Быкаў Васіль
Шрифт:
– Хоць зараз!
– выпаліла Люся.
– Люся, маўчыце, - строга сказаў Васілевіч і пасля паўзы холадна вытлумачыў Сахно:
– Вось што, капітан Сахно! Майце на ўвазе, калі вы загубіце батальён, ні намеснікам, ні камбатам вам болей не быць. Камандзір палка вас сам пад трыбунал аддасць.
Сахно крутнуўся да Васілевіча, але не паспеў адказаць - зусім побач пачуліся крокі і ў цемры паказаліся чорныя постаці камандзіраў рот. Звяртаючыся да Васілевіча, яны паціху далажылі аб прыходзе, але былы камбат ад узрушання і нечаканае злосці на ўпартую дурасць Сахно не слухаў таго. Толькі зразумеўшы, што афіцэры звяртаюцца да яго, ён раптам упалым голасам кінуў:
– Дакладвайце капітану Сахно. Ён камандуе батальёнам.
Пасля Васілевіч вылез з варонкі, адышоўся на тры крокі, каб не замінаць людзям, якім ён быў ужо не патрэбны, і апусціўся на калючую ад марозу леташнюю свінуху.
4
Жаркоў бег у сваю роту.
Сяржант раз-пораз чапляўся за хмыззё ў доле, спатыкаўся - ён вельмі спяшаўся, бо спраў было шмат, а часу да новай атакі заставалася не так ужо і многа. Спачатку ўсё тое, што ён пачуў на КП, непрыемна ўразіла яго. Наступленне, яно само сабою, але вось зняцце камбата і заступленне на яго месца Сахно не падабалася Жаркову. Сахно лічылі ў батальёне крыкуном, гарлахватам, не дужа смелым і не дужа справядлівым камандзірам. Капітан жа Васілевіч здаваўся разумным і разважлівым, а галоўнае - справядлівым чалавекам, што болей за ўсё іншае паважаюць у камандзіры салдаты. Як там яно было на самай справе, сяржант пэўна не ведаў, але цяпер, пасля ўсіх гэтых навін, адчуваў, што наперадзе чакае яго дужа нялёгкае. Праўда, за многія месяцы вайны ён ужо прывык да самага благога, прызвычаіўся да дробных і вялікіх нягод і ведаў, што на фронце чаго добрага чакаць не выпадала.
Перш за ўсё яго запалоніў клопат, як усё тое наладзіць, як найлепш арганізаваць атаку, каб ашукаць немцаў, - цяпер жа пра гэта, апроч яго, у роце ўжо не было каму дбаць.
Неба хутка цямнела, усё болей высыпала зорак. Месяц, быццам спяшаючыся куды, імчаўся над лесам у адным кірунку з Жарковым; за балацявінай скакалі па небе водсветы далёкіх і блізкіх ракет. Найгоршае ліха ў начной атацы, ведаў сяржант, былі тыя ракеты, ад іх не знайсці ніякага сховішча, яны ўсюды свяцілі сваім прарэзлівым хімічным агнём, слепячы байцоў у кароткіх прамежках цемры. Але трэба было нешта прыдумаць, і Жаркоў, не разбіраючы пад сабой дарогі, сігаў упоперак баразён і думаў.
Да камандзірскіх клопатаў хлопец прывык даўно. Невядома ад каго, напэўна, ад маці ён з маленства пераняў у спадчыну неспакойны, клапатлівы, трывожна-турботны характар. Да ўсяго ён меў справу, аб усім непакоіўся, не зважаючы на тое, адказваў перад старэйшымі за гэтую справу ці не. Яшчэ бывала ў маленстве (ён быў родам з Сібіры) бацька з маці часта ўлетку выпраўляліся на некалькі дзён у тайгу, дзе пад хмарамі гнусу аралі, сеялі і збіралі свой ураджай за шмат вёрст ад вёскі, а на яго догляд аставалася ўся гаспадарка - і свінні, і каровы, і куры. Ён цэлыя тыдні і карміў іх, і даіў сам карову, і няньчыў малую Волечку. Часам даводзілася яму чуць, як хто-небудзь з суседзяў казаў бацьку: «Ну і дзяцюк у цябе, Трахім, - гаспадар! Не глядзі што малы - галавасты!» Бацька на тое няпэўна чмыхаў у бараду, аднак ніколі за жыццё не пахваліў сына. Ён быў суровы і марудлівы, як бярложны мядзведзь, і раскрываў рот толькі тады, калі трэба было каго ўшчуць. Але Колька Жаркоў любіў і такога бацьку і ніколі ў жыцці на яго не пакрыўдзіўся.
