Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Але да недалёкіх ля нас тут мястэчкаў людзі ягоныя не дасягнулі, можа, таму, што няма ў іх святыняў і скарбаў. Пытаеш, ці мы бяспечныя? Адкажу табе толькі тое, што мы забытыя, і хай цябе гэта задаволіць замест адказу. У гэтай вось хвіліне з портыку, пад якім пішу, бачу нашу спакойную затоку, а на ёй Урсуса ў лодцы, запушчаючага сетку ў ясную глыбіню. Жонка мая прадзе чырвоную воўну вобак мяне, а ў агародах пад ценем мігдальных дрэваў пяюць нашы нявольнікі. Эх! Што за спакойства ўтульнае, carissime, ды якое забыццё даўных боляў і трывог! Але гэта не Паркі, як пішаш, так салодка прадуць нітку нашага жыцця, гэта багаславіць нам Хрыстус, найдаражэйшы Бог наш і Збаўца. Ведаем жаль і слёзы, бо нашая праўда наказвае нам плакаць над чужою бядою, але нат і ў тых слязах ёсць нязнаная вам уцеха, бо некалі, як сплыве час нашай жыткі, спаткаем тых усіх дарагіх, што пагінулі ды шчэ пагінуць за Боскую навуку. Для нас Пётр і Павал не памерлі, толькі нарадзіліся ў славе. Нашыя душы бачаць іх, і калі вочы плачуць, сэрцы весяляцца іхнім вяселлем. О так, дарагі, мы шчаслівыя шчасцем, якое нішто не здолее збурыць, бо смерць, якая для вас ёсць канцом усяго, для нас будзе толькі пераходам да яшчэ большага супакою, большага кахання, большае радасці.

І так нам плывуць дзянькі й месяцы ў пагодных сэрцах. Нашыя слугі й нявольнікі тае самае веры, што й мы, Хрыстовае, бо ж Ён паказаў любасць, дык любімся ўсе. Не раз, як сонца заходзіць або месяц плыве ўжо па вадзе, гутарым з Лігіяй пра даўныя часы, якія сяння выдаюцца нам сном, а калі ўзгадаю, як гэная дарагая галованька, якую цяпер штодзень галублю да сэрца, была недалёка пакуты й загубы, усёй душою дзякую майму Ўсеспадару, з тых бо рук Ён адзін толькі мог яе вырваць, уратаваць з арэны і аддаць мне назаўсёды. О Пятроні, ты ж бачыў, колькі гэная навука дае ўцехі і вытрываласці ў горы, колькі цярплівасці й адвагі пры смерці, дык прыедзь і паглядзі, колькі яна дае шчасця ў шэрых будзённых днях жыцця. Людзі, бачыш, не ведалі дагэтуль Бога, якога можна было б любіць, дык не любіліся й між сабою; з таго йшло іхняе бяздолле, бо як святло ад сонца, так шчасце ад любові плыве. Не навучылі іх гэнае праўды ні правадаўцы, ні філёзафы, і не было яе ні ў Грэцыі, ні ў Рыме, а калі кажу: «Ні ў Рыме», дык, знача, на ўсёй зямлі. Сухая і халодная навука стоікаў, да якой цягнуць людзі сумленныя, праўда, гартуе сэрцы, бы мячы, але знячульвае іх замест абагачаць сілаю дабрыні. Але нашто я табе гэта пішу, больш за мяне вучонаму ды больш разумнейшаму! Ты ж таксама ведаў Паўла з Тарсу і не раз гутарыў з ім доўга, дык ведаеш лепш, ці ў супастаўленні з ягонай праўдай навукі вашых філёзафаў і рэтораў акажуцца пустымі мыльнымі бурбалкамі ды пустым гукам слоў без значэння. Памятаеш пытанне, якое ён табе паставіў: «А калі б цэзар быў хрысціянінам, ці ж не чуліся б вы беспячнейшымі, больш пэўнымі валадарамі таго, што маеце, бестрывожныя й спакайнейшыя за заўтрашні дзень?» Але ты казаў мне, што нашая праўда ёсць непрыяцелькай жыцця, а я цяпер табе адказваю: калі б ад пачатку пісьма паўтараў толькі два словы — «Я шчаслівы!» — дык і тады шчасця майго выказаць табе не здолеў бы. Так, мілы!

Дзеля таго, што кахаю ейную несмяротную душу, і што абое замілаваныя ў Хрыстусе, у такой любові няма ні разлукі, ні здрады, ні перамен, ні старасці, ні смерці. Бо калі міне маладосць і ўрадлівасць, калі звяне нашае цела, і прыйдзе смерць, любоў астоіцца, бо астояцца душы. Пакуль вочы мае не адкрыліся на гэнае святло, гатовы я быў для Лігіі падпаліць нат собскі дом, а сяння кажу табе: не кахаў я тады яе, кахаць навучыў мяне толькі Хрыстус. У ім ёсць крыніца шчасця й супакою. Не я табе гэта гавару, але сама рэчаіснасць. Параўнай вашыя падшытыя трывогай раскошы, вашыя бяззаўтрашнія ўпаенні, вашае бессаромнае буянства, падобнае да хаўтурных трызнаў, з жыццём хрысціян — знойдзеш гатовы адказ. Але, каб мог лепей параўнаць, прыйдзі ў нашыя пахнушчыя чабаром горы, у нашыя цяністыя гаі аліўныя, на нашае ўсланае зелянінаю ўзбярэжжа. Чакае тут цябе ўтуленне, якога даўно ты ўжо не каштаваў, і сэрцы, што любяць цябе шчыра. Ты, маючы шляхотную й добрую душу, павінен быць шчаслівы. Твой хуткі розум здолее распазнаць праўду, а як распазнаеш, дык і палюбіш, бо можна быць ейным ворагам, як цэзар і Тыгэлін, але абыякавым да яе ніхто быць не патрапіць. О, мой дарагі! Абое мы з Лігіяй цешымся надзеяй, што цябе хутка ўбачым. Будзь здароў, шчаслівы й спяшайся да нас!»

Пятроні атрымаў пісьмо Вініція ў Кумэ, куды выехаў поспал з іншымі аўгустыянамі, едучымі за цэзарам. Шматгадовая барацьба ягоная з Тыгэлінам набліжалася да канца. Пятроні ведаў, што згіне ў ёй. І разумеў прычыны гэтага. Чым ніжэй з кожным днём цэзар спадаў да ролі камедыянта, блазна і квадрыганта, чым больш граз у хваробнай, плюгавай і грубай распусце, тым больш далікатны эстэтычны арбітр элеганцыі рабіўся яму цяжарам. Калі нат маўчаў, Нэрон бачыў у ягоным маўчанні для сябе прыгану, а калі пахваляў, бачыў крывадушнасць. Статны патрыцый дражніў ягонае самалюбства і разбуджаў зайздрасць. Ягонае багацце й каштоўныя велічавыя творы мастацтва сталіся аб’ектам жады і валадара, і ягонага міністра. Ашчаджалі яго да гэтых пор з увагі на выезд у Ахайю, дзе ягоны густ, ягонае знатоцтва грэцкіх рэчаў маглі прыдацца. Але Тыгэлін пачаў паволі талкаваць цэзару, што Карын перавышае густам і ведай Пятронія ды што лепш за яго патрапіць ладзіць ігрышчы, банкеты й трыумфы. Ад гэнай пары Пятроні быў наканаваны. Не смелі, аднак, прыслаць яму прысуд у Рыме. І цэзар і Тыгэлін прыгадвалі сабе, што гэты нібыта збабелы эстэт, «робячы з ночы дзень», затурбаваны толькі раскошай, мастацтвам і баляваннем, калі быў праконсулам у Бітыніі, а пасля консулам у сталіцы, выказаў годную подзіву працавітасць і энергію. Уважалі яго за здольнага да ўсяго, а ведалі, што ў Рыме мае сімпатыю не толькі ў народзе, але нат у прэторыян. Ніхто з цэзаравых завушнікаў не ўмеў прадбачыць, як ён у даным выпадку паступіць, дык выдавалася рэчай рассуднейшай вывабіць яго з гораду і — дасягнуць на правінцыі.

Дзеля гэнай мэты атрымаў запросіны, каб разам з іншымі аўгустыянамі прыехаў да Кумэ, а ён, хоць прадбачваў подступ, выехаў, можа, таму, каб не аказаць яўнага ўпорства, а можа, каб яшчэ раз паказаць цэзару й аўгустыянам бестурботную і неўстрашымую вясёласць і свабоду ды паканаць апошні раз Тыгэліна.

Тым часам той абвінавачваў яго зараз жа за сяброўства з Сцэвінам, які быў душою згавору Пізона. Пятроніевых людзей, што засталіся ў Рыме, закратавалі, дом абставілі прэторыянскаю вартаю. Але ён, даведаўшыся пра гэта, не выявіў ні трывогі, ні нат маркоты і з усмешкай кажа аўгустыянам, якіх гасціў у собскай багатай вілле ў Кумэ: — Агенабарбус не любіць нечаканых пытанняў, дык пабачыце, як збянтэжыцца, калі спытаю яго: ці гэта ён загадаў закратаваць маю фамілію ў сталіцы?

Пасля запавясціў ім банкет «перад далёкім падарожжам» і якраз рабіў прыгатаванні да таго банкету, як даручылі яму пісьмо ад Вініція.

Пятроні, атрымаўшы яго, крыху задумаўся; па хвіліне, аднак, міна зноў праяснілася, як абыдна, і вечарам таго ж самага дня адпісаў наступнае: «Цешуся з вашага шчасця, і подзіў мяне бярэ, чытаючы пра вашыя сэрцы, carissime, бо я не думаў, каб двое закаханых магло аб кім трэцім і далёкім памятаць. А вы не толькі не забылі пра мяне, але запрашаеце мяне ў Сіцылію, каб падзяліцца са мною вашым хлебам і вашым Хрыстом, які, як пішаш, так шчодра прыспорвае вам шчасця.

Калі так, дык слаўце Яго. Я думаю, дарагі, што Лігію вярнуў табе крыху таксама й Урсус, а крыху й народ рымскі. Калі б цэзар быў іншым чалавекам, дык я думаў бы нат, што спынілі далейшы пераслед з увагі на тваё з ім сваяцтва праз тую ўнучку, якую Тыбэрый аддаў у сваім часе аднаму з Вініціяў. Але, калі думаеш аднак, што гэта Хрыстус — не буду спрачацца з табою.

Так, не шкадуйце Яму ахвяр! Праметэй таксама прысвяціўся для людзей, але, эгэў! Праметэй, кажуць, ёсць толькі выдумкай паэтаў, а пра Хрыста сведчылі мне веры годныя людзі, што бачылі Яго на ўласныя вочы. Я разам з вамі думаю, што гэта найсправядлівейшы з усіх багоў.

Пытанне Паўла з Тарсу памятаю і згаджаюся, што калі б, напрыклад, Агенабарбус жыў паводле навукі Хрыстовай, дык я б, можа, меў час паехаць да вас на Сіцылію. Тагды б у ценю дрэваў над крыніцамі гутарылі б пра ўсіх багоў ды пра ўсе праўды, як калісь дыскутавалі грэцкія філёзафы.

Сяння кароткі табе мушу даць адказ.

Я двух толькі хачу прызнаваць філёзафаў: адзін завецца Пырон, другі Анакрэонт. Рэшту танна табе магу прадаць разам з цэлаю школаю грэцкіх і нашых стоікаў. Праўда жыве недзе так высока, што і самі багі Алімпу не могуць яе дагледзець. Табе, carissime, здаецца, што ваш Алімп яшчэ вышэйшы, і, стоячы на ім, запрашаеш мяне: «Увайдзі, а ўгледзеш тое, чаго не бачыў дагэтуль!» Быць можа. Але я табе, мой мілы, адказваю: «Ног не маю!» І, калі дачытаеш да канца гэтае пісьмо, думаю, прызнаеш мне праўду.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 142
  • 143
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • 152
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: