Татаринов Юрий Аркадьевич
Шрифт:
З некаторага часу яе любімым заняткам стала сядзець каля акна. Яе забаўляла назіранне за княжацкай флатыліяй. Калі на вуліцы быў вецер, караблі з паднятымі ветразямі трымаліся пасярэдзіне возера. Маленькія чалавечкі мітусіліся на палубах, карабкаліся па рэях, падавалі флажкамі сігналы. У іх мурашынай мітусні бачыліся сэнс, значэнне і страсць. Панначка міжволі зайздросціла ім.
Вячэрняю парой, калі спадала спёка, князь Станіслаў прапаноўваў ёй пакатацца. У такі час яны адпраўляліся ў адкрытай пралётцы ў Летні парк. Дарожка праходзіла па беразе возера. З блізкай адлегласці судны ўжо не здаваліся панне Марыі такімі фантастычна прыцягальнымі. Цёрся аб борт, павізгваючы, зялёны ад водарасцяў якарны ланцуг. Апушчаныя ветразі віселі, як пустыя мяшкі, і бачыліся ўжо не такімі бясспрэчна белымі, як здалёк. Адсутнічала бравая каманда… Іншы раз князь прасіў вазніцу правезці іх праз горад. Заўважыўшы пралётку, гараджане здымалі галаўныя ўборы, нізка кланяліся. Панна Марыя чула, як яны, паказваючы ў яе бок, аб нечым ажыўлена перагаворваліся, але не здагадвалася, што гэтае ажыўленне выклікала менавіта яна сама. Людзі дзівіліся яе прыгажосцю, грацыяй, пыталіся, як яе завуць…
Здавалася, тутэйшыя цяністыя дарожкі цягнуліся бясконца. Даводзілася ехаць то па насыпе, прама па сярэдзіне сажалкі, то ўзбірацца на ўзгоркі. Патрывожаныя з вады шэрыя качкі чародамі пераляталі з месца на месца; дарожку перабягалі касулі, зайцы. Недзе ў зацішным месцы нечакана магла раскрычацца гарластая чапля. І толькі белыя лебедзі былі абыякавымі да з'яўлення экіпажа; трымаючыся заўсёды параю, яны, здавалася, абдумвалі нейкую сваю сур'ёзную справу, якая павінна была адбыцца…
Здаралася, пакінуўшы пралётку, князь і панначка садзіліся ў альтанцы і з задавальненнем любаваліся даляглядамі. У такія хвіліны яны забываліся адзін пра аднаго, углядваліся і ўслухоўваліся, міжволі адчувалі сябе часткаю прыроды…
Ну а позна ўвечары, пасля прагулкі, застаўшыся ў спальні, панна Марыя цалкам аддавалася свайму любімаму занятку — думкам пра Яна. Між іншым, яна думала пра яго пастаянна: у кампаніі князя, у кампаніі маўчуна пана Кржыша, у майстэрні пана Гнезскага. Але тады думкі аб ім былі мімалётнымі, як прыемныя здані. Перад сном жа гэтыя думкі, здавалася, апаноўвалі яе цалкам: яе цягнула да Яна, яна хацела яго бачыць, чуць яго дыханне, голас…
Яна сядзела ў крэсле каля высокага акна, якое пачыналася ад самай падлогі, і яскрава ўяўляла сабе іх вячэрні дыялог… Ян жартаваў, усміхаўся сваёю спакойнай, неліслівай усмешкаю. Ён то бясконца гаварыў, то глядзеў ёй у вочы — сур'ёзныя, быццам збіраўся прызнацца ў нечым патаемным.
Такая размова ў думках дапамагала ёй бавіць доўгія гадзіны адзіноты, выратоўвала яе ад пакуты і смутку. Гэта дапамагала ёй заставацца такой, якою яна была з дзяцінства і якою яе ведалі ўсе ў Кляцісе: ураўнаважанай і сардэчнай.
XI
Неяк аднойчы ўвечары ў спальню панны Марыі ўвайшла Агнешка і сказала:
— Вас просіць князь.
— Што здарылася?
Не ведаю, ваша міласць. Толькі чула, што гадзіну таму прыбыў ганец з дэпешаю. Казалі, здалёку.