Тыя, прывітыя ў маленстве, гаспадарлівасць і дбайнасць засталіся ў яго назаўжды. Падросшы, ён скончыў сямігодку і паехаў у Ачынск у школу ФЗН вучыцца на цесляра. І там сярод гаманкой хлапечай грамады ён стаў самы адметны, самы турботны і дбайны, працаваў увішна, і яго паставілі старастам групы. Заўжды ён хадзіў членам усякіх камітэтаў, камісій, выпускаў сценгазеты, наладжваў работу ў гуртках самадзейнасці. Сябрамі яго былі ўсе хлопцы, ён не дзяліў іх на лепшых і горшых, адносіўся да ўсіх аднолькава, кожнаму гатовы быў памагчы і, калі трэба было, ад кожнага спадзяваўся атрымаць дапамогу.
Восенню сорак першага ён пайшоў у армію. У запасным тылавым палку, куды ён трапіў спачатку, хлопцу здалося, што ён не стрымае - так было трудна і складана. Вучыліся па дзесяць гадзін штодня, недасыпалі, галадалі, дапякалі нарады, начныя работы, але і тут Жаркоў быў лепшы за іншых, і праз некалькі месяцаў яму прысвоілі званне яфрэйтара. На фронт ён прыехаў ужо малодшым сяржантам, камандзірам кулямётнага аддзялення і ў першым жа баі замяніў забітага камандзіра ўзвода. Так узводным ён хадзіў доўга, аж пакуль не параніла, пад Дзямянскам атрымаў ордэн, перажыў два свае кулямёты, разбітыя мінамі. Цяпер вось давялося стаць ротным. Ён быў назіральны, удумлівы, нагледзеўся ўжо ў баях рознага і ведаў, што адною храбрасцю не шмат чаго адваюеш. Трэба было дбаць, абдумваць, у чымсьці ствараць перавагу над недурным, хітрым і лютым ворагам і выкарыстоўваць яе ў поўную меру.
Ён ужо падбягаў па раллі да свае роты, як у кустоўі наперадзе ўдарылі выбухі. У зямных нетрах крэкнула, бы рашчапілася вялізная рэпа, і ўгары пачулася знаёмае «фыр-фыр-фыр» - бы зляцела аднекуль чародка нябачных птушак. То падалі асколкі. Жаркоў занепакоіўся, як бы без яго не сталася што кепскае з тымі рэшткамі, што асталіся ад роты, бо тады ўжо зусім не будзе з кім нават і распачаць атакі. Але выбухаў болей не было, і сяржант пакрысе супакоіўся.
Увесь час яго турбавала адчуванне няпэўнасці ад таго, як паставяцца яго змораныя байцы да новае весткі, што нёс ім сяржант ад камандзіра батальёна. Вядома, нікому яна, гэтая навіна, не здасца прыемнай, але калі ўзяць, напрыклад, яго, сяржанта Жаркова, дык ён нейкім чынам усё ж камандзір, разумее магутную сілу вайсковага «трэба» і падпарадкуецца ёй, а вось што скажуць салдаты? Тарасікаў, вядома, нічога не скажа, ён толькі апанурыцца, як заўжды перад боем; напэўна, уздыхне ды якою прымаўкаю памяне салдацкую долю стараваты Гушчын, а вось Рыбчонак, напэўна, не змоўчыць. І яшчэ немаведама, як паставіцца да новай атакі маўчун гэты - Няроўны? Ён нядаўна ў роце, характара нейкага дужа ўжо труднага, цвярдога, як умерзлая зямля, маўчыць, зрэдку толькі вылаецца - слова па шчырасці ад яго не дабіцца ніколі. Раней дык хоць упраўляўся з усім лейтэнант, ведама ж, афіцэр, а ці таксама паслухаюцца яго, сяржанта, як слухаліся раней ротнага-афіцэра? Тым больш, што гэткая цяжкая і небяспечная справа выпадала ўсім ім у гэтую ноч.
Здалося Жаркову, што рота павінна быць недзе тут блізка. Сяржант прыпыніўся на момант, услухаўся ў цемрадзь і недзе збоку пачуў рэдкія прыглушаныя галасы і тупанне рыдлёвак у зямлі. «Акопваюцца», - падумаў ён і збочыў у тое месца, дзе былі людзі.
Нешырока разышоўшыся па пагорку, яны дзяўблі кожны сабе маленькі акопчык крокаў праз пятнаццаць адзін ад аднаго. Бліжэйшым да сяржанта аказаўся Няроўны - вялікая, каржакаватая ў ватоўцы постаць таго няпэўна шавялілася сярод чорнае плямы накапанай зямлі. Пачуўшы Жаркова, ён на момант выпрастаўся, угледзеўся ў сяржанта, пазнаў і зноў сагнуўся ў яміну.