Шрифт:
Нат Пампоніі спадабалася вынайдаваная ветлівасць гэтага бывальца. Лігія слухала ўзварушаная й анясмеленая. Але паволі на вуснах ейных зайграў смяшок, на твары малявалася змаганне дзявочага сораму з ахвотай адказу — і, відаць, тая ахвота перамагла, зірнула бо раптам на Пятронія й адказала яму словамі тае ж Наўзікаі, вырэцытаванымі крыху па-вучнёўску:
Не абы-хто ты сам, дый у мазгох не пуста…Пасля закруцілася на назе ды ўцякла, бы спалоханая птушка. Цяпер прыйшла чарга здзіўлення на Пятронія — не спадзяваўся бо пачуць верш Гомэра ў вуснах дзяўчыны, аб барбарскім паходжанні якое чуў ад Вініція.
Глянуў також пытаючым вокам на Пампонію, але тая не магла яму даць адказу, бо глядзела на здаволенага Аўла.
А ён не ўмеў таго гордага здавальнення сукрыць. Перш-наперш прывязаўся быў да Лігіі, як да роднага дзіцяці, а па-другое, паміма сваіх старарымскіх нехацяў да грэччыны, уважаў яе за доказ таварыскае агляды. Сам не мог яе ніколі добра навучыцца, і гэтага скрыта шкадаваў, дык вось цяпер рад быў, што гэтаму вытворнаму мужу й літарату, які гатоў быў уважаць дом ягоны за барбарскі, адказана ў ім моваю й вершам Гомэра.
— Ёсць у нас грэк-педагог, — кажа, звяртаючыся да Пятронія, — вучыць нашага хлапца, а дзяўчо прыслухоўваецца лекцыям. Птушанё гэта яшчэ, але мілае птушанё, да якога прывыклі мы абое.
Пятроні ўглядаўся цяпер праз гушчару поўсці й капрыфоліюма на парк ды на разгуляную тройку. Вініць скінуў тогу і ў толькі туніцы падбіваў угару шпурляк, які Лігія насупраць з паднятымі ручонкамі намагалася схапіць.
На першы пагляд малодухна не зрабіла на Пятронія вялікага ўражання. Выдавалася яму лішне тонкай. Але ад моманту, калі ў трыклініюме ўзглянуў на яе бліжэй, падумаў сабе: так магла выглядаць хіба толькі заранка — і, як знаўца, задэцыдаваў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае. Усё зацеміў ды ўсё ацаніў: і ружова-празрысты тварык, і свежыя, ну проста просячыя цалунку, губкі, і блакітныя, бы мора, вочы, і алебастравую бель чала, і буйнасць цёмных косынькаў з бурштынавым і карынфскай медзі водблескам на лёчках, і лёгкую шыйку, і боскую лінію плