Шрифт:
Пышны від ачараваў Лігію, аб якім скромны дом Аўла не мог ёй даць найменшага паняцця. Была гэна хвіліна заходзячага сонца, і апошнія касулі ягоныя азаралі жоўты нумідыйскі мармур калюмнаў, што гарэлі золатам у гэным бляску ды пераліваліся ружавою. Між калюмнамі, вобак белых статуяў Данаід ды іншых багоў і герояў, плыла рака людзей — мужчын, жанчын, — падобных да гэтых статуяў, бо ўдрапаваных у тогі, пеплюмы і столы, ападаючыя стройна мяккімі хвандамі да зямлі, а на іх дагасалі водбліскі заходзячага сонца. Велізарны, з асветленай шчэ галавою, Апалон ад грудзей быў ужо ў ценю калюмны, паглядаў згары на гэную грамаду. Актэ паказвала Лігіі сенатараў у шырока аблямованых тогах з паўмесяцамі на абутку, і вершнікаў, і знакамітых актораў, і рымскіх жанчын, убраных па-рымску, па-грэцку або ў фантастычныя ўсходнія строі, з валасамі, уложанымі ў вежу, піраміды, або зачэсаных, моў багіні, гладка ды прыстроеных аднізу ў кветкі. Многа мужчын і кабет Актэ называла паіменна, дадаючы да імёнаў кароткія й часамі страшныя гісторыі, ад якіх Лігія праймалася жахам, подзівам, здумленнем. Быў гэта для яе дзівосны свет, прыгажосцю якога ўпаяліся ейныя вочы, але супярэчнасцяў ягоных не мог зразумець ейны дзявочы розум. У гэных зарніцах на небе, у гэных радох непарушных калюмнаў, уцякаючых у далячынь, і ў тых людзях, падобных да статуяў, быў нейкі вялікі супакой; здавалася, што сярод гэных просталінійных мармураў павінны быць бестурботныя, шчаслівыя людзі-паўбогі, тым часам ціхі голас Актэ адкрываў паступова штораз іншую страшную тайніцу і гэтага палацу, і гэтых людзей. Вунь там далёка відаць крыптапортык, на калюмнах якога й на пасадцы чырваняцца шчэ крывавыя плямы, якімі аблюзгаў белыя мармуры Калігула, забіты нажом Касія Хрэі; там замардавана ягоную жонку; там дзіцянё разбілі аб каменні; там, пад гэным крылом, ёсць падзямелле, у якім з голаду грыз рукі Друз-малодшы; там атруцілі старэйшага; там віўся ад жаху Гэмэль, там з канвульсіяў Клаўдый, там Германік. Усюды сцены гэтыя чулі енкі й стогны канаючых, а тыя людзі, што спяшаюцца цяпер на банкет у тогах, у краскавых туніках, у кветках і кляйнотах, — гэта, можа, заўтрашнія асуджэнцы; можа, не на адным твары жах прыкрываецца смехам; можа, гарачка, жарсць і зайздрасць раз’ядаюць сэрцы гэтых напазор бестурботных паўбагоў.
Палахлівыя думкі Лігіі не маглі паспець за словамі Актэ, і калі той цудны свет прыцягаў штораз мацней ейныя вочы, сэрца трапяталася ў ёй ад страху, а ў душы сарвалася нагла нявыказаная вялікая туга па каханай Пампоніі, па супакойным доме Аўлаў, дзе панавала любоў — не злачынства.
Тым часам ад Вікус Апалонус наплывалі штораз новыя хвалі гасцей. З-за брамы данасіліся вокрыкі й гоман кліентаў, адводзячых сваіх патронаў. Надворак і калюмнады зараіліся мноствам цэзаравых нявольнікаў, нявольніц, малых хлапчанят і прэторыянскіх ваяроў, вартуючых палац. Дзе-нідзе між белымі або смаглымі тварамі чарнеўся твар нуміда з перыною ў шаломе і з вялікімі залацістымі кольцамі ў вушах. Няслі лютні, цытры, пучкі штучна выгадаваных, міма позняе восені, кветак, ручныя мядзяныя, сярэбраныя й залатыя лямпы. Штораз галаснейшы шум гутарак мяшаўся з плюскам вадаліву, якога ружовыя ад вячэрняй зары косы падалі звысака на мармуры, разбіваліся на іх, як бы плачучы.
Актэ перастала расказваць, але Лігія ўсцяж глядзела, як бы каго ў грамадах шукаючы. Нараз зарумянілася. Спаміж калюмнаў выхіліліся Вініць і Пятроні, яны йшлі да вадаліву трыклініюма: прыстойныя, спакойныя, падобныя ў сваіх тогах да белых багоў. Лігіі, якая сярод чужых людзей убачыла гэтыя дзве знаёмыя прыязныя асобы, асабліва Вініція, здавалася, што вялікі цяжар апаў ёй з сэрца. Пачулася менш самотнай. Тая няўтульная тужлівасць па Пампоніі і доме Аўлаў, якая абудзілася ў ёй перад хвілінай, перастала мучыць. Пакуса спаткання з Вініціем і бяседы з ім заглушыла іншыя водгукі душы. Дарэмна прыгадвала сабе ўсё благоцце ў доме цэзара, аб якім чула і словы Актэ, і перасцярогі Пампоніі. Паміма гэных слоў і перасцярогаў раптам пачула, што на гэтым банкеце не толькі быць мусіць, але і хоча: на ўспамін, што за хвіліну пачуе гэны мілы любы голас, які гаварыў ёй пра каханне і боскае шчасце, які гучэў ёй у вушах дасюль, моў чаруючая песня, ахапіла яе радасць.
Але раптоўна і спалохалася гэтае радасці. Здалося ёй, што ў гэтай хвіліне здраджае і той чысты голас навукі, у якой яе ўзгадавана, і Пампонію, і сябе. Іншая рэч ісці пад прымусам, а іншая — цешыцца з такога прымусу. Пачулася вінаватай, нягоднай і прапашчай. Каб была сама адна, укленчыла б і пачала б бажыцца ў грудзі, прызнаючыся: мая віна, мая віна! Актэ, узяўшы цяпер яе за рукі, вяла праз нутраныя пакоі ў вялікі трыклініюм, дзе меўся быць банкет, а ёй цямнела ўваччу, шумела ад нутраных узварушэнняў, і біццё сэрца забівала ў ёй дыханне. Нібы ў сне ўбачыла тысячы мігатлівых лямпаў і на сталох, і на сценах, як праз сон пачула вокліч, якім віталі цэзара, як у імгле ўбачыла яго самога. Вокліч аглушыў яе, бляск асляпіў, ударыў пах квецця, і, страціўшы прытомнасць, ледзь магла распазнаць Актэ, якая, пасадзіўшы яе за стол, сама села вобак.
Хвілінка, і нізкі знаёмы голас адзываецца з другога боку: — Вітаю найцуднейшую з красунь зямных і зорак нябесных! Як маешся, боская Каліна?
Лігія, крыху апрытомеўшы, зірнула — побач з ёю сядзеў Вініць.
Быў без тогі, бо выгода і звычай вымагалі гэтага. Акрывала яго толькі шкаратная туніка без рукавоў, вышываная ў сярэбраныя пальмы. Рукі меў голыя, ухарошаныя ўсходнім звычаем двума шырокімі залатымі нараменнікамі вышэй локцяў, а ніжэй — чыстыя ад валосся, гладкія, але занадта мускулярныя, сапраўдныя рукі ваяра, створаныя для мяча і шчыта. На галаве меў вянок з ружаў. З бровамі, зрослымі над носам, з чароўнымі вачыма ды смаглай скурай быў, казаў бы, увасабленнем маладосці й сілы. Лігіі здаваўся так прыгожым, што, хоць першае ашаламленне ўжо мінула, ледзь магла адказаць: — Прывітанне Марку!
А ён: — О, як шчаслівыя вочы мае, што на цябе глядзяць. Як жа шчаслівыя вушы мае, што чуюць твой голас, мілейшы мне, чым голас цытры ці флейты!
Каб мне сказалі выбіраць, хто мае сядзець пры мне на гэтым банкеце: ты, Лігія, ці Венус, выбраў бы цябе, боская!
І пачаў углядацца на яе вачыма. Зор ягоны скоўзваўся з твару ейнага на шыю й голыя рукі, песціў чароўныя лініі ейнае фігуры, любаваўся ёю, агартаў яе, прагавіта ўпаяўся, але побач з жадою свяціла ў ім шчасце й любасць.
І захапленне без граніц.
— Я ведаў, што спаткаю цябе ў доме цэзара, — гаварыў далей, — аднак, як угледзеў цябе, усёю душою маёй страсянула такая радасць, як бы спаткала мяне шчасце зусім неспадзяванае.
Апрытомеўшы крыху ды зарыентаваўшыся, што ў гэным таварыстве адзінаю блізкаю да яе істотаю ёсць ён, пачала гутарыць з ім аб усім незразумелым тут ды страхотным, выпытваць: скуль ён даведаўся, напрыклад, што знойдзе яе ў доме цэзара, ды чаму яна тут? Навошта цэзар забраў яе ад Пампоніі? Ёй тутка жудасна, хацела б вярнуцца дамоў. Памерла б з тугі й трывогі, каб не надзея на ягонае й Пятроніева заступніцтва за яе перад цэзарам.
Вініць талкаваў ёй, што аб вывязенні яе даведаўся ад самога Аўла. Чаму яна тутака — не ведае. Цэзар ні перад кім не тлумачыцца з сваіх паступкаў і загадаў. Аднак жа хай яна не баіцца. Ён бо, Вініць, пры ёй будзе. Лепей бы страціў вочы, чым яе спрад вачэй, лепей бы аддаў жыццё, чым ад яе аддаліцца. Яна ёсць ягонай душой, дык пільнавацьме яе, як уласнае душы. Збудуе ёй у сваім доме алтар, моў багіньцы, на якім кадзіцьме ёй мыраю, алоэзам, а вясною — пралескамі й цветам яблыні… А калі баіцца цэзаравага дому, дык прыракае ёй, што ў гэным доме яна не будзе.