясь.

У Янкі быццам месяц над галавою заззяў.

— Паедзем?

— Збірайся. Прытарахціць.

Нарэшце дачакаліся Яську. Як сказаў бацька, прытарахцеў Ясь. Ён сядзеў на возе, нагружаным мяшкамі з жытам. Поруч — Алеся.

Бацька яшчэ ўчора сказаў Янку, што Ясь павязе князю жыта. Не першы раз мужчыны вазілі ў горад. Што ж, аброк. Калі жытам, пшаніцай, аўсом, сенам, то чамусьці называюць «дзяклом». Калі даюць подаці мясам і яйкамі, то — «мезлевам». Будуюць масты, дарогі, крэпасці, адбываюць падводную павіннасць. Ведаў пра гэта Янка, але сёння — не, не — прабягала ў галаве: «Аброк вязуць, а ў вёсцы голад. Чаму?»

— Сядайце, — запрасіў Ясь.

Янка і Мацей залезлі на воз, уселіся. Ясь гукнуў:

— Но-о!

— Ясь, чаму жыта князю вязеш? Хіба ў нас яно лішняе? — не стрываў Янка.

— Хочаш не хочаш, а князева аддай.

Кажа, што князева. Чаму князева? Хіба князь сеяў, жаў, малаціў?

— Ясь, і князю не хапае хлеба?

Горкая ўсмешка прабегла па Ясевых вуснах.

— У князя сталы ад ядзення-піцення ломяцца.

Сталы ад ядзення-піцення ломяцца, а апошняе забірае. Мабыць, не ведае, што ў іхняй вёсцы голад.

— Расказаў бы князю, як нам жывецца.

— Стане ён цябе слухаць. Шукай праўду ў людзей, — прамовіў Ясь.

Выходзіць, не стане. Аддавай — і ўсё. Здаецца, свой, а нейкі нялюдскі.

— Чаму ты ідзеш у яго войска? Чаму служыш яму? Ён жа слухаць нас не хоча.

— Я не яму служу. Я сваю зямлю ад ворагаў абараняю. — Ясь узняў пугу, махнуў.— Бачыш, якая яна, зямля наша? Хіба можна яе каму-небудзь аддаць?

Янку стала так сорамна, што хоць з воза злазь ды дамоў уцякай. Праўду сказаў Ясь. Зямлю ён абараняе. Не абараняў бы — крыжакі гаспадарамі па гэтай дарозе раскатвалі б. І каля крыніцы яны сядзелі б, нікога не падпусцілі да яе, і на Шчары рыбу лавілі б.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: