Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

І змоўк. Знячэўку спаміж грамады адзываецца голас жанчыны, поўны жаласнай скаргі й бязмежнага болю: — Я ўдава, адзінюсенькага сына мела, які карміў мяне… Вярні мне яго, Усеспадару!

Зноў цішыня. Пётр стаяў перад покатам ляжачай грамадою, стары, стурбаваны, казаў бы, увасабляў сабою немач і згрыбеласць.

Нараз падымаецца другі голас: — Каты зняважылі мае дочанькі, і Хрыстус на гэта дазволіў!

Пасля трэці: — Сама я адна засталася з дзяцьмі, а як возьмуць мяне, хто ім дасць хлеба й вады?

Па тым — чацверты: — Ліна, якім перш пагрэбавалі, цяпер узялі й палажылі на пакуты, Госпадзе!

Ды зноў, пяты: — Як дадому вярнуся, возьмуць нас прэторыяне. Дзе нам падзецца?

— Гора нам! Хто нас затуліць?!

І так у начной цішы падымалася скарга за скаргай. Стары рыбак прымкнуў вочы і трос белаю сваёю галавою над гэным людскім болем і трывожлівай журбою. Зноў настала маўчанне, толькі вартаўнікі прыцішна перасвістваліся звонку.

Вініць сарваўся на ногі зноў, каб праціснуцца праз грамаду да Апостала і зажадаць ад яго ратунку, але нагла ўявіў перад сабою як бы пропасць, і ногі адмовілі послуху. Што будзе, калі Апостал выявіць сваю немач, калі сцвердзіць, што рымскі цэзар магутнейшы, чым Хрыстос Назарэнскі? Гэная думка падняла яму валасы на галаве, бо адчуў, што тады гэная продня глыне не толькі астанкі ягонай надзеі, але й яго самога, і ягоную Лігію, і любоў ягоную да Хрыста, і веру ягоную, і ўсё, чым жыў, а застанецца толькі смерць і ноч, моў безбярэжнае мора.

Ажно Пётр пачаў гаварыць голасам спачатку так ціхім, што ледзь яго можна было пачуць: — Дзеці мае! На Галгофе бачыў я, як Бога прыбівалі да крыжа. Чуў удары молата і бачыў, як падымалі крыж угару, каб грамады прыглядаліся на смерць Сына Чалавечага… І бачыў, як бок Яму прабілі, як памёр. А тады, ад крыжа вяртаючыся, крычаў я з болю, як вы крычыцё: «Гора! Гора! Госпадзе! Ты ж Бог! Чаму ж дапусціў гэта, чаму памёр, чаму раздзёр нам сэрца, мы ж уверылі, што прыйдзе Тваё валадарства?!»… А Ён, валадар наш і Бог наш, трэцяга дня ўваскрос і быў між намі, пакуль у вялікай святасці не адыйшоў да валадарства свайго… А мы, пазнаўшы слабавернасць нашу, узмацнілі сэрцы і ад тых пор сеем вось зерне Ягонае… Тут, звярнуўшыся ў той бок, адкуль выйшла першая скарга, пачаў гаварыць мацнейшым ужо голасам: — Годзе жаліцца!.. Бог сам паддаўся пакутам і смерці, а вы хочаце, каб вас ашчадзіў? Людзі, вы слабаверныя! Ці вы зразумелі навуку Ягоную, ці Ён адно толькі гэта жыццё вам абяцаў? Вось ідзе да вас і кліча: «Ідзеце ў мае сляды!» — вось падымае вас да сябе, а вы хапаецеся за зямлю рукамі, крычучы: «Ратуй, Госпадзе!» Я — трухля перад Богам, але перад вамі — Апостал Божы і Намеснік, кажу вам у імя Хрыста: не смерць перад вамі, але жыццё, не пакуты, але бясконцая раскоша, не слёзы і енк, толькі пяянне, не няволя, толькі вяселле! Я, Апостал Божы, звяшчаю табе, удава: сын твой не памрэ, толькі народзіцца ў славе да жыцця вечнага, і спаткаешся з ім! Табе, родзічу, якому злыдні сплямілі нявінныя дочкі, абяцаю, што знойдзеш іх бялейшымі, чым лілея Геброну! Вам, маткі, якіх адарвуць ад сірат, вам, што глядзецімеце на смерць найдаражэйшых асоб, вам, склапочаным, турботным, нешчаслівым, трывожным, вам, што памірацімеце ў імя Хрыста, запавяшчаю: устанеце, бы ад сну, да шчаснага быту, выйдзеце з ночы на свет Божы. У імя Збаўцы, хай спадзе бяльмо з вачэй вашых і разгарыцца сэрца!

Гэта выгласіўшы, падняў волатна руку, а яны пачулі свежую кроў у жылах і магату ў касцях, перад імі стаяў ужо не старац, згрыбелы і бязрадны, але магут, які завалодваў іхнія душы і падымаў іх з прыгноблення й трывогі.

— Аман! — адазвалася некалькі галасоў.

А з ягоных вачэй лунаў штораз мацнейшы бляск, лунала сіла, дастойнасць, святасць. Галовы схіляліся перад ім, а ён, як замоўкла «аман!», гаварыў далей: — Сееце з плачам — збірацімеце з радасцю! Чаго баіцеся моцы злога?

Над светам, над Рымам, над гарадамі ёсць Валадар, які жыве ў душах вашых. Каменні змокнуць ад слёз, пясок крыві нап’ецца, вы самі запоўніце магільныя ямы, а я вам кажу: вы пераможнікі! Госпад ідзе заваяваць сабе гэты горад гныбення і пыхі, а вы — легія Ягоная! І як Ён адкупіў пакутамі й крывёю грахі свету, дык жадае, каб вы адкупілі пакутамі й крывёю гэтае гняздо няслушнасці!.. Гэта звяшчаю вам уласнавусна!

І злажыў рукі, узняў вочы, а ім замерлі сэрцы ў грудзях, бо адчулі, быццам вочы ягоныя нешта бачаць, чаго не могуць дагледзець яны.

І вось аблічча змянілася, залунала яснасцю, глядзеў анямелы, моў захоплены, а пасля адзываецца: — Стаіш перада мною, Вучыцелю, і паказваеш мне дарогі твае!.. Як жа гэта, о Хрысце!.. Не ў Ерусаліме, а ў гэтым гняздзе нячысціка манішся залажыць сваю сталіцу? Тут, з гэных слёз, з гэнае крыві хочаш збудаваць Тваю Субожню? Тутака, дзе Нэрон валадарыць, Усеспадару? І загадваеш тым трывожлівым, каб з касцей сваіх збудавалі фундамент пад Сыён свету, а духу майму даеш загад абняць уладу над ім і над народамі зямлі?.. І зліваеш вось сілу моцы на слабых, каб сталіся непераможнымі, і загадваеш мне пасвіць адсюль авечкі Твае аж да сканчэння вякоў?.. О, будзь жа праслаўлены ў дзеях Тваіх, даючы нам перамогу! Госанна! Госанна!..

Трывожлівыя асмялелі, слабаверныя ўцвердзіліся ў веры. Адны крычалі: «Госанна!», другія: «Pro Christo!» [73] , па чым настала ціш. Вострая летняя маланка азарала раз-пораз напаўцёмную павець і на міг асвятляла збялелыя ад экстазы твары.

Пётр, захоплены візыяй, доўга шчэ маліўся, урэшце схамянуўся, звярнуў да грамады сваю натхнёную прамянеючую голаў і кажа: — Як Госпад вось перамог у вас сумніў, так і вы ідзеце перамагаць у імя Ягонае!

І хоць ведаў ужо, што перамогуць, хоць ведаў, што вырасце з іхніх слёз і крыві, аднак голас задрыжаў ад расчулення, як пачаў жагнаць іх крыжам і багаславіць словамі: — А цяпер багаслаўлю вас, дзеткі мае, на пакуту, на смерць, на вечнасць!

73

«Дзеля Хрыста» (лац.).

Абступілі яго ўсе, дамагаючыся: «Мы ўжо гатовыя, але ты, святая галава, сцеражы сябе, бо ты ж намеснік, ты выконваеш Хрыстовы ўрад!» І так гамонячы, датыкаліся да ягонай вопраткі, а ён ускладаў рукі на іхнія галовы і жагнаў кожнага паасобку, бы бацька дзеткі, высылаючы ў далёкае падарожжа.

І борзда пачалі выходзіць з павеці, бо трэ было спяшацца дадому, а адтуль у вязніцы й на арэны. Іхнія думкі адарваліся ад зямлі, душы лётам узняліся да вечнасці, дык ішлі, бы ў сне або ў захапленні, супрацістаўляць атрыманую сілу сіле закатнае «бестыі».

А Апостала ўзяў Нэрэй, Пудэнсавы слуга, і вёў яго бяспечнаю віннічнаю сцежкаю да свайго дому. Вініць, карыстаючы з месячнае ночы, ступаў назіркам за імі і, калі ўрэшце дайшлі да Нэрэявай хаты, кінуўся пад ногі Апосталу.

Апостал, пазнаўшы яго, спытаў:

— Чаго ж хочаш, сынку?

Але Вініць пасля таго ўсяго, што чуў на зборышчы, не смеў перад ім вымавіць просьбы, толькі, абняўшы аберуч ягоныя стопы, прыціскаў да іх заплаканы голаў, благаючы ў гэны нямы спосаб літасці. А той: — Ведаю. Узялі табе дзеваньку каханую. Маліся за яе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: