Шрифт:
— Прыношу табе жыццё! — адазваўся, уваходзячы, цэнтурыён.
— Запозна, — адказаў храплівым голасам Нэрон.
Пасля дадаў: — Во гэта вернасць!
Смерць хутка пачала абнімаць голаў. Кроў з грубога карку аблюзгвала чорным раўчуком агародныя кветкі. Нагамі рыў зямлю і — сканаў.
Верная Актэ абвіла яго назаўтра каштоўнымі тканінамі і спаліла на перапоўненым пахошчамі вогнішчы.
І так прамінуў Нэрон, як мінае ліхая бура, навальніца, пажар, вайна ці паморак. А базыліка Пятра валадарыць і дасюль з Ватыканскіх высяў над народам і светам.
Недалёка Капэнскае брамы стаіць і дасяння маленькая каплічка з прыцёртым крыху напісам: «Quo Vadis, Domine?»
КАМЕНТАРЫ
С. 13: Нэрон (37–68 гг. н. э.) — рымскі цэзар (ад 54 г.) з дынастыі Юліяў Клаўдыяў. Олеотокіюм — пакой для масажу ды націрання алеем. Эфебы — пляцоўкі для гімнастычных спаборніцтваў эфебаў (юнакоў 16–20 гадоў). Сявера і Цэлер — архітэктары, што пабудавалі «Залаты палац» Нэрона.
Ватыній Тытус — шавец, якога Нэрон зрабіў прыдворным блазнам, наблізіўшы да сябе. Люкан — рымскі паэт І ст. н. э., аўтар паэмы «Фарсалія». Сэнэцый Клаўдый — набліжаная да Нэрона асоба, пазней быў удзельнікам змовы Пізона. Бальнеатар — нявольнік, што служыў пры лазні. Бысс — тонкая, ледзь не празрыстая тканіна з бавоўны, якая надта шанавалася ў часы Рымскай імперыі. Ляконікум — аддзел гарачай лазні з вялікім, але неглыбокім басэйнам. Альбанскія горы — цяпер гэтая мяйсцовасць, дзе стаяў храм Ёвіша (Юпітэра), мае назву Монтэ-Кво, і гэта каля 30 км на паўднёвы ўсход ад Рыма. Тэпідарыюм — халаднейшая лазня. Наменклатар — паслугач, які вёў наменклатуру ўсёй світы дома, ягоных гасцей і нават гатуемых на кухні страваў. Марк Вініцій — консул з часоў цэзара Тыбэрыя, які ў сапраўднасці ажаніўся не з сястрою Пятронія, а з унучатай стрыечніцай таго цэзара. Даміцый Карбулон — таленавіты рымскі ваявода, які ва ўзросце 67 гадоў скончыў жыццё самагубствам па загаду Нэрона.
С. 14: Парты (парфяне) — супернікі рымлян за ўплыў на Блізкім Усходзе і ў Арменіі; магутная дзяржава партаў знаходзілася тады на тэрыторыі сучасных Ірака ды Ірана. Асклепіёс — бог лекавання ў грэцкай міфалогіі, сын Апалона і Караніды (атоесамліваецца з рымскім Эскулапам). Кіпрыда — эпітэт Афрадыты (Венус, Венера), які звязаны з міфам, што яна нарадзілася з марской пены ля берагоў Кіпра (Цыпру). Бітынія (Віфінія) — вобласць на паўночным захадзе Малой Азіі, якая стала правінцыяй Рымскай імперыі з 74 г. перад н. э. Гераклея (Геракліён, Іракліён) — горад і порт у Бітыніі (Грэцыя) на ўзбярэжжы Чорнага мора. Калхіда — вобласць на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Чорнага мора на тэрыторыі сучаснай Грузіі. Валохэс — маецца на ўвазе Валохэс І, лідэр дзяржавы партаў (каля 57–76 гг. н. э.). Тырыдат — брат Валохэса, узведзены на армянскі трон у 66 г. н. э. Тыгрынэс — Тыгран IV — галава Армянскай дзяржавы ў 60–62 гг. Арулан — Юні Арулан Рустын, філёзаф-стоік, у 66 г. быў народным трыбунам. Пырон (каля 360–270 г. перад н.
э.) — грэцкі філёзаф, заснавальнік школы скептыкаў, якія адмаўлялі магчымасць асэнсавання сутнасці рэчаў ды заклікалі ўстрымлівацца ад выказвання меркаванняў, уважаючы кожнае з іх аднолькава далёкім ад ісціны. Сысэн — гістарычнасць гэтай асобы не вызначана. Арсіноэ — дачка валадара Месэны Леўкіпа. Караніда — німфа ў грэцкай міфалогіі.
С. 15: Эпідаўрус — калябярэжны горад ў Аргалідзе (вобласці на паўночным усходзе паўвострава Пелапанэс), вядомы сваім храмам Асклепіёса. Порта Капэна, або Капэнская брама, — паўднёвы выезд з Рыму праз Апіеву дарогу на Капую (галоўны горад правінцыі Кампанья, што ў 200 км ад Рыма). Інкубацыя — начаванне ў храме дзеля прарочага сну. Гіпокаўстэрый — памяшканне пад будынкам, дзе награвалася паветра і цераз сістэму трубаў абагравала дом.
Харыткі — у грэцкай міфалогіі тры дачкі Зэўса і Эўрыномы (Аглая, Эфрасіна і Талія), багіні юнацтва, зграбнасці й прыгажосці; атоесамліваюцца з рымскімі Грацыямі. Эпілятары — нявольнікі-масажысты, што займаліся ліквідацыяй валосся на целе. Туніка — хатняя штодзённая доўгая нацельная кашуля. Лізып (Лізыпас) — выдатны грэцкі скульптар 2-й паловы IV ст. перад н. э. Палатын — палац на цэнтральным узгор’і Рыма, які ад часу Аўгуста зрабіўся цэзарскай рэзідэнцыяй. Гера — вярхоўная алімпійская багіня, якая атоесамліваецца з рымскай Юно (Юнонай), сястра й сужонка Зэўса (Ёвіша, Юпітэра). Агрыпа Марк Віпсаній (62–12 гг. перад н. э) — буйны ваявода, зяць Аўгуста; слаўны яшчэ будаўніцтвам у Рыме вадацягаў і першых грамадскіх лазняў (тэрмаў).
Фабрыцый Вэент — вядомы даказчык (стукач) таго часу, пра якога паведамляе Тацыт («Анналы», XIV, 50). Пакінуў па сабе кнігу пад назвай «Запавет», дзе зганіў усіх сучаснікаў, што былі яму не даспадобы; ягоныя паклёпы абурылі нат Нэрона, і той загадаў спаліць кнігу Вэента, а аўтара адправіў у выгнанне.
С. 16: Сэнэка Люцый Анэй — знакаміты філёзаф-стоік І ст. н. э., выхавальнік Нэрона. Мусоні Руф — вядомы філёзаф-стоік таго часу, сасланы ў сувязі з раскрыццём змовы Пізона. Фрыгідарыюм — ахалоджвальня ў лазні.
Рудабароды (лац. Ahenobarbus) — мянушка роду Даміцыяў, з якога паходзіў і Нэрон, да таго ж сам цэзар знешне адпавядаў мянушцы дакладна.
Скаўр — персанаж нельга назваць гістарычным, бо вядомы рэтор і паэт-трагік Эмілій Мамерк Скаўр скончыў самагубствам у 34 г., г. зн. перад падзеямі раману. Вініць Руфін — рымскі рыцар, які у 61 г. быў сасланы ў выгнанне за падробку дакументаў. Трымальхіён — персанаж з «Сатырыкона» Пятронія, тып багацея-самалюбцы.