Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

XLVIII

Словы Апостала ўзмацавалі надзею ў душы хрысціян. Канец свету заўсёды выдаваўся ім блізкі, пачалі аднак верыць, што страшны суд не прыйдзе хутка, што перад гэтым аглядацімуць мо шчэ канец панавання Нэронава, якое яны ўважалі за панаванне антыхрыста, за кару Божую, выкліканую ягонымі ліхадзействамі. Падмацаваўшыся на духу, пачалі расходзіцца, скончыўшы малітвы, і вяртацца да сваіх прытулішч, а нат і на Затыбра, бо прыйшлі весткі, што агонь, падложаны ў колькінаццаці пунктах, закруціў разам з ветрам зноў да ракі і, стравіўшы тут і там, што мог стравіць, перастаў шырыцца.

Апостал разам з Вініціем выйшаў з падзямелля. Хілон валокся за імі. Малады трыбун не смеў перарываць спадарожніку малітвы, дык праз нейкі час ішлі моўчкі, вачыма толькі молячы злітавання. Шмат асобаў падбягала, каб пацалаваць вопратку Апостала, маткі выстаўлялі да яго дзяцей, іншыя кленчылі ў цёмным праходзе і, падыймаючы ўгару святлікі, прасілі багаслаўлення; а іншыя, ідучы побач, пяялі, так што не было адпаведнае нагоды на гутарку. Аж калі выйшлі на прастарнейшае мейсца, адкуль відаць было пажарышча, Апостал, перажагнаўшы яго тры разы, звярнуўся да Вініція й кажа: — Не трывожся. Недалёка адгэтуль ёсць хата фосара [67] , дзе застанем Лігію з Лінусам і з верным ейным слугою. Хрыстус, які табе прызначыў яе, захаваў яе.

67

Далакопа (лац.).

Вініць захістаўся й абапёрся рукою ля скалы. Падарожжа з Анцыюма, здарэнні ў дарозе, пошукі Лігіі ў гарачым дыме, бяссонніца і страшная трывога пра яе падарвалі ягоныя сілы, а радасная вестка хуткага спаткання свае найдаражэйшае зусім падцяла яму ногі. Аслабелы, асунуўся да ног Апосталавых і, абняўшы калені, трымаў іх, не могучы вымавіць слова.

А Апостал, баронячыся ад пашаны й падзякі, сказаў яму: — Не мне, не мне, толькі Хрысту!

— Што за важнае боства! — адазваўся ззаду голас Хілона. — Але не ведаю, што рабіць з муламі, якія чакаюць недалёка.

— Устань і хадзем са мною, — кажа Пётр, беручы юнака за руку.

Вініць устаў. Пры месячным бляску відаць былі слёзы, сплываючыя па збялелым твары. Вусны дрыжалі, бы ў малітве.

— Хадзем, — кажа.

Але Хілон зноў адзываецца: — Што мне рабіць з муламі, спадару, чакаюць тут? Можа, гэты дастойны прарок захацеў бы пад’ехаць?

Вініць сам не ведаў, што адказаць, але, пачуўшы ад Пятра, што хата фосара тут жа, недалёка, загадаў: — Адвядзі мулы да Макрына.

— Выбачай, спадару, што асмелюся прыгадаць табе дом у Амэр’ёлі. Падчас такога страшнага пажару лёгка забыцца на гэткую дробязь.

— Атрымаеш яго.

— О, унуку Нумы Пампілія, я ніколі не сумняваўся, але цяпер, калі абяцанку чуў і гэты велікадушны Апостал, не нагадваю нат таго, што ты ж абяцаў мне й вінніцу. Pax vobiscum! Я знайду цябе, спадару. Pax vobiscum!

Яны адказалі: — Et tecum! [68] І завярнуліся абодва направа, да ўзгорку. Ідучы, Вініць кажа: — Доміне, абмый мяне вадою хросту, каб мог я ўрэшце называцца сапраўдным вызнавальнікам Хрыста, бо Яго мілую з усіх сіл мае душы. Абмый мяне безадкладна, бо я ў сэрцы ўжо гатовы. І што мне загадае, тое рабіціму, але ты мне скажы, што апрача таго я мушу зрабіць.

68

І табе (мір)! (лац.).

— Любі людзей, як сваіх братоў, — павучае Апостал, — бо толькі любоўю магчымеш Яму служыць.

— Так! Я гэта ўжо разумею і адчуваю. Будучы дзіцём, я верыў у рымскіх багоў, але не любіў я іх, а гэнага Адзінага люблю так, што з радасцю аддаў бы за Яго жыццё.

Вочы падняў да неба і гаварыў з настроем: — Бо Ён ёсць адзіны! Ён адзін добры й міласэрны! Дык хоць бы згінуў цэлы горад гэты, а нат увесь свет, Яму аднаму сведчыціму, Яму вызнаваціму!

— А Ён багаславіціме цябе і дом твой, — дакончыў Апостал.

І ўвайшлі ў другі сухадол-міжгор’е, на канцы якога мігацела мутнае святло. Пётр паказаў рукою й кажа: — Гэта хата капача, які нас прыгарнуў, як, вярнуўшыся з хворым Лінам з Острыянума, не маглі мы прабрацца на Затыбра.

Па хвіліне прыйшлі. Была гэта хутчэй пячура, не хата, выдзеўбленая ў заломе скалы, залепленая звонку глінянаю сцяною. Дзверы былі зачынены, але праз атворышча замест акна відаць было асвечанае вогнішчам нутро.

Нейкая цёмная вялігурная постаць устала на спатканне ім і спытала: — Хто вы?

— Слугі Хрыстовыя, — адказаў Пётр. — Pax табе.

Урсус схіліўся да ног Апостала, пасля, пазнаўшы Вініція, хапіў ля косткі ягоную руку і пацалаваў.

— І ты, спадару? — адазваўся. — Багаслаўлёна імя Збаўцы за радасць, якою пацешыш Каліну.

Гэта сказаўшы, адчыніў дзверы, і ўвайшлі. На пучку саломы ляжаў хворы, жоўты, бы слановая косць, Лінус. Ля вогнішча сядзела Лігія, трымаючы ў руках вязку нанізаных на шнурок, прызначаных, мабыць, на вячэру, рыбак.

Заклапочаная здыманнем з шнурка рыбаў і думаючы, што ўваходзіць Урсус, не кранулася з мейсца. Але Вініць падыйшоў і, вымавіўшы ейнае імя, працягнуў да яе рукі. Воміг паднялася на ногі, маланка здзіўлення й радасці зайграла на ейным твары, і без слова, бы дзіцянё, знайшоўшае пасля трывогі бацьку ці маці, кінулася да яго.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: