Шрифт:
Тое самае скеміў і Пятроні. А тым часам дзянёчкі ўцякалі за днямі. Амфітэатры былі ўжо гатовыя. Раздавалі ўжо тэсары, як называлі ўваходныя знакі, на ludus matutinus [72] . Гэным разам «ранішняе ігрышча» з прычыны надта вялікае колькасці ахвяр мелася расцягнуцца на дні, тыдні і месяцы. Не было ўжо дзе змяшчаць ахвяр. Вязніцы былі напханыя аж да берагоў, і гаспадарыла ў іх гаручка. Путыкулы, гэта значыць супольныя ямы, у якіх хавалі нявольнікаў, пачалі перапоўнівацца. Баязно было, каб хваробы не распаўсюдзіліся па цэлым горадзе, дык загадана прыспешвацца.
72
Ранішняе ігрышча (лац.).
А ўсе гэныя весткі даходзілі да вушэй Вініція, гасячы ў ім апошнія праблыскі надзеі. Пакуль быў час, мог ён пацяшацца надзеяй, што яшчэ нешта здолее зрабіць, але цяпер не было ўжо часу. Відовішчы вось-вось мелі ўжо распачацца, Лігія хутка магла з’явіцца ў цыркавым кунікулюме, адкуль выхад быў ужо толькі на арэну. Вініць, не ведаючы, куды кіне яе няшчасная доля й дзікае нахабства, пачаў абходзіць усе цыркі, падкупляць вартаўнікоў і бестыярыяў, дамагаючыся ад іх рэчаў немагчымых. Часамі спахапляўся, што ўжо працуе толькі над тым, каб хоць ёй смерць аблегчыць, і тады якраз чуў, што замест мазгоў мае ў чэрапе распаленыя вуглі.
Але ж не думаў яе перажыць і вырашыў згінуць з ёю разам. Але думаў: боль выпаліць у ім жыццё, пакуль падыйдзе страхотны той тэрмін. Ягоныя прыяцелі й Пятроні думалі таксама, што недалёкі той дзень, калі адчыніцца перад ім краіна ценяў. Твар Вініція ўчарнеў, стаўся падобным да тых васковых масак у лярарыях. На ягоным выглядзе адбілася здумленне, аслупеласць, маўляў не цяміў, што сталася і што можа стацца. Калі хто-небудзь звяртаўся да яго з гутаркай, хапаўся механічным жэстам за голаў і глядзеў жахлівым пытаючым зорам. Ночы начаваў разам з Урсусам пад дзвярыма Лігіі ў вязніцы, а калі загадала яму адыйсці й супачыць, вяртаўся да Пятронія й валэндаўся аж да раніцы па атрыюме. Нявольнікі бачылі яго часта кленчучага з паднятымі рукамі або ніцма ляжачага на зямлі. Маліўся да Хрыста, бо гэта была апошняя надзея. Нішто не дапамагло. Лігію ўцаліць мог толькі цуд, дык Вініць біў лбом аб каменную пасаджку і благаў цуду.
Але апошная крошка прытомнасці дыктавала яму, што малітва Пятра больш значыла, чым ягоная. Пётр абяцаў яму Лігію, Пётр ахрысціў яго, Пётр сам тварыў цуды, дык хай жа дасць яму ратунак і ўспамогу.
І пайшоў раз ноччу шукаць яго. Хрысціяне, якіх нямнога ўжо засталося, укрывалі яго цяпер рупліва, нат адны перад другімі, каб часам хто слабейшы характарам не здрадзіў яго мімахоць або знарок. Вініць у агульнай сумятні й пагроме, затурбаваны пры тым цалкам ратаваннем Лігіі, згубіў Апостала з вачэй, так што пасля свайго хросту спаткаў яго адзін толькі раз, яшчэ перад посцігам. Але ад таго фосара, у хаце якога быў ахрышчаны, даведаўся, што ў Пудэнсавай вінніцы за Порта Салярыя адбудзецца сходзішча хрысціян. Фосар падручаўся ўвесці яго на гэты сход, запэўніваючы, што застануць там і Пятра.
І выйшлі на прыцемку. За мурамі гораду, за сухадоламі, зарослымі трыснягом, знайшлі на дзікім узбоччы вінніцу. Зборышча адбывалася пад павеццю, у якой абыдна выраблялася віно. Да Вініціевых вушэй пры ўваходзе данёсся прыцішны гоман малітвы, а ўвайшоўшы, угледзеў пры мутным асвятленні лятаранькаў колькідзесят асоб на каленях, затопленых у малітве. Адгаворвалі яны нешта падобнае да літаніі. Хор галасоў, поспал мужчынскіх і жаночых, раз за разам паўтараў: «Хрысце, змілуйся!» Вібраваў у гэных галасох глыбокі сум і жаль.
Пётр быў прысутны, стаяў на каленях перад драўляным крыжам, прыбітым да сцяны паветкі, і маліўся. Вініць пазнаў здалёк ягоны белы голаў і паднятыя рукі. Першаю думкай маладога патрыцыя было праціснуцца праз грамаду, кінуцца да ног апосталавых і крычаць: «Ратуй!», але ці то настрой малітвы, ці аслабленне ўвагнула пад ім калені, і пачаў разам з усімі енчыць, згарнуўшы моцна рукі: «Хрысце, змілуйся!» Каб быў прытомны, дык сцяміў бы, што не толькі ў ягонай просьбе зычэў енк, што не ён толькі прынёс сюды свой боль, свой жаль і сваю трывогу, не было ў гэным зборышчы аніводнай душы людское, якая б не страціла дарагіх сэрцу асоб, а калі найшчырэйшыя ды найадважнейшыя з вызнавальнікаў былі ўжо закратаваныя, калі кожная хвіліна прыносіла вестку пра знявагі й пакуты ў вязніцах, калі гром няшчасця перарос усе здагады, калі засталася ўжо толькі гэтая жменька — не было сярод яе аніводнага сэрца, якое б не хіснулася ў веры і не пытала з сумлівам: дзе Хрыстус? Чаму дазваляе, каб зло сталася магутнейшым за Бога?!
А ўсё ж благалі шчэ Яго роспачна міласэрнасці, бо ў кожнай душы тлела дагэтуль іскра надзеі, што прыйдзе, выкараніць зло, скіне ў продню Нэрона і заваладае светам… Яшчэ трывожна маліліся, гледзячы на неба, яшчэ прыслухоўваліся. Вініцій таксама, чым больш паўтараў: «Хрысце, змілуйся!», тым больш авалодвала экстаза, як калісь у хаце фосара. Вось клічуць Яго з глыбокім болем ахвяры адхлані, вось кліча Пётр, дык хіба проміццю раздзярэцца неба, здрыганецца зямля, і сыйдзе Ён, святазарны, міласэрны, але й грозны, вывышыць сваіх верных, а процьме загадае глынуць пераследвальнікаў.
Вініць закрыў рукамі твар і прыпаў да зямлі. Нараз наўкола западае цішыня, казаў бы, жах заткнуў усім вусны. Мусіць нешта цяпер стацца, можа, цуд? Быў пэўны: калі падымецца й расплюшчыць вочы, убачыць святло, ад якога слепне зор смяротны, і пачуе голас, ад якога сэрца млее.
Але цішыня трывала ўсцяж. Перарывае ўрэшце яе прычытанне жанчыны.
Вініць устаў і глядзіць агарошанымі вачыма. У павеці замест надземнае яснасці мігацяць кволыя агеньчыкі святлікоў ды касулі месяца, што ўкрадаліся праз атворышча ў страсе, напаўняючы яе срэбным святлом. Людзі, кленчучыя побач з Вініціем, падносяць залітыя слязьмі вочы да крыжа. Тамсям адзываюцца іншыя прычытанні, а звонку даносіцца асцярожнае пасвістванне вартаўнікоў. Нараз устае Пётр і, звярнуўшыся да грамады, гавора: — Дзеці, падымеце сэрцы да Збаўцы нашага і ахвяруйце Яму вашыя слёзы!