Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Ну, можа, не ведаеш, — гаварыў далей Пятроні, — што гэтая вілла і тыя нявольнікі, што ўюць вянкі, ды ўсё, што ў ёй знаходзіцца, і поле, і статкі, ад сянняшняга дня — твае.

Эўніка, пачуўшы гэта, адсунулася борзда ад яго і галаском трывожлівым пытае: — Чаму ты гэта мне гаворыш, спадару?

Ды падсунулася зноў да яго, жахліва маргаючы вачыма. Збялела, бы палатно, а ён усцяж пасміхаўся, вымавіўшы нарэшце адно толькі слова: — Так!

Замоўклі. Заціхла ўсё, толькі лягенькі павеў ветрыку жартаваў лісткамі буку.

Пятроні сапраўды мог бы думаць, што перад ім статуя беламармуровая.

— Эўніка! — кажа. — Я хачу пагодна памерці.

Красуня, глянуўшы на яго з балючым усмехам, вышаптала: — Слухаю.

Вечарам госці, якія не раз ужо бывалі на Пятроніевых банкетах і ведалі, што ў параўнанні з імі нат банкеты цэзара выдаваліся нуднымі і барбарскімі, пачалі сходзіцца грамадою, а нікому і ў думку не прыйшло, каб гэна меў быць апошні сымпозыён. Многія, праўда, ведалі, што над элеганцкім арбітрам завіслі хмары нехаці цэзара, але здаралася гэта ўжо шмат разоў, і заўсёды Пятроні ўмеў іх разагнаць нейкім спрытным жэстам або адным смелым словам, што сапраўды ніхто не думаў, каб гэта яму пагражала паважная небяспека. Ягоная вясёлая міна і звычайныя свабодныя паводзіны сцвярджалі дарэшты такое перакананне. Прыгожая Эўніка, якой сказаў, што хоча памерці пагодна, і для якое кожнае слова ягонае было святым, мела ў боскім выглядзе поўны супакой ды нейкія дзіўныя іскры ў зрэнках, якія можна было б назваць радасцю. У дзвярох трыклініюма хлапчаняты з валасамі ў залатых сетках укладалі вянкі ружаў на галовы гасцям, упераджаючы іх паводле звычаю, каб пераступалі парог праваю нагою. У залі расходзіўся лёгкі пах фіялкаў; святло мігацела ў рознакраскавых александрыйскіх шклах. Пры лавах стаялі грэцкія дзяўчаткі, гатовыя скрапляць пахошчамі ногі гасцей.

Пад сценамі цытрысты й афінскія спевакі чакалі знаку свайго харавода.

Сталовы прыбор яснеў камфортам, але камфорт той не крычаў бліскоццем, не дражніў нікога, казаў бы, сам выцвітаў з сябе. Веселасць і свабода разліваліся разам з пахам фіялкаў па залі. Госці, уваходзячы сюды, адчувалі, што не завісне над імі ні прымус, ні гразьба, як гэта бывала ў цэзара, дзе замала высокія або нат не зусім трапныя пахвалы песні ці паэзіі можна было прыплаціць жыццём. Дык пад уражаннем сімпатычнага асвятлення, азялененых каўшоў він, ледзянеючых на снежным покрыве, і мудрагелістых страваў хутка разахвоціліся сэрцы бяседнікаў. Весела зашумеў гоман гутаркі, бы гоман пчалінага рою над абсыпанаю кветкамі яблыняй. Часамі толькі перарываў яго вулкан вясёлага рогату, часамі выкрык пахвалы, часамі замоцны цалунак белае ручанькі. Госці, п’ючы віно, страсалі па некалькі кропляў несмяротным багом, каб прыхіліць іхнюю апеку і спагаднасць для гаспадара дому. Гэта нічога, што многія не верылі ў багоў. Так дыктаваў звычай. Пятроні, лежачы побач з Эўнікай, гутарыў пра рымскія навіны, пра найнавейшыя разлукі, пра любоў і любошчы, пра спорт, пра Спікулюса, героя арэны з апошніх дзён, ды пра найнавейшыя кніжкі, якія з’явіліся ў Атракта і Созыя. Страсаючы віно, гаварыў, што страсае толькі на гонар Цыпрыйскае Спадыні, найстарэйшае ды найважнейшае за ўсе багі, адзінае, несмяротнае, трывалае валадарыні.

Гутарка ягоная была, моў той сонечны прамень, які штораз іншы прадмет асвятляе, або як летні павеў, што калыша кветкі ў агародзе. Урэшце кіўнуў на харавода, і далікатна зазвінелі цытры, а маладыя галасы пачалі ўтараваць ім.

Пасля танцоркі з Кос, зямлячкі Эўнікі, замігацелі з-пад празрыстых строяў ружовымі фігурамі. У канцы егіпскі варажбіт пачаў гасцям варажыць будучыню з шматколерных рухаў дорадаў, зачыненых у крыштальнай судзіне.

Аж вось, калі госці назабаўляліся ўжо ўдосталь, Пятроні падняўся на сваім сірыйскім узгалоўі і важна, як бы нехаця, адазваўся: — Прыяцелі! Выбачайце, што на банкеце звярнуўся да вас з просьбаю: хай вось кожны з вас прыме ад мяне ў дарунку тую чару, з якое найперш упусціць кроплю ў гонар багоў ды на маю памыснасць.

Пятроніевы чары іскрыліся золатам, каштоўнасцямі і мастацкаю разьбою, дык, хоць раздаванне падарункаў было ў Рыме паспалітаю рэччу, радасць заліла сэрцы бяседнікаў. Адны пачалі яму дзякаваць і славіць яго на ўвесь голас; другія казалі, што нат сам Ёвіш не ўганараваў багоў на Алімпе падобным дарам; былі ўрэшце й такія, якія сумняваліся прыняць рэч, бо так перавышала абыдную меру.

А ён падняў мырэнскую кружу, чаруючую вясёлкавымі тонамі красак, проста бясцэнную, і мовіць: — А вось тая, з якой адліў на гонар Цыпрыйскае Спадыні. Хай ад гэнае хвіліны нічые вусны да яе не датыкаюцца ды нічые рукі на гонар іншае багіні з яе не ўпушчаюць!

І бразнуў каштоўную судзіну на пасыпаную ліловымі кветкамі шафрану падлогу, а калі распырснулася на дробныя драбочкі, мовіў далей, бачачы навокал здзіўленыя вочы: — Весяліцеся, дарагія, заміж дзівіцца. Старасць, нядужасць — гэта сумныя таварышы апошніх гадоў жыцця. Але я вам даю добры прыклад і раду: можна, бачыце, іх не чакаць і, пакуль прыспеюць, адыйсці дабрахотна, як я адыходжу.

— Што ты хочаш рабіць? — адазвалася адразу некалькі галасоў.

— Хачу весяліцца, віно піць, музыкі слухаць, любавацца гэтай вось боскай фігурай, што вобак мяне бачыце, а пасля заснуць з увенчанаю галавою. Я ўжо развітаўся з цэзарам, і ці хочаце паслухаць, што я на развітанне яму напісаў?

Гэта сказаўшы, выцягнуў з-пад пурпуровага ўзгалоўя ліст і пачаў чытаць наступнае: «Ведаю, цэзар, што нецярпліва чакаеш майго прыбыцця, і што тваё вернае сэрца прыяцеля тужыць па мне днямі й начамі. Ведаю, што абсыпаў бы мяне дарункамі, даверыў бы мне прэфектуру прэторыі, а Тыгэліну загадаў бы быць тым, на каго стварылі яго багі: пастухом мулаў у тых тваіх маёмасцях, якія дасталіся табе ў спадчыне па атручаным Даміцыю. Выбачай аднак, бо прысягаю на Гадэса і на цень твае маці, жонкі, брата і Сэнэкі, што прыбыць да цябе не магу. Жыццё ёсць вялікім скарбам, а я з таго скарбу ўмеў выбіраць найбольш вартасныя каштоўнасці, але ў жыцці ёсць таксама рэчы, якіх даўжэй сцярпець немагчыма. Ох, прашу не думаць, што мяне загідзіла тое забойства маткі, жонкі, брата, што спаліў Рым і выслаў да Эрэбу ўсіх сумленных людзей твае дзяржавы. Не, мой праўнуча Хронаса. Смерць ёсць прызначэннем людскога пагалоўя, а ад цябе іншых учынкаў нельга было спадзявацца. Але калечыць сабе вушы праз доўгія яшчэ гады тваім пяяннем, аглядаць твае даміцыянскія тонкія ножкі, шалеючыя ў пырэйскім танцы, слухаць твае музыкі, твае дэкламацыі ды твае паэзіі! — вось што перамагло мае сілы і ўзбудзіла тугу да смерці. Рым затыкае вушы, цябе слухаючы, свет з цябе смяецца, а я даўжэй чырванець за цябе не хачу і не магу.

Выццё хоць бы й цэрбера, мой мілы, да твайго пяяння падобнае, менш будзе мне дакучнае, бо я не быў ніколі ягоным прыяцелем, дый за голас ягоны саромецца не маю абавязку. Бывай здароў, але не спявай; забівай, але не пішы вершаў; атручвай, але не танцуй; падпальвай, толькі не грай на цытры! Таго табе жадае і гэтую апошнюю раду пасылае Арбітр Элеганцыі».

Бяседнікі патрухлелі, ведалі бо, што ўтрата дзяржавы менш сперунавала б Нэрона. Сцямілі таксама, што чалавек, які напісаў гэты ліст, мусіць памерці, а прытым іх саміх абняла дрыгата страху, што такога ліста слухалі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • 152
  • 153
  • 154
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: