Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Так гаворачы, падняў над імі свае старыя дрыжачыя далоні і багаславіў іх, а яны туліліся да яго, прадчуваючы, што мо гэта апошняе багаслаўленне атрымоўваюць з ягоных рук.

Было ім суджана, аднак, яшчэ раз яго бачыць. Пасля некалькіх дзён пазней Пятроні прынёс грозныя весткі з Палатыну. Там выявілася, што адзін з цэзаравых вызвольнікаў быў хрысціянінам, і знойдзена ў яго лісты Пятра й Паўла, а таксама лісты Якуба, Юды й Яна. Прабыванне Пятра ў Рыме было ўжо Тыгэліну даўно ведамым, але ён думаў, што той згінуў разам з тысячамі іншых хрысціян. Цяпер вось выдавалася, што два старшыны новае веры жывуць да гэтых пор у сталіцы, дык вырашана знайсці іх за ўсякую цану і злавіць, бо спадзяваліся праз іхнюю смерць вырваць апошнія карэнні ненавіснае веры. Пятроні чуў ад Вестына, што сам цэзар выдаў загад, каб у працягу трох дзён Пётр і Павал былі ўжо ў Мамэртынскай вязніцы, ды што цэлыя аддзелы прэторыянаў выслана для ператрэскі на Затыбры.

Вініць, даведаўшыся пра гэта, вырашыў пайсці перасцерагчы Апостала.

Вечарам абодва з Урсусам, накінуўшы галійскія плашчы, засланяючыя твар, пайшлі да Мырыямы, дзе прабываў Пётр, а стаяў той дом на самым канцы затыбранскае часткі гораду пад Янікульскім узгор’ем. Па дарозе бачылі дамы, абстаўленыя прэторыянамі, якіх накіроўвалі нейкія незнаёмыя людзі.

Квартал быў устрывожаны, збіраліся грамады цікаўных. Тут і там цэнтурыёны рабілі допыты арыштаваных вязняў пра Пятра Сымона і Паўла з Тарсу.

Урсус і Вініць выперадзілі ваяроў, дайшлі шчасліва да памешкання Мырыямы, дзе засталі Пятра з жменькаю верных. Тымафей, памочнік Паўла з Тарсу, і Лін былі таксама тамака.

Даведаўшыся пра небяспеку, Назарка вывеў усіх таемным праходам да агароднае брамкі і далей да каменных сухадолаў, на колькісот мо ступеняў адлеглых ад Янікульскае брамы. Урсус пры тым мусіў несці Ліна, бо паламаныя на тортурах косці ягоныя яшчэ не пазрасталіся. У падзямеллі пачуліся беспячнейшымі і пры жухлым святліку Назаркавым пачалі ціхую нараду, як ратаваць дарагое жыццё Апостала.

— Вучыцель, — кажа яму Вініць, — хай заўтра ледзь золак выведзе цябе Назар у Альбанскія горы. Там мы цябе знойдзем ды забярэм у Анцыюм, дзе чакае вадаход, якім манімся ехаць у Неапаль і на Сіцылію. Шчаслівы будзе дзень і гадзіна, у якой пераступіш парог майго дому і пабагаславіш маё вогнішча.

Усе слухалі яго з радасцю і настойвалі на Апостала, кажучы: — Сцеражыся, пастыру наш, бо не астояцца табе ў Рыме. Перахавай жывую праўду, каб не згінула разам з намі й з табою. Паслухай нас, просім цябе, як бацьку.

— Зрабі гэта ў імя Хрыста! — малілі іншыя, чапляючыся ягонай вопраткі.

А ён адказаў: — Дзеткі мае! Хто ж з нас можа ведаць, калі й дзе яму Госпад канец жыцця прызначыць?!

Але не адмаўляўся выходзіць з Рыму, і сам не ведаў, што рабіць, бо даўно ўжо няпэўнасць і трывога ўкрадаліся ў ягоную душу. Бо ж статак ягоны быў разагнаны, праца разбурана. Субожню, якая перад пажарам гораду так буйна разраслася, моц Бестыі скрышыла ў пыл. Не засталося нічога акрамя слёз, крывавых успамінаў і смерці. Сяўба выдала багаты ўраджай, але нячыстая сіла ўтаптала яго ў зямлю. Сілы нябесныя не падаспелі з помаччу гінучым, і вось Нэрон рассядаецца ў славе над светам, страшэнны й магутнейшы, чым калі, валадар усіх мароў і сушаў. Не раз ужо Божы Рыбак выцягаў у самоце рукі да неба й пытаў: «Усеспадару, што мне рабіць? Як жа мне астояцца? І як жа мне, нядужаму старцу, змагацца з гэнаю бязмежнаю сілаю Зла, якому Ты дазволіў валадаць і асільваць нас?!»

І адзываўся так з глыбокім болем, паўтараючы ў душы: «Няма ўжо тых авечак, якія загадаў Ты мне пасвіць, няма Твае Субожні, пустэча й жалоба ў тваёй сталіцы, дык што мне цяпер загадаеш? Ці мне тут застацца, ці ўцякаць з астанкамі статку, каб недзе там, за гарамі, употайкі славіць імя Тваё?!»

І надумоўваўся. Ведаў, што жывая праўда не згіне і мусіціме пераважыць, але часамі думаў, што не прыйшла яшчэ ейная пара, якая прыйдзе толькі тады, як Госпад сам сыйдзе на зямлю ў судны дзень у славе й сіле, без параўнання магутнейшай, чым Нэронава.

Часта здавалася яму: калі сам выйдзе з Рыму, верныя пойдуць за ім, а ён завядзе іх тады аж у цяністыя гаі Галілеі, на ціхую водную роўню Тыбэрыяды, спакойных, бы галубкі ці авечанькі, якія пасвяцца там сярод чабароў і нарду. І штораз большая туга да цішыні й супачынку, да возера й Галілеі агартала рыбачае сэрца, штораз часцейшыя слёзы наплывалі на вочы старца.

Але, калі на хвіліну спыніўся ўжо на нейкім рашэнні, хапаў яго наглы страх і трывога. Як жа яму пакідаць гэны горад, дзе гэтулькі пакутніцкае крыві зямля выпіла, дзе гэтулькі канаючых вуснаў давала сведчанне праўдзе? А ён адзін будзе ад гэтага ўхіляцца? І што адкажа Збаўцы на пытанне: «Яны вось паўміралі за веру сваю, а ты ўцёк?»

Дні і ночы беглі ў маркоце й турботах. Іншыя, якіх львы паразрывалі, якіх папрыбівана да крыжоў, папалена ў агародах цэзара, паснулі ў Хрысце пасля сваіх пакутаў, а ён спаць не мог, ён чуў пакуту большую ад усіх тых, якія каты выдумалі для ахвяр. Золак часта бяліў ужо дахі дамоў, а ён яшчэ скардзіўся з глыбіні разжаленага сэрца: — Збавіцелю, пашто Ты мне сюды загадаў прыходзіць і закладаць у гэным гняздзе Бестыі сваю сталіцу?!

Праз трыццаць чатыры гады пасля смерці свайго Вучыцеля не меў супачынку. З кіем у руцэ абягаў свет і апавяшчаў «добрую навіну». Сілы яго змагліся ў працах і падарожжах, аж урэшце, калі ў гэным горадзе, які быў галавою свету, зацвердзіў установу Божую, адзін вагністы подых Злосці зжор яе, і бачыў, што змаганне трэ пачынаць нанава. Дый якое змаганне! З аднаго боку цэзар, сенат, народ, легіі, абыймаючыя жалезным абручом увесь свет, непералічныя гарады, краі, магутнасць, якое вока людское не аглядала; а з другога — ён, згорблены ад старасці й працы, ледзь уздужваючы падарожны кій утрымаць у руцэ.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: