Шрифт:
С. 17: Антыохія — буйны горад у паўночнай Сірыі блізу ўзбярэжжа Міжземнага мора. Унктуарыюм — пакой у лазні для масажу і націрання пахнідламі. Кос — востраў блізу паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Малое Азіі. Вестыпліка — нявольніца, што сочыць за вопраткай. Тога — вопратка паўналетняга чалавека, якая складалася з кавалка тканіны, адмыслова ўкладзенага. Фамілія — тут: не толькі сям’я, але і ўвесь «дом», г. зн. нявольнікі, вызвольнікі і г.д.
С. 18: Басс Аўфідый — вядомы гісторык і філёзаф-эпікурэец, высока шанаваны Сэнэкам. Аўл Плаўт — вядомы ваявода, заваёўнік Брытаніі, дзе быў намеснікам у 43–47 гг. С. 18: Субякум — вілла Нэрона блізу так званых Сімбруінскіх азёраў, каля 60 км на паўднёвы ўсход ад Рыма. … тужыў той Сон… за Пейсытаю… — паводле некаторых версій міфа ў Зэўса было дачок-Харытак болей, чым тры, і Пейсыта — адна з іх, малодшая, якую Гера абяцала Сну (Гіпносу) ва ўзнагароду за тое, што апануе Зэўса сном. Гісторыя не надта даўгая… — далей Сянкевіч вуснамі Вініція пераказвае, крыху перайначыўшы, фрагмент з Тацыта («Анналы», XII, 23–30) аб падзеі, што магла адбывацца ў 50 г. Свевы — зборная назва плямёнаў, што жылі на паўночным усходзе Германіі, этнічны субстрат якіх пазней захаваўся ў генетыцы прусаў і яцвягаў, а праз іх захаваў прыкметы і ў этнагенезе беларусаў; Ванія зрабіў каралём свеваў сын Тыбэрыя Цэзар Друзус– малодшы (13 г. перад н. э. — 23 г. н. э.). Германдуры — германскае племя, што жыло на тэрыторыі сучасных Баварыі й Цюрынгіі.
С. 19: Языгі — племя сарматаў, што жыло між Дунаем і Тысай. Гістэр — асоба гістарычная, гэта намеснік Паноніі, які камандаваў паддунайскай легіяй, але ў рэальнасці яго звалі не Атэлій, а Сэкст Палпэлій Гістэр.
Катты — буйное германскае племя, што жыло ў вярхоўях ракі Везэр. Гісперыйскі яблык — паводле грэцкай міфалогіі, гэта яблыкі вечнай маладосці, якія Гера атрымала ў падарунак ад Геі (Зямлі), а назваю сваёю яны паходзяць ад німфаў, што іх ахоўвалі, гісперыд, — якія жылі на дальсвеце ля берагоў Акіяну. Мопс — легендарны прадказальнік, сын прадказальніцы Манто. Гай Пліній Сэкунд-старэйшы (23–79 гг.) — рымскі дзяржаўны дзеяч, гісторык і навуковец-энцыклапедыст, які загінуў падчас вывяржэння Везувія.
С. 20: Саракт — высокая гара ў паўднёвай Этрурыі на поўдзень ад Рыма. Стола — доўгая раскошная сукенка, якая лічылася прыкметай сталай рымскай матроны. …па лузе, зарослым асфодэлямі… — іншымі словамі, па краіне мёртвых. Даміцыус Афэр — здольны тагачасны прамоўца, але запляміў сваю рэпутацыю даказчыцтвам. Ляры — паводле рымскай міфалогіі гэта багі, што захоўвалі хатні агмень.
С. 21: Калі «боскі» Аляксандр… чаго дзівіцца Гэлене — па-грэцку імя Аляксандр абазначае «муж-абаронца»; такой мянушкай нараклі Парыса, сына траянскага ўладара Прыяма і Гекубы, які зачараваў сваёй прыгажосцю пекную Гэлену, дачку Зэўса й сужонку ўладара Менелая, і тая збегла з ім у Трою, з-за чаго й пачалася Траянская вайна.
С. 22: Форум — тут: цэнтральная плошча, поўная назва якой Форум Рамана (Рымскі Форум); у гэтым месцы на паўднёва-заходнім схіле Капіталінскага ўзгор’я засяроджвалася грамадскае й палітычнае жыццё Рыма. Атрыюм — памяшканне, у якое трапляеш адразу па ўваходзе ў дом. Кубікулюм — спальня. Карынэ — багаты арыстакратычны квартал у паўднёваўсходняй частцы гораду паміж Палатынскім і Эсквілінскім узгор’ямі. Педысеквы — нявольнікі, якія подбегам суправаджалі лектыку.
С. 23: Ліціній Сталон Кай — народны трыбун, у 367 г. перад н. э. разам з Люцыем Сэкстам Лятэранам дамогся заканадаўчых рашэнняў на карысць плебса і шэраговага сялянства. Маніплы — баявыя аддзелы рымскага войска па пары соцень чалавек, г. зн. па дзве цэнтурыі; тры маніплы складалі кагорту, а дзесяць кагортаў — легію. Була — шыйны амулет у выглядзе шара або кола, які дзеці паўнапраўных грамадзянаў насілі да паўналецця. Гамадрыяда — лясное боства, німфа дрэва, якая з ім жа нараджаецца, жыве і памірае.
С. 24: Апіць — багацей і гурман часоў Аўгуста й Тыбэрыя, чыё імя пазначана на кнізе «Аб кулінарным штукарстве», паходжанне якой усё ж адносяць да больш позняга перыяду. Архітраў — ніжэйшая з трох частак перакрыцця (антаблемента); уяўляе сабою гарызантальную бэльку, што абапіраецца на капітэлі калюмнаў. Трыгліфы — элементы пліткавай аблямоўкі сярэдняй часткі перакрыцця. Тымпан — трохкутнае поле франтона (верхняй часткі фасада) без карніза вакол яго, дзе размяшчаліся розныя скульптуры ды іншыя рэльефныя ўпрыгожанні. Кастар і Палукс — у грэцкай міфалогіі так званыя Дыяскуры, браты-блізнюкі, сыны Зэўса, багі-ахоўнікі ваяроў і мараходаў. Веста — паводле рымскай міфалогіі багіня-ахоўніца хатняга агменю й дзяржавы. Ростры — Растральная трыбуна, г. зн. упрыгожаная загнутымі насамі захопленых варожых караблёў. Сістра — трашчотка накшталт кастаньетаў. Самбука — музычны інструмент кшталту гарфы.
С. 25: Квірыт — паўнапраўны рымскі грамадзянін. Жыхары Сэрыкума — кітайцы. Аронт — галоўная рака Сірыі, якая ўпадала ў Міжземнае мора насупраць Антыохіі. Нарбонская Галія — паўднёва-ўсходняя частка сучаснай Францыі ля ўзбярэжжа Міжземнага мора. Сэрапіс — сінкрэтычнае боства эліністычнага Ўсходу, якое атоесамліваецца адразу з егіпскім Азырысам, грэцкімі Зэўсам, Плутонам, Апалонам, Пасейдонам; гэтаму боству падпарадкоўваліся ўсе стыхіі прыроды. Ізыда — у егіпскай міфалогіі багіня ўрадлівасці, вады й ветру, апякунка мараходаў. Кібелля — фрыгійскае боства ўрадлівасці, «Маці багоў»; оргіястычны культ Кібеллі распаўсюдзіўся ў Рыме з II ст. перад н. э. Субура — ажыўлены раён Рыма ў нізінах між узгор’ямі Эсквілін, Квірынал і Вімінал, на поўнач ад Карынэ, дзе на аднайменнай вуліцы было шмат забягалавак і прытонаў. Пэданій Сэкунд — рэальная асоба, колішні прэфект Рыма (61 г.).