Быкаў Васіль
Шрифт:
– Таварыш дваццаты, я не магу… Не маю чым. У Патапенкі пяцёра… У астатніх таксама. На ўскраіне аб’екта буйнакаліберны кулямёт, пяхота. За вёскай мінамётная батарэя. У мяне па дзесяць агуркоў на ствол. Прашу дапамогі, прашу дапамогі. Прыём.
У варонцы насцярожыліся. І Люся, і Сахно, і салдат з Жарковым здагадаліся, што становішча батальёна не аблегчыцца. Відаць, камандзір палка меў нейкае сваё меркаванне, упарціўся і не хацеў зважаць на довады камандзіра батальёна.
Урэшце капітан Васілевіч адарваў трубку ад вуха, чамусьці паглядзеў на яе, яшчэ торкнуў да скроні і размашыста ляпнуў аб скрынку рацыі.
– Што ён сказаў?
– запытаў Сахно, шорхаючы сваёй плашч-палаткай, накінутай на шынель. Камбат узняў заклапочаны твар.
– Загадаў паўтарыць атаку і ўзяць Ручайкі.
Стала вельмі ціха, Сахно, быццам не верачы, цяжка і нерухома паўзіраўся ў камбата, пасля ўстаў і заварушыўся пад плашч-палаткай.
– Чорт бы іх там саміх пабраў, - выпаліў ён і вылаяўся.
– Самі б сунуліся.
Камбат з хвіліну нешта абдумваў, укленчыўшы на адно калена ля рацыі. Люся падкручвала рэгулятар настройкі і трымала рацыю на прыёме. У начной цемрадзі за ельнікам пыхнула раз і другі мільготкае палахлівае зарыва. «Ках, ках», - даляцелі стрэлы і ўгары цераз балацявіну зноў завізжэлі міны. «Трах! Трах!» - ірванула неўзабаве ў хмызняковай цемры, але ў варонцы адзін толькі ардынарац азірнуўся на выбухі.
– Пяць чалавек, кажаш, Жаркоў?
– перапытаў капітан і паглядзеў знізу ўгару на сяржанта.
– Ну, - ваўкавата выдавіў з сябе Жаркоў.
– Ну вось… Каго імі атакуеш, пяццю чалавекамі?
– невядома ў каго запытаўся камбат.
– Вось што… - надумаў ён урэшце нейкае рашэнне.
– Дам вам чалавек дзесяць сувязістаў, абознікаў - што ёсць. Акапацца на вышыні і чакаць. Глядзі, каб у фланг не зайшлі, бо тады ўсяму батальёну ліха будзе.
– Зразумела, - адказаў Жаркоў і ўстаў. У гэты час Люся загаманіла ў трубку і перадала яе капітану.
– Слухае дваццаць другі… Дваццаць другі слухае, прыём, - сказаў Васілевіч і шчоўкнуў пераключальнікам прыёму. З паўхвіліны ён слухаў, а пасля запальчыва і крыўдліва загаманіў:
– Таварыш дваццаты! Не магу! Чым жа я выканаю задачу? Без падрыхтоўкі не магу! Дайце час! Прыём.
Ён трохі паслухаў, а пасля з нейкай зацятай рашучасцю выпаліў у трубку:
– Зразумеў, зразумеў вас: адхілены ад камандавання. Перадаю трубку дваццаць трэцяму.
Сахно буркнуў нешта ад здзіўлення, скрывіў вусны, але хуценька перахапіў трубку і далажыў, што слухае. У варонцы замерлі, насцярожыліся. Люся прыўстала на каленях і, ссунуўшы пад самую шапку тоненькія светлыя броўкі, упілася позіркам у квадратны твар намесніка камандзіра батальёна. Сахно тым часам дастаў з палявой сумкі карту, аднае рукой няспрытна разгарнуў яе і паўзіраўся ў аднае месца, трымаючы яе пад цьмяным святлом рацыі. Камбат устаў у рост і, відавочна нервуючыся, палез у кішэню за куравам.
Размова ў Сахно неўзабаве скончылася. Замкамбат далажыў, што зразумеў, кінуў: «Ёсць! Ёсць, таварыш дваццаты, ёсць» - і таксама ўстаў у варонцы, шоргаючы плашч-палаткай.
– Дакамандаваліся, - плюнуў убок камбат.
– А ты што думаеш?
– Што ж падумаеш, калі загадана. Трэба атакаваць, - змрочна сказаў Сахно, зашпільваючы пад палаткай сумку.
– Вайна не фунт ізюму.
– Цябе прызначыў?
– Так, - ваўкавата, без ранейшай шчырасці адказаў Сахно і гучным, сваім заўсягдашнім камандзірскім тонам аб’явіў у цемру:
– Падрыхтавацца да атакі. Ты, сяржант з шостай роты… як тваё прозвішча?
– Сяржант Жаркоў, - падказаў кулямётчык.
– Жаркоў? Камандую батальёнам я. Слухай задачу. Атрымаеш сувязістаў, яшчэ сапёраў дам, колькі будзе, ездавых, і атакуеш гэтыя праклятыя Ручайкі. Цераз балота. Чацвёртая і пятая роты - ад лесу. Сігнал атакі - чырвоная ракета. Гатоўнасць праз гадзіну. Зразумеў?
– Зразумеў, таварыш капітан.
– Шагам марш, - уладарна распарадзіўся новы камбат.
– Цярэшкін, камандзіраў чацвёртай і пятай рот ка мне. Мінамётчыка таксама. Жыва!
3
Застаўшыся ў варонцы ўтраіх, яны нейкі час нялёгка і насцярожана маўчалі. Люся выключыла рацыю і развінчвала антэну, Сахно моўчкі і зацята стаяў у дне на льдзіне, Васілевіч адышоўся ўбок і сеў на краі варонкі.
Наўкола ляжаў чорны начны абшар. У небе высыпалі зоркі, з-за зубчатых верхавін хвойнікаў вылезла на небасхіл сцёртая палавінка месяца. Падмарожвала. Над хмызняком за пагоркам, недзе далёка на фланзе, міргалі, затухалі і зноў міргалі нябачныя адсюль ракеты, і шырокія размашыстыя водсветы гулялі ў небе. З вёскі - тых самых злашчасных Ручайкоў, якія не мог узяць батальён, - выпырхнула ў неба чарада трасіруючых куль, данеслася прыглушанае «тр-р-р-р-р-р-р-р».
Капітаны, зацяўшыся адзін на аднаго, маўчалі. Нешта раптоўна і нечакана здарылася між імі - нядаўнім камбатам і ягоным намеснікам, - яно нябачнаю сілай адразу раз’яднала гэтых нядаўна яшчэ, здавалася, блізкіх людзей. Недамоўленае і, можа, недадуманае тое адчувалі абое, але яны па-рознаму адносіліся да яго і таму маўчалі. Капітан Васілевіч, трохі пакрыўджаны і збянтэжаны тым, што адбылося, не ведаў, як лепей паставіцца да Сахно, каб выклікаць яго шчырасць, без якой яны ніколі б не маглі дамовіцца.