Шрифт:
Хто ж зацкаваў Карпечкіна? Яго непасрэдным шэфам некаторы час была сакратар “па ідэалогіі” Г. Б. Хакала. Але ж яе ня так даўно вызвалілі з гэтай пасады. Значыцца, яна ўжо не ўяўляла сабою небясьпекі Карпечкіну.
На месца здарэньня паехаў старшыня парткамісіі КПБ Васіль Галаван. Чалавек ён, здаецца, прыстойны, аб’ектыўны. Але ці адважыцца Галаван назваць сапраўдных віноўнікаў гэтага самагубства?
Усім зразумела, што і тон чалавечнасьці, і тон бесчалавечнасьці задаюць у партыйных камітэтах іх першыя сакратары. Няпершыя для загадчыкаў аддзелаў не такое ўжо грознае начальства. Ва ўсякім разе на іх управу заўсёды можна знайсьці ў тых самых першых. А вось калі ўжо не дагадзіш першаму, – сьцеражыся. Мабыць тут і быў гэты самы выпадак. Карпечкін неяк даведаўся, што ў сераду на бюро абкаму зьбіраюцца здымаць яго з пасады, што падрыхтаваны ўжо і адпаведныя дакументы. Няшчасны папярэдзіў партыйную расправу над сабою…
20 лістапада 1986 году. Выдатная ілюстрацыя да “справы” амерыканскага эмігранта Локшына створана апошнім часам у Бел. н.-д. ін-це. санітарыі і гігіены.
У сувязі з Чарнобыльскай аварыяй у гэтым інстытуце зноў створаны аддзел радыяцыйнай гігіены. Кіраўніком “новага” навуковага падразьдзяленьня прызначылі кандыдата навук дактаранта Ліўшыца. Ён вельмі сур’ёзна ўзяўся за справу, некалькі разоў выязджаў у аварыйную зону і падоўгу там працаваў, рыхтаваў неабходныя дакументы, карацей, удыхнуў жыцьцё ў тэрмінова народжанае цела.
І раптам атрымаўся канфуз: органы дзяржбясьпекі не дапусьцілі Ліўшыца да пасады, якую ён ужо фактычна займаў з мая гэтага году. Прычына? Можна здагадацца – Ліўшыц яўрэй! Праўда, яму сказалі, што яго шкадуюць кідаць на гэты небясьпечны ўчастак(!?), што ад яго чакаюць хутчэй доктарскай дысертацыі (!?) і г. д.
Пакрыўджаны захварэў і некалькі дзён не паказваўся ў інстытуце. Цяпер ён зноў вернецца ў былую сваю лабараторыю ў аддзеле, здаецца, школьнай гігіены.
Дык пры чым тут Локшын? А вось пры чым. Днямі ён сказаў амерыканскім тэлегледачам, што за тры тыдні, якія пражыў са сваёй сям’ёй у СССР, ён ня бачыў тут антысемітызму.
Нічога, мілы, яшчэ адчуеш ты яго! А ў дадатак і іншыя “даброты” сацыялістычнага ладу будуць спадарожнікамі тваімі і тваёй сям’і. Аж пакуль вы не пакінеце гэты рай!..
Дарэчы, названая тэлеперадача адвярнула савецкіх тэлегледачоў ад сямейкі Локшынаў. Іх скаргі на нягоды амерыканскага жыцьця выдаліся нам мізэрнымі і непрыстойнымі. Падумаць толькі: здрадзіць бацькаўшчыне толькі таму, што нехта блытае вашыя рахункі ў банку! Ды тут, у СССР, і ніякіх рахункаў у банку вы ня будзеце мець – ня будзе чаго ўлічваць праз банк. Вы будзеце перабівацца на жабрацкіх заробках савецкіх вучоных, служачых. А можа вам будзе даплачваць той орган, які ў вас пакуль што зацікаўлены?
21 лістапада 1986 году. Сёньня ў “Правде”: 1. У матэрыяле “В Политбюро ЦК КПСС” сярод іншага чытаем: “Прынята пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР аб удасканальваньні арганізацыі рэканструкцыі і капітальнага рамонту жылых дамоў, аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэньня ў Расійскай Федэрацыі”.
Ня будзем кранаць рэдакцыю і “мілагучнасьць” прыведзенай назвы пастановы і сэнс самой пастановы. Гэта нам, як кажа мой знаёмы М. С Гарбачоў, да фені. Зьвернем увагу толькі на юрыдычны бок практыкі, якую дэманструе гэтая абвестка: Палітбюро камерна зацьвярджае пастановы ня толькі значна шырэйшага і вышэйшага свайго органа, якім зьяўляецца ЦК КПСС. Яно прымае таксама і пастановы, што павінны быць у кампетэнцыі Савету Міністраў, падмяняе Савет Міністраў, пазбаўляе яго ягоных правоў.
І яшчэ. Палітбюро настолькі зжылося са сваёю роляй “самага-самага”, што і не заўважыла, як само здрабнела. Пачало ўжо вырашаць справы ня толькі за Савет Міністраў СССР – орган больш-менш паралельны калі не з Палітбюро, дык з ЦК КПСС. Палітбюро штампуе ўжо рашэньні і ад імя інстанцыі, ніжэйшай за Савет Міністраў СССР, – за Савет Міністраў РСФСР.
2. Публікуецца “Закон Саюзу ССР “Аб індывідуальнай працоўнай дзейнасьці”. Гэта значыць, што партыя, урад і кадэбэ перад усім сьветам прызнаюцца, што сацыялістычны спосаб гаспадараньня зьяўляецца неэфектыўным. Што на дапамогу яму заклікаецца “індывідуаліст”, “прыватнік”, які і павінен выратаваць сацыялізм ад канчатковага краху.
У “Законе” пералічаныя ня толькі віды “індывідуальнай дзейнасьці”, якімі можна займацца, але ж і тыя, якімі не дазваляецца займацца.
Нельга, напрыклад, вырабляць: множыльныя апараты, капіравальныя апараты, штампы, штэмпелі, пячаткі, шрыфты.
Забараняецца арганізоўваць заняткі грамадзянаў “па прадметах і курсах, якія не ўваходзяць у вучэбныя планы агульнаадукацыйных школаў, прафесійна-тэхнічных, сярэдніх сьпецыяльных і вышэйшых навучальных установаў СССР”.
Не дапускаецца таксама прыватны промысел у сферы відовішчных мерапрыемстваў.
Ох, як выразна тырчаць рогі з гэтага меху! Апроч гэтых, у “Законе” расстаўленыя і іншыя жандармскія кропкі і клічнікі. Цытую “Закон”:
“Дзейнасьць гэтага Закону не распаўсюджваецца на творчую дзейнасьць грамадзянаў у сферы навукі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва…”
Пасьля пераліку забароненых відаў саматужна-рамесных промыслаў чытаем:
“Заканадаўствам Саюзу ССР і саюзных рэспублік могуць быць забароненыя заняткі таксама іншымі відамі саматужна-рамесных промыслаў, калі гэта супярэчыць інтарэсам грамадства”.