Нечаканы выклік абудзіў трывогу ў душы панначкі. Так позна князь дарэмна выклікаць не будзе. Спачатку яна падумала пра Яна. Гэтымі днямі той павінен быў прыбыць у замак. Аднак напамінак аб ганцы падказаў ёй, што прычына выкліку ў нечым іншым. Змяніўшы ўбранне, яна адправілася на палавіну князя.
Апартаменты князя Станіслава размяшчаліся ў асобным будынку палаца — так званым Старым замку. Гэты будынак злучаўся з галоўным галерэяй на другім паверсе. Гэтае старэйшае замкавае збудаванне было ўзведзена адным з першых Эрдзівілаў. Князь Станіслаў аддаваў перавагу адзіноце. Убранне пакояў Старога замка ўжо дзвесце гадоў заставалася нязменным. Прыёмную залу ўпрыгожвалі габелены, якія адлюстроўвалі сцэны з жыцця Адама і Евы. Некалі абстаноўка і ўпрыгожанне залы — тыя ж габелены, вялікі ружовы камін, крэслы — павінны былі гаварыць пра бездакорнасць і чысціню, іх фарбы былі светлымі і яркімі. З часам мрамар пацямнеў, выцвілі габелены, страціла бляск паркетная падлога. Нават столь у ажурнай ляпной аздобе выглядала шэраю, хоць яе падбельвалі кожны год.
Магчыма, менавіта перасяленне ў гэтыя апартаменты і змяніла характар князя Станіслава. Хто ведае, але за тыя гады, пакуль тут жыў, ён стаў зусім іншым. Куды дзеліся яго смяшлівасць, весялосць, жарты?! Некалі аматар пагаварыць, ён стаў маўклівым чалавекам. І выраз твару нават змяніўся — стаў сумным, як у дзень пахавання аднаго са сваіх бацькоў.
Са старым замкам звязана была адна даволі сумная гісторыя. Калісьці ў гэтых апартаментах паміраў адзін з заснавальнікаў роду Эрдзівілаў. Жадаючы паказаць сябе перад судом Усявышняга бязгрэшным, ён жыў тут поўным аскетам. Толькі верны гайдук меў права пераступіць парог яго жылля. Акаляючым асяроддзем паміраючага былі цішыня, рэлігійныя кнігі і дым фіміяму… Князь Станіслаў не думаў браць прыклад з анахарэта. І ўсё-такі з цягам часу ён рабіўся на яго падобным.
Ужо праз пяць хвілін пасля размовы з Агнешкай панна Марыя сядзела ў прыёмнай зале перад старым князем. Яны былі адны. У акно яшчэ прабіваліся водбліскі сонца, якое хавалася за гарызонтам, аднак у зале на спецыяльных падстаўках ужо былі запалены свечы.
— Я запрасіў цябе, радасць мая, каб развітацца, — пасля доўгай паўзы, на працягу якой ён пільна ўглядаўся ў твар пляменніцы, сказаў князь.
— Вы ад'язджаеце?
— Гадзіну таму каралеўскі ганец даставіў мне пісьмо. Адпаведна патрабаванню яго вялікасці, я павінен быць у яго замку не пазней, як праз тыдзень.
Панна Марыя нічога не адказала, але выраз яе твару сказаў князю сам за сябе: было зразумела, што навіна азмрочыла яе.
— Не сумуй, маё шчасце, — ласкава папрасіў ён. — Не сягоння, дык заўтра я ўсё роўна б паехаў. Тым больш што нягожа гнявіць караля. Калі ён просіць, я павінен быць побач.
Аднак ні разумныя разважанні, ні ласка князя Станіслава ўжо не маглі супакоіць панну Марыю. Вочы яе поўніліся слязамі.
— Я ненадоўга, — казаў князь. — Пройдзе якіх-небудзь тры месяцы, і мы зноў будзем разам. — Ён спрабаваў гаварыць бадзёрым голасам. Нечакана прызнаўся: — За гэтыя дні я сам вельмі прывязаўся да цябе. Парою мне нават здаецца, што ты — мая дачка і што я сам выняньчыў і вырасціў цябе. Ты так лёгка ўвайшла ў маё сэрца, палюбілася мне. — Ён памаўчаў, потым дадаў з упэўненасцю: — Бог паслаў мне цябе ў дар за мае пакуты. Я шчаслівы, што ён падказаў мне ўзяць цябе.