Шрифт:
Валя не закончыла сваё апавяданьне – не сказала пра вынікі паходу ў Савет Міністраў. Мы не паглыбілі сваю цікаўнасьць аж туды. Упэўнены, што тая “вялікая” Ніна памагла – навучаныя горкім вопытам, яны трымаюць недзе пэўны фонд імпартных тавараў, непрыстойна апранутага “савецкага пісьменьніка” ня выпусьцяць за мяжу…
Вось такі быў у мяне гэты дзень. На “табло” майго крокамера – усе адзінкі. Апрача апошняга “акенца”, дзе заўсёды стаіць нуль. Значыць, нахадзіў 11110 крокаў.
4 ліпеня 1985 году. Гэтымі днямі зноў займаўся помнікам маці. Па некалькі разоў на дзень езьдзіў у пахавальнае бюро, як называюць мінчане сьпецыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня.
Мае турботы аплаціліся нечаканым пабочным вынікам, вынікам маёй назіральнасьці. Мяне аж дрыжыкі ахапілі, калі я зьвёў у адно тое, што так часта мільгала перад маімі вачамі ўсе гэтыя дні.
Я езьдзіў толькі 72-м аўтобусам, бо толькі ім можна даехаць туды без перасадкі. Ад Дому мадэляў, адкуль я пачынаў свой маршрут, аўтобус некалькі сотняў метраў бяжыць, як мне здавалася, прама на гарадскую турму. Але ж да турмы яшчэ далёка, а аўтобус раптам зварочвае ўправа і даволі далёка едзе прама. І о дзіва! Справа ад аўтобуса зноў турма! Ня тая, іншая. Тая засталася зьлева ўперадзе, падобная на замак, дыхтоўная, пабудаваная рускім царызмам для беларускага народу. А гэтая, відаць, будавалася ўжо для таго самага народу савецкай уладай, бо вельмі брыдкае даўжэзнае ў некалькі паверхаў памяшканьне.
Вось так, паміж турмамі, і пралягае мой маршрут… А зрэшты і маршрут усяго майго народу! Чаго-чаго, а турмаў яму ўдосталь. Хоць і поўна іх на Беларусі, але ж уся надзея якраз не на беларускія – гэтых было б малавата. Дапамагаюць іншыя братнія народы. Турэмная ж справа ў СССР – інтэрнацыяналізаваная адмыслова. У маскоўскую ці саранскую турму куды прасьцей патрапіць нам, чым у маскоўскі ці саранскі універсітэт. А што б рабіў беларускі народ без сібірскіх, мардоўскіх, казанскіх, якуцкіх, калмыцкіх канцлагераў? Не было б дзе сеяць хлеб, каб “мы” вымушаныя былі трымаць “сваіх” зьняволеных у “сваёй” рэспубліцы! Гэта ж колькі зямлі марнавалася б?
А яшчэ нехта кажа, што савецкі інтэрнацыяналізм – блеф! А ён жа вось тут, на практыцы, у турэмна-лагернай палітыцы. Я сапраўды ня ведаю нікога, хто б сядзеў “дома”. Усе, каго я ведаю, адбывалі, ці адбываюць свой тэрмін у іншых братніх рэспубліках…
У тым пахавальным бюро я ўбачыў, што яно таксама можа паспрыяць трапіць ня толькі на могілкі, але і ў турму. На сьценах “бюро” ўсюды вывешаныя строгія папярэджаньні, выпіскі з абавязковых да выкананьня пастановаў, загадаў і распараджэньняў. Усе гэтыя дакументы катэгарычна забараняюць рабіць на могілкі помнікі прыватным чынам. Устанавіць на магілу можна толькі помнік, зроблены на дзяржаўным прадпрыемстве.
Гэта між іншым таксама від савецкай цэнзуры. На дзяржаўным прадпрыемстве ня выканаюць непажаданую партыі форму, скажам, у выглядзе адвечнага нашага крыжа. Тут і ня возьмуцца высякаць на камені, ці адліваць у метале словы рэлігійнай малітвы ці іншыя непажаданыя партыі тэксты. Мне гэта пацьвердзілі і ў акне заказаў, і ў цэху.
У выпадку, калі б нехта вёз самастойна помнік на могілкі, яго туды проста ня пусьцяць: вароты адчыніць вартаўнік, толькі памацаўшы дакумент-дазвол.
Бунт на могілках!.. Арыгінальная зьява! Але да яе тут ніколі ня дойдзе таму, што за доўгія кашмарныя дзесяцігоддзі народ ужо прывык бясспрэчна выконваць усе казённыя патрабаваньні. Забаранілі ставіць на магіле крыж – абыдземся без крыжа. Забаранілі зьмяшчаць рэлігійную эпітафію на помнік – абыдземся без яе. Забаранілі хаваць нябожчыка паводле рэлігійных прадпісаньняў – абыдземся бяз іх.
І аднак Дубянецкія ўсё яшчэ бунтуюць. Ня так даўно мы, напрыклад, пахавалі майго брата Рыгора – паводле самых высокіх патрабаваньняў нашай рэлігіі. Рэлігіі, свабоднай ад камуністычнага прыгнёту. Усе рэлігіі даўно ўжо прыстасаваліся да савецкіх законаў, выконваючы якія, яны ўжо не суправаджаюць сваіх “пачыўшых у Бозе чад” аж да магілы. Мы ж правялі працэсію з харугвамі, са сьвечкамі і з рэлігійнымі сьпевамі аж да могілак. Нябожчыка несьлі на плячах з дому ў царкву і з царквы на могілкі!
Перш, чым наладзіць такое пахаваньне, да мяне зьвярнуліся адказныя за яго сваякі з пытаньнем, ці можна так зрабіць і ці не пашкодзіць гэта маёй кар’еры. Вельмі высакародна з іх боку! Яны ж маглі б мяне проста паставіць перад фактам. Тут я сустрэўся з высакародствам, так сказаць, масавым: у вышэйшыя інстанцыі не паступіў данос ні на мяне, ні на маіх брата Станіслава (у той час працаваў у Брэсцкім абкаме КПБ) і сястру Веру (была выкладчыцай тэхнікуму ў Гомелі) наконт гэтага пахаваньня. А столькі ж сьведкаў было там!
Я ганаруся сваімі землякамі і спачуваю шчыра ўсім Лазіцкім1... Адначасова лічу няшчаснымі дюдзьмі тых, хто ня можа ўжо зьведаці ні радасьці Дубянецкіх ад перамогаў над Люцыферам, ні засмучэньня і прыкрасьці Лазіцкіх ад панесенага часовага паражэньня ў гераічнай схватцы з сіламі зла. Сапраўды вартыя жалю гэтыя няшчасныя, бо яны страцілі сваю волю, забыліся пра законы Продкаў, а жывуць паводле законаў сатанінскіх, самі ня ведаючы пра сваю бяду. Гэта манкурты, пазбаўленыя спадчыннай памяці!
Кажуць, што вярнуць манкурта ў яго ранейшы стан нельга. А хто ведае ці нельга? Я ўсяляк імкнуся гэта зрабіць і заахвочваю да гэтага іншых. Цяпер выдатны плён гэтай дзейнасьці шырока вядомы ня толькі на Беларусі.
Літоўскія пісьменьнікі і выдаўцы, напрыклад, здабытае мной у такой зацятай барацьбе называюць беларускім рэнесансам, эфектам Дубянецкага. У час самай зацятай маёй барацьбы з цэнзураю адзін з шэфаў аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПСС з сарказмам сказаў: “Ещё выискался один Твардовский!..”