Вход/Регистрация
Чарадзейныя яблыкі
вернуться

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

Князь пажадаў паглядзець работу механізмаў. Панначцы давялося пайсці з ім у будынак.

Гэта быў новы княжацкі млын, які абяцаў гаспадару значны барыш. Панну Марыю здзівілі памеры жорнаў і галоўнага вала. Ёй паказалася, што круціцца вялізная печ. Вось вала круцілася, прыводзячы ў рух шківы. Механізмы стваралі ілюзію, як быццам запусцілі гіганцкі вежавы гадзіннік. Здавалася, што вось-вось зайграе музыка і раздасца бой…

Затым млынар павёў прыезджых да плаціны. Міжволі ўсе затрымаліся каля вадаспада. Рух вады, шум, туман ад дробных пырскаў уражвалі панну Марыю значна больш, чым расказ млынара. Вада, якая прабягала да кола і прыводзіла яго ў рух, раптам убачылася ёй шматлікім натоўпам. Людзі штурхалі кола жыцця. Панна Марыя хацела бачыць сябе ў гэтай усеагульнай стараннасці. Ёй хацелася знайсці ў ёй сваё месца…

Яна так задумалася, што не заўважыла, як зноў апынулася ў карэце. Шум вады змяніўся на знаёмы тупат капытоў. Князь і ўсе тыя, хто суправаджаў яго ў гэтай паездцы, зноў былі побач. Экіпаж нёсся далей.

Князь час ад часу паглядваў на пляменніцу. Ён маўчаў, аднак па выразу твара адчувалася, што ён думае пра яе. Яго гонар казытала думка аб тым, што з сягонняшняга дня ў горадзе толькі і будуць гаварыць, што пра яго цудоўную пляменніцу… Не ўтрымаўшыся, ён раптам узяў яе руку і пацалаваў.

Панна Марыя здзіўлена глянула на яго. Яна хацела спытаць, што з ім, але ў тую ж самую хвіліну яе ўвагу прыцягнуў стук у пярэдняе акенца. Гэта прыказчык падміргнуў ёй і зрабіў вясёлую грымасу. Панна Марыя адкінулася на спінку сядзення, ціхенька засмяялася: «Гэтыя добрыя людзі любяць мяне і жадаюць мне дабра». Яе вочы заблішчэлі ад радасці. Яна адчула сябе шчасліваю.

VI

У гэты ж дзень, увечары, панна Марыя адправілася ў замкавую бібліятэку.

Учора, у час першай сустрэчы, пан Кржыш выглядаў сціплым і тактоўным чалавекам. Ёй захацелася бліжэй пазнаёміцца з ім. Да таго ж ёй вельмі хацелася падзяліцца сваімі ўражаннямі пра ранішнюю паездку.

Яна ўвайшла ў залу картатэкі.

Бібліятэкар, стоячы за канторкай, нешта пісаў. Яго круглыя, у металічнай аправе акуляры з'ехалі на кончык носа. Пачуўшы шорах сукенкі, ён узняў галаву.

Панначка ўсміхнулася яму:

— Вечар добры, пан Кржыш. Прашу прабачыць за тое, што перашкодзіла вам працаваць.

Пан Кржыш паправіў акуляры, адклаў убок пяро і выйшаў з-за канторкі.

— Вечар добры, яснавяльможная панна. Калі ласка, праходзьце. Мае справы няспешныя, іх заўсёды можна адкласці.

Калі б панна Марыя была больш праніклівай, яна прачытала б у вачах бібліятэкара не толькі збянтэжанасць. Гадоў трыццаці, пан Кржыш наўрад ці прызнаўся б нават самому сабе ў тым, што ён адчуў, убачыўшы ўчора панну Марыю. Між іншым, тая сустрэча, здавалася, усё перавярнула ў ім…

У свой час, шукаючы сакратара, князь Станіслаў нездарма звярнуў увагу на гэтага чалавека. Яму спадабалася яго ўменне слухаць. Сапраўды, гэта быў дар пана Кржыша. І гэта прыцягвала да яго. Як гаспадары, так і прыслуга міжволі шукалі ў бібліятэкара падтрымкі. І яны знаходзілі яе. Пан Кржыш валодаў здольнасцю супакойваць: ён захоўваў у сабе талент духоўніка. У гэтую сферу неверагоднага яго абаяння трапіла і панна Марыя.

Пан Кржыш паказаў на крэсла каля акна:

— Прашу вас, панна Марыя.

Ён пачакаў, пакуль яна сядзе. Потым сеў сам. Яго маўчанне прымусіла госцю пачаць размову першай.

— Мне захацелася бліжэй пазнаёміцца з вамі,— шчыра прызналася яна. — А яшчэ я хачу паглядзець бібліятэку. Пасяліўшыся ў замку, трэба ведаць усе яго аксесуары.

Яна змоўкла, чакаючы, што адкажа ёй пан Кржыш. Але ён маўчаў. Панначка, якая прывыкла да таго, што ў яе акружэнні мужчыны, як правіла, балбатлівыя, здзівілася яго маўчанню. І таму яна ўвесь час імкнулася завязаць з ім размову.

— Я тут мала з кім знаёма. А іншы раз так хочацца пагаварыць. Зразумейце мяне.

Шчырасць, якая прагучала ў яе голасе, прыемна ўразіла пана Кржыша. Ён нават пачырванеў. У ім прачнулася пяшчота да госці. Меланхолік, маўчун, педант, ён адчуў жаданне гаварыць, жартаваць, смяяцца. Яму ўжо здалося, што раней ён не сустракаў істоты больш чароўнай і мілай. Такая ўжо была яго натура: пан Кржыш быў страшэнна ўлюблівы. Ён мог закахацца, не выходзячы за сцены замка, калі толькі бачыў сімпатычны тварык з вакон сваёй бібліятэкі; ён мог закахацца на вуліцы, калі бываў у горадзе. Канечне, пачуцці гэтыя былі платанічныя. Аднак ён ніколі і нікому не прызнаваўся ў каханні. Ён быў да дзівацтва нясмелы. Князь з задавальненнем пагадзіўся б стаць яго сватам і нават шчодра адарыў бы яго. Але маўчун так ні разу і не завёў з ім размовы на гэтую тэму. Таму ў замку над ім пасмейваліся. Людзі не разумелі, што ўся справа — у асаблівым, чулым і ранімым характары гэтага чалавека.

Упершыню парушыўшы свае «прынцыпы», пан Кржыш сказаў у гэты вечар больш, чым дазваляў сабе звычайна. Хвалюючыся, ён вымавіў:

— Я бачыў вас сягоння раніцаю. Вы садзіліся ў экіпаж.

І адразу ж фраза гэта здалася яму верхам нетактоўнасці. Калі б дзівак ведаў, што менавіта сардэчнасць панначкі і прымушае яго адкрываць рот, ён паводзіў бы сябе куды больш натуральна.

— О, гэта была цудоўная прагулка! — ахвотна прызналася панна Марыя. — Уявіце сабе, мы бачылі цыган. Яны спявалі і скакалі. З імі быў сапраўдны мядзведзь. І ён таксама скакаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: