Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— А калі Лігія памрэ з гаручкі?

— Хрысціяне кажуць, што Хрыстус мсцівы, але й справядлівы: быць можа, сама толькі добрая воля твая абласкавіць яго.

— Хай мне дасць які знак, што аздаровіць Руфія.

Пятроні паціснуў плячыма.

— Я не прыйшоў як пасланец Ягоны, о боская, кажу табе толькі: будзь лепш у згодзе з усімі боствамі рымскімі й чужымі.

— Пайду! — адказала спакораным голасам Папея.

Пятронію дух адкаціўся.

«Нарэшце нечага дастукаўся!» — падумаў.

І, вярнуўшыся, кажа Вініцію:

— Прасі свайго Бога, каб Лігія не памерла з гаручкі, бо калі не памрэ, дык Вялікая Вясталка загадае вызваліць яе. Сама аўгуста будзе яе аб гэтым прасіць.

Вініць паглядзеў на яго вачыма, у якіх лунала гарачка, і адказаў: — Яе вызваліць Хрыстус.

А Папея, якая дзеля ратавання Руфія гатовая была паліць гекатомбы ўсім багом свету, таго ж дня шчэ вечарам пайшла на Форум да вясталак, паручыўшы дагляданне хворага дзіцяці вернай няньцы Сільвіі, якая і яе ж самую выняньчыла.

Але на Палатыне прысуд на дзіця быў ужо выданы, бо ледзь толькі лектыка цэзарыні схавалася за вялікаю брамай, да каморы, дзе ляжаў малы Руфій, увайшло двух вызвольнікаў цэзара, з якіх адзін кінуўся на старую Сільвію і заткнуў ёй вусны, а другі, схапіўшы медную статуэтку Сфінкса, аглушыў яе адным ударам. Пасля падыйшлі да Руфія. Распалены гаручкай і беспрытомны хлопчык, не цямячы, што навокал яго дзеецца, усміхаўся да іх і моршчыў свае прыгожыя вочкі, як бы натужваўся іх пазнаць. Але яны, зняўшы з нянькі пояс, называны цынгулюмам, зашмаргнулі яму на шыі ды пачалі заціскаць. Дзіцянё паспела толькі выгаварыць «мама» і хутка сканала. Пасля чаго акруцілі яго ў посцілку і, сеўшы на прыгатаваныя коні, адвезлі аж у Остыю ды ўкінулі ў мора.

Папея, не застаўшы дома Вялікай Дзявіцы, якая поспал з іншымі вясталкамі была ў Ватынія, хутка вярнулася на Палатын. Застаўшы парожнае ложка і ўхаладзеўшае цела Сільвіі, абамлела, а пасля апрытомлення пачала крычаць, і дзікі крык ейны разлягаўся праз усю ноч і дзень наступны.

Але на трэці дзень цэзар загадаў ёй прысутнічаць на банкеце, дык, прыбраўшыся ў аметыставую туніку, прыйшла й сядзела з абліччам скамянелым, залатавалосая, маўклівая, чароўная і зладумная, бы анёл смерці.

LVI

Дакуль Флавій не збудаваў Калосэум, амфітэатры ў Рыме будавана пераважна з дрэва, дык амаль што ўсе згарэлі падчас пажару. Нэрон, аднак, на абяцаныя ігрышчы загадаў збудаваць некалькі, а між імі адзін вялізны, на які зараз жа пасля пажару зачалі сплаўляць морам і Тыбрам велізарныя бярвенні з Атласу. Ігрышчы меліся важнасцю й лікам ахвяр перавышыць усе дагэтуляшнія, дык дабудоўвалі абшырныя памяшканні для людзей і звяроў. Тысячы работнікаў увіхалася каля будовы дзень і ноч. Будавалі ды ўпрыгожвалі без адпачынку. Народ баяў сабе цуды пра сядзельныя ложы, выкладаныя бронзай, бурштынам, слановаю косцю, перлоўцам і скарупенцам заморскіх чарапахаў. Бягучыя ўздоўж лаваў канавы, поўныя халоднае вады з гораў, меліся падтрымоўваць у будынку прыемны халадок, нат падчас гарачыні. Велізарны пурпуровы велярыюм засцерагаў ад сонца. Між шэрагамі седзішчаў урыхтоўвалі кадзільніцы для палення арабскіх пахнідлаў; угары прыстройвалі прылады для скраплення глядзельнікаў шафрановай расою і вервенаю. Слаўныя будаўнічыя Сэвэр і Цэлер натужылі ўсю сваю ўмеласць, каб збудаваць амфітэатр незраўнаны, могучы змясціць такую колькасць цікаўных, якое ніякі з ведамых дагэтуль амфітэатраў не мог змяшчаць.

Дык у дзень распачацця ludus matutinus натаўп цікаўных чакаў ад самага досвітку адчынення брамаў, услухоўваючыся з любасцю ў рык львоў, храплівае вурчанне пантэраў і выццё сабак. Звяр’ю не давалі ежы два дні ўжо, а замест харчу абносілі перад імі закрываўленыя кавалкі мяса, каб разбудзіць у іх большую крыважаднасць і голад. Іншы раз падымалася такая грамавая бура рыку й выцця, што людзям нельга было ля цырку гутарыць, а больш уражлівыя бялелі ад страху. А пры ўсходзе сонца пачыналіся гучныя, але спакойныя й паважныя песні, якіх слухалі з подзівам, паўтараючы: «Хрысціяне! Хрысціяне!»

Вялікія грамады іх у амфітэатр прыгнана яшчэ ноччу і не з аднае толькі вязніцы, як маніліся перш, але з усіх пакрысе. Народ ведаў, што відовішчы працягнуцца праз цэлыя тыдні й месяцы, але йшла спрэчка, ці з той часткаю, якая была прызначана на сяння, здолеюць за дзень увіхнуцца. Галасы мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя, пяючыя раннюю песню, былі такія шматлікія, што знаўцам здавалася: хоць бы па сто і дзвесце асоб высылана за раз, звяры знямогуцца, насыцяцца і да вечара не паспеюць усіх паразрываць. Іншыя цвердзілі, што надта вялікая колькасць ахвяр, выступаючых на арэне адначасна, разрывае ўвагу і абцяжвае любавацца належна відовішчам. Чым бліжэй была хвіліна адкрыцця калідораў, вядучых усярэдзіну, называных ваміторыямі, вясёласць і ажыўленне расло, спрэчкі множыліся. Тварыліся нат партыі, што спрачаліся між сабою, хто лепш разрывацьме людзей: львы або тыгры. Ішлі ўзаклад. Іншыя расказвалі пра гладыятараў, якія меліся выступіць на арэне перад хрысціянамі, і зноў тварыліся спрэчныя групы то самнітаў, то галаў, то мірмілонаў, то тракаў. Шчэ зарання меншыя й большыя іх аддзелы пачалі пад верхаводствам загадчыкаў, называных ланістамі, наплываць у амфітэатр. Не хочучы перадчасна перасільвацца, йшлі без зброі, часта зусім нагія, з зялёнымі галінкамі ў руках або вянкамі на галаве, маладыя, прыгожыя ў раннім святле, поўныя жыцця. Іх мускулатура блішчэла алівай, магутная, бы выкаваная з мармуру, захапляла разлюбаваны стройнасцю народ. Многія з іх былі знаёмыя асабіста некаторым глядзельнікам, дык часта з розных бакоў разлягаліся прывітанні: «Здароў, Фурніюс! Здароў, Лео! Здароў, Максімус! Здароў, Дыёмедэс!» Малодухны падымалі на іх разлюбаваныя вочы, а яны выглядалі, дзе каторая прыгажэйшая, і жартаўліва адзываліся, як бы бестурботна, пасылаючы цалункі або воклічы: «Абнімі, пакуль смерць яшчэ не абняла!» — ды знікалі ў брамах, з каторых многія ўжо не вярталіся. За гладыятарамі йшлі мастыгофоры, гэта знача людзі з бізунамі, абавязкам якіх было сцёбаць і пабуджаць да барацьбы.

За імі мулы цягнулі ў бок сполярыяў цэлы абоз драўляных трунаў. Гэтым цешыўся народ, дадумоўваючыся з іх колькасці аб вялікасці відовішча. Услед за імі йшлі людзі, якія дабівалі параненых, былі яны апранутыя на падобу Харона або Мэркура; за імі — людзі, наглядаючыя за парадкам у цырку, што раздавалі мейсцы; пасля — нявольнікі, разносячыя стравы й халаднікі, а напаследак прэторыяне, якіх кожны цэзар заўсёды меў у амфітэатры пад рукою.

Адчынілі ўрэшце ваміторыі, і натоўп хлынуў у цырк. Але такое мноства было чакаючых, што наплывалі й наплывалі цэлымі гадзінамі, аж дзіўна было, што амфітэатр можа такую незлічоную колькасць змясціць. Рыкі звяр’я, чуючага людскі пот, узмагаліся. Народ гудзеў, займаючы мейсцы, бы навальнічная хваля.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: