Шрифт:
Адыходзіў з перакананнем, што у вайне праўды ягонай з светам праўда пераможа, і мора задавальнення залівала яму сэрца. Дарога да мейсца казні была даволі далёкая, так што пачало вечарэць. Горы абліліся пурпураю, а падножжы іх паволі западалі ў цень. Статак вяртаўся з поля дамоў. Дзе-нідзе йшлі грамадкі нявольнікаў з работніцкім знараддзем на плячах. Перад дамамі на дарозе гулялі дзеці, цікаўна пазіраючы на маршыруючы аддзел ваяроў. У гэтым вечары, у гэным залатым празрыстым паветры быў не толькі супакой і ўтуленне, але нейкая гармонія, што, казаў бы, з зямлі падымалася да неба. Павал адчуваў яе, і сэрца ў ім радавалася на ўспамін, што да гэнае музыкі свету дадаў адзін звонкі тон, якога да гэтых пор не было, а без якога зямля была «як медзь брынчачая і як цымбал дзынкі».
І прыгадваў сабе, як ён вучыў людзей любові, як ім талкаваў, што хоць бы раздалі маёмасць убогім і перанялі ўсе мовы, усе тайніцы ды ўсе навукі, будуць нічым без любові, каторая ёсць ласкавая, цярплівая, каторая зла не робіць, не прагне славы, ганарыстасці, усё знясе, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё ператрывае.
Век увесь яму прайшоў на навучанні такое праўды. А цяпер казаў сабе ў душы: «Якая ж сіла з ёю зраўняецца, і што ж яе пераможа?! Як жа здолее цэзар здушыць яе, хоць бы ўдвая меў гэтулькі легіёнаў, удвая гэтулькі мароў і краёў і народаў?!»
Ды йшоў па адплату як пераможнік.
Паход сыйшоў урэшце з вялікае дарогі на ўсход вузкаю сцежкаю да Сальвійскіх водаў. На верасох красавалася чырвонае сонца. Цэнтурыён затрымаў аддзел пад крыніцай, прыйшла пара!
Павал, закінуўшы на плечы заслону Плаўтыллі, каб завязаць сабе ёю вочы, кінуў зорам апошні раз, поўным бязмернага супакою, на светазарную вячэрнюю зарніцу і маліўся. Так! Прыйшла пара, але ён бачыў перад сабою вялікі зорны гасцінец, вядучы да неба, і ў душы гаварыў сабе тыя самыя словы, якія загадзя ў пачуцці споўненае свае службы й блізкага канца напісаў: «Змаганнем я добрым змагаўся, веру датрымаў, абавязак выканаў — напаследак прызначаны мне вось вянок справядлівасці».
LXXII
А Рым шалеў па-даўнаму, так што здавалася, горад гэны, які заваяваў увесь свет, пачынае ўрэшце з прычыны адсутнасці праваднікоў развальвацца сам у сабе. Яшчэ перад пакутніцтвам Апосталаў выбухнуў таемны згавор Пізона, а пасля яго — касьба так страшная найвышэйшых галоў у Рыме, што нат і тым, якія бачылі боства ў Нэроне, выдаваўся ён у канцы боствам смерці. Жалоба разгарнула свае чорныя крылы над усім горадам, страх разгасціўся па дамох і сэрцах, але портыкі ўпрыгажаліся вянкамі, не можна было аказваць жалю па памерлых. Людзі, якія будзіліся раніцай, пыталі сябе: мо прыйдзе сяння чарга? Карагод крозаў трупаносных, ідучых за цэзарам, пабольшваўся з кожным днём.
Пізон прыплаціў галавою паўстанне, а за ім пайшлі Сэнэка і Люкан, Феніюс Руф і Плаўцый Лятэранус, і Флавій Сцэвін, і Афр Куінтыян, і распусны спадручнік цэзаравых шаленстваў Тулій Сэнэцыё, і Прокул, і Арарык, і Аўгурын, і Гратус, і Сілан, і Проксімус, і Субрыюс Флавій, калісь цэлаю душою адданы Нэрону, і Супліцыюс Аспэр. Адных губіла собская подласць, іншых баязлівасць, іншых багацце, іншых мужнасць. Цэзар, перапалоханы самой колькасцю згаворшчыкаў, заліў горад ваяцтвам і трымаў як бы ў акупацыі, высылаючы штодзень цэнтурыёнаў з прысудамі смерці ў западозраныя дамы.
Асуджэнцы прыніжаліся яшчэ у пісьмах, поўных падхлебніцтва, дзякуючы цэзару за прысуд і запісваючы яму частку маёмасці, каб рэшту ўратаваць для дзяцей. Здавалася ў канцы, што Нэрон наўмысна перабірае меру, каб пераканацца, да якой ступені спадлелі людзі і як доўга могуць пераносіць крывавую ўладу. За бунтаўшчыкамі выгубілі іхніх сваякоў, сяброў ды нат простых знаёмых. Жыхары зграбных, збудаваных пасля пажару дамоў, выходзячы на вуліцу, былі пэўныя, што спаткаюць цэлы шэраг хаўтуроў. Пампей, Карнэль, Мартыяліс, Флавіюс Нэпос і Статыюс Даміцый згінулі, абвінавачаныя за адсутнасць любові да цэзара. Новіюс Прыск — за тое, што быў сябрам Сэнэкі. Руфію Крыспу адабрана права агню й вады за тое, што калісь быў мужам Папеі.
Вялікага Трэзэя згубіла сумленнасць. Многія прыплацілі жыццём крывічэснае паходжанне, нат і Папея сталася ахвяраю раптоўнага ўзбурэння цэзара.
А сенат прыніжаўся перад сярдзітым валадаром, будаваў на ягоны гонар святыні, рабіў дэкларункі на інтэнцыю ягонага голасу, каранаваў вянкамі ягоныя статуі ды прызначаў яму святароў, як боству. Сенатары з трывогаю ў душы йшлі на Палатын, каб выслаўляць песню «Перыёданіцэса» і шалець разам з ім сярод бессаромнага буянства нагага цела, віна, кветак.
Прымеж таго, на нізох, на раллі, прасякнутай крывёю пакутніцкай і слязьмі, узрастаў ціха, але штораз магутней засевак Пятровы.
LXXIII
Вініць да Пятронія: «Ведаем і тут, carissime, што дзеецца ў Рыме, а чаго не ведаем, тое нам дасказваюць твае пісьмы. Калі кінеш камень у ваду, хвалі расходзяцца навокал штораз далей, вось жа такая хваля шалёнасці й лютасці дайшла з Палатыну аж да нас. Па дарозе ў Грэцыю быў высланы сюды праз цэзара Карынас, які абдзёр горад і святыні, каб запоўніць парожны скарб. За цану поту й людскіх слёз будуецца ў Рыме Domus Aurea [91] . Быць можа, свет не аглядаў дагэтуль такога дому, але не аглядаў таксама й такое крыўды. Адыж ты ведаеш Карына. Падобным яму быў Хілон, пакуль смерцю не адкупіў жыцця.
91
Залаты палац (лац.).