Шрифт:
15 верасьня 1985 году. Знаходжуся пад уражаньнем “Кабычагоневышлістаў”. Стась газету даў толькі “пакарыстацца”. Званю дадому, каб не заматалі дзе нашую. Мы ж выпісваем “Правду” – беспартыйная жонка – “члену партыі” (невядома толькі якой? – М. Д.) – мужу. Ірынка праверыла ўсю нашу карэспандэнцыю за 9 верасьня. “Правда” там сапраўды ёсьць. Але… з выразаным Яўтушэнкавым вершам! Гэта, вядома, таксама рэклама твору, а заадно і той ідэі, што ў ім закладзена (хоць не абышлося там без Яўтушэнкаўскага падхалімажу, цяпер ужо ў адрас Гарбачова. Гэта Жэнька можа!)
Сёньня мне стала вядома, што ў час побыту М. С. Гарбачова ў Менску “публіку” яму арганізоўвалі райкамы партыі. Выклікалі людзей і давалі пэўныя заданьні кожнаму. Во свабода слова. Усіх прызначылі на тыя месцы, якія прызначаны для паказу “правадыру”. Там ён будзе думаць, што гутарыць з “народам”, а аказваецца, пад выглядам народу туды назганялі ўсякага рангу правераных начальнічкаў. Усяго там сагналі 20 чалавек.
Усім ім загадалі зьявіцца ў пэўны час (нават далі цэтлікі каму на які) у Дом мод ці Дом мадэляў, што на вуліцы Мельнікайтэ...
17 верасьня 1985 году. Аўторак. Урач Алена Сяргееўна “мела шчасьце” абмяняцца думкамі з тутэйшым найвялікшым бонзам (найвялікшы бонза – той, хто займае здвоеную палату – нумар 409, там спальня, кабінет, пярэдняя, санвузел) Дз. В. Цябутам1. Тэмаю ў іх было: “Кабычагоневышлісты” Яўгена Яўтушэнкі. Ад Цябута нічога і нельга было іншага чакаць. Ён сказаў:
– А я даўно ведаю, што Яўтушэнка антысаветчык.
– Дык, бачыце ж, надрукавалі, ды ў “Правде”, – нясьмела кажа ўрач…
– А што, у “Правде”, у “Правде”! Думаеце там дурняў няма? – Колькі хочаш!” Вось гэты, хто дазволіў такую беліберду яўтушэнкаўскую ў “Правду” памясьціць – той адпеты дурак. Больш я вам нічога не скажу.
…Мяне сёньня наведалі Марыя з Ірынкаю і Коля з Віктарам Сахарчуком.
Увесь час я адчуваў сябе кепска, хоць намагаўся нікому гэтага не паказаць…
Палата ўжо ўкамплектаваная. Пасьцельны рэжым ня зьняты.
Днём выклікаў да тэлефону Валодзя Паўлаў. Хацеў прайсьці ў палату, але не пусьцілі: не прыёмны дзень. Паразмаўлялі па тэлефоне даволі доўга. Пераслаў мне кур’ерам “Неделю” №37/1985 – нядзельны дадатак да газеты “Известия”. Я яе рэдка чытаю. Цяпер паглядзеў. Кінулася ў вочы “Пазабытая сенсацыя. Надта праўдападобная містыфікацыя” – як Конан-Дойл адпомсьціў свайму нядобразычліваму суседу, які кепска пра яго раманы гаварыў – адвакату, аматару-археолагу Рычарду Дэусону – падкінуў на месца яго раскопак шкілет саштукаваны з падоранага яму знаёмай Джэсі Фаулес чэрапам з грабніцы старажытнарымскай са сківіцаю, купленаю ў аднаго аматара-заолага з вострава Барнео. Гэта было ў 1908 годзе ў маёнтку таго ж адваката паблізу гораду Пілтдауна. “Пілтдаунскі чэрап” зрабіўся сенсацыяй у навуковым сьвеце, будучы прад’яўленым навуковаму таварыству Брытанскага музею. Усеагульны энтузіазм быў такім значным, што К. Дойлу ў такой сітуацыі небясьпечна было абвяргаць. Аднак у дзёньніку ён пазначыў: “Замест таго, каб зваліць невукаў у яму іх невуцтва, я сам закапаў там навуку”. У 1953 годзе з дапамогаю рэнтгеналагічнага і хімічнага аналізаў, праведзеных у лабараторыях Скотланд-Ярду, версія вучоных скептыкаў пра фальсіфікацыю была пацьверджаная.
А гэта ж знаходка так шчасьліва дапаўняла ланцуг эвалюцыі, якая пройдзена разумным чалавекам!..
Пра ўдзел Артура К. Дойла дакапаўся амерыканскі вучоны Джон Хетуэй-Уінслоу, які захапляўся вывучэньнем гістарычных фальсіфікацыяў.
Апрача таго, быў Стась. Заўтра ён з тымі самымі масквічамі едзе ў Пінск і Брэст.
22 верасьня 1985 году. Нядзеля. Былі Алесь Адамовіч і, вядома, Марыя.
Алесь едзе са сваім кінафільмам “Ідзі і глядзі…” ў ФРГ.
Абмеркавалі плёткі, што ходзяць вакол Алеся. Асабліва тую, што ён павінен быў узяць у цітры Я. Брыля і У. Калесьніка.
Ён днямі цікава выступіў у “ЛГ”. АТК2 сказаў, быццам бы, што, “цяпер у цябе (Алеся) будзе ворагаў яшчэ больш”.
Расказаў мне пра дзіўную сувязь Ніла Гілевіча з Сачанкам.
Дарэчы, чуткі “народныя” аддаюць ужо Нілаву пасаду – Алесю. Вельмі арыгінальна.
Марыя нарабіла столькі прыгажэнных букетаў, што заўтра трэба будзе падарыць Алене Сяргееўне і Ірыне Аляксандраўне. У мяне застанецца самы прыгожы, у самай прыгожай вазе.
Вячэрнія замеры: ціск 120/80; пульс 64. Рэдкасны штыль!
Перагаварыў з Жанай Сьцяпанаўнай Шалянок. Усё стала на свае месцы. Яна валодае такім дарам прыводзіць у сістэму нечыя хаатычныя ўяўленьні пра што б там ні было. Вельмі каштоўны сьпецыяліст!
Бадай што найбольшае шчасьце меў ад ліста Галечкі. Яна напісала яго ў Планерскім 18.09. Менск атрымаў праз тры дні. Ну а я – яшчэ праз адзін. Відаць, з Ірынкаю ў іх была дамоўленасьць пра нейкія “зразумелыя ўсім” шыфры-скарачэньні, як напрыклад, “Жыўслаўдзіў”, “Годаразн” (= надвор’е рознае). Бо далей-такі ідзе пра яго: “Сумаваць не дае. Паказвае Крым ва ўсіх іпастасях. Мора – нясьцерпна цудоўнае. Балтыйскай тэмпературы. Але занадта цывілізавана. Горы – вось гэта стыхія! Прападаю ў гарах: хвароба ўзыходжаньня ў вострай форме. На гэты час у бліжэйшых ваколіцах няма ніводнага “ня ўзятага” мною піка. Рыхтуюся да штурму больш аддаленых вяршыняў. Ногі ня хочуць ужо ісьці на ўзроўні мора. Мой гонар – узыходжаньне на Карадаг (дзякаваць Богу, не адбіўся на маім бюджэце). Сёньня еду глядзець Карадаг з мора.
Даведалася ўсё пра Валошына. Улюбілася. Зьдзейсьніла паломніцтва да высокагорнай магілы.
Цяпер мне здаецца, што няма прыгажэйшай мясьціны за Кактэбель. Зоры – як у планетарыі. Адпачываю душой і целам. Як вы? Пакуль ад вас нічога не атрымала. Усяго самага! Галечка”.
24 верасьня 1985 году. Яшчэ ў бытнасьць Мікіты Хрушчова “начальнікам” СССР, мне расказалі, што нейкая былая цэнзарка Дадзіёмава ў Менскім оперным тэатры прабралася за дазволеную лінію і кінула Хрушчову ліст.
Гэтая гераічная жанчына ўсё жыцьцё змагалася за свае і чужыя правы, але яна дапускала пры гэтым маленькую “памылачку”: яна верыла, што ў цэлым савецкая ўлада справядлівая, што гэта толькі асобныя ліхадзеі псуюць народу настрой.