Быкаў Васіль
Шрифт:
– Ты што, кантужаны?
Рыбчонак няўцямна цепнуў вачыма і махнуў на хмызняк.
– Лейтэнант? Там ляжыць.
Усё азіраючыся некуды ў хмызняк, баец ухапіў леваю рукой хобат, і яны ўдвох скоранька пабеглі, гулка загрукаўшы коламі.
Хмызняк усё паласавалі чэргі, яшчэ ўспыхнула і згарэла ў небе ракета, за ёй узляцела другая, асвяціўшы ўгары дымную вяроўку - след першай. «Трах! Трах!» - грымелі ў балацявіне выбухі, але, здаецца, байцы ўжо адарваліся ад ворага і выходзілі з-пад яго агню. Ззаду пад звечарэлым небам тулілася ў змроку вёска, захінутая дубцаватым вяршаллем хмызняку.
Жаркоў з Рыбчонкам падкацілі кулямёт да грудка, які невысокай узаранай з восені выспай перамежваў гэтую балацявіну. Ля іх і ззаду ўжо нікога не чутна было, мабыць, яны засталіся апошнія. Лёд тут канчаўся, няроўнай паскай ля берагу датайвалі на сакавіцкім сонцы рэшткі бруднага снегу. Надвячоркам яго падкаляніў мароз, і цяпер ён суха хрумсцеў пад нагамі і пад кулямётнымі коламі, якія прарэзалі ўпоперак яго дзве вузкія каляіны.
– Ты што, бачыў тое?
– крыкнуў Жаркоў у самае вуха салдата.
– Ну, - сказаў Рыбчонак, зірнуўшы ў абсівераны, яшчэ малады, але ўжо з адзнакамі нялёгка перажытага сяржантаў твар.
– Асколкам. Як дало - і мазгі вон.
Яны перавалаклі кулямёт цераз снег, далей было ворыва, дзе-нідзе ў барознах цьмяна бялелі няроўныя плямы снегу. Кулямёты ў вёсцы змаўкалі, толькі раз за разам там узляталі ракеты. Шыпучы па-вужачаму, яны згаралі над хмызняком, і па падсветленаму схілу пагорка невядома ад чаго кідаліся ўбакі даўжэзныя мітуслівыя цені.
2
Вывалакшы кулямёт на самы грудок, туды, адкуль яны пачыналі гэтую няўдалую атаку, і дзе ўжо можна было схавацца ад варожага агню, Жаркоў апусціў на дол хобат і хрыпата крыкнуў:
– Шостая рота, сюды!
Было ўжо цёмна. На захадзе, убаку ад балацявіны, ярка блішчэла на небе адзінокая зорка, ніжэй ад яе і збоч ціхенька запальвалася на ноч другая. Высокае пагоднае неба яшчэ свіцілася рэшткамі дзённага святла, а хмызняковая балацявіна ўжо зусім стулілася ў змроку. Заліты вадою і гразёй лёд страціў сваю цукрыстую, у рудых разводах белізну і ледзьве шарэў праз хмызняк.
Рыбчонак адразу выцягся ў доле і маўчаў, адсопваючыся, а Жаркоў нейкі час у знямозе сядзеў на грудку, чакаў сваіх і думаў.
Было відавочна, што рота разбіта дашчэнту. Ад тых дзевяноста чалавек, якія тыдзень назад пачыналі наступленне, уранку сёння заставалася дваццаць тры, а цяпер вось хоць бы сабраць палавіну іх. Пэўна, што наступленне выдыхалася, нямецкія сілы пабольшалі, артылерыя паадставала, у мінамётчыкаў не хапала мін. З наскоку цяпер не дужа што возьмеш, тое даказвала апошняя гэта атака. А тут яшчэ пагінулі камандзіры, напаткала вось смерць і лейтэнанта і, відаць, прыйдзецца пакуль камандаваць яму - апошняму сяржанту ў роце.
Першы з недалёкага хмызняку на грудок вылез Тарасікаў. Жаркоў здалёк яшчэ пазнаў свайго памагатага па кашлі, які не пакідаў байца з самай зімы. Кавылястай хадой слабасільнага падлетка ён прышкандыбаў да камандзіра, усё кашляючы, паставіў ля кулямёта скрынкі з патроннымі стужкамі і пачаў знімаць з-за спіны вінтоўку. Полы яго шыняля, грудзі і рукавы, як і ва ўсіх, былі чорныя ад вады і гразі.
Прыпаўшы да падмерзлай раллі, нейкі час усе трое цяжка натужна дыхалі і маўчалі, не ў стане пераадолець знямогі і роспачы. З вёскі зноў успырхнулі ў неба дзве ракеты запар - агністыя вужакі іх святла адбіліся ў хмызняку на лёдзе. Хлопцы прыгнуліся, прыпалі да самай раллі - у маладых, шырока расплюшчаных вачах Тарасікава ўзгарэўся і прапаў затоены пакутны страх.
– Ну, нічога, - сказаў Жаркоў, каб як-небудзь прыбадзёрыць людзей. Але падбадзёрыць, абнадзеіць не было чым: дужа ўжо мала засталося іх, а баявая задача так і не была выканана.
Знізу на пагорак шкандыбаў яшчэ нехта, адчувалася ў цемры, што ён паранены, і відаць было, як кульгаў, абапіраючыся на вінтоўку. Калі ён падышоў бліжай, Жаркоў пазнаў салдата з трэцяга батальёна, што ўчора прыбіўся да іх. Цяпер ён моўчкі прыплёўся да хлопцаў, з роспачнай самотай вылаяўся і лёг побач на дол, выставіўшы ў неба абматаную бінтамі босую нагу. Неўзабаве аднекуль збоку прыплёўся Гушчын, стары рыжавусы салдат з зямлістым тварам і вельмі невыразным глухім голасам. За гэты голас яго некалі на фарміроўцы празвалі Магілай. Таго, хто даў яму гэта недарэчнае прозвішча, даўно ўжо не было на свеце, а Гушчын усё быў жывы і не дужа, здаецца, і крыўдаваў, калі яго так клікалі. Ён нетаропка прывалюхаў да сяржанта, абаперся на вінтоўку і цяжка апусціўся на дол.
– Ну от даканалі… Ах ты гора горкае!.. Без артылерыі яно вядома - пяхота-матухна…
Ніхто нічога не сказаў яму, не запярэчыў і не пагадзіўся - усе былі падкошаны стомай, няўдачай і маўчалі. Жаркоў яшчэ пачакаў, паўзіраўся ў змрок. «Няўжо ўсе?» - з болем падумаў сяржант і ўсё ж не пераставаў чакаць. І праўда, хутка цераз снегавую паску ўнізе мільганула адзінокая постаць і неяк знедужэла пачала лезці ўгору.
– Сюды, давай! Сюды!
Чалавек збочыў на голас і неўзабаве падышоў да байцоў. Гэта быў вялізны мядзведзяваты Няроўны, ён некага валок на сабе. Калі ён наблізіўся, Тарасікаў узняўся яму насустрач і рупна падхапіў яго ношу. Удвох яны паклалі чалавека на падмерзлыя глыжы ў баразне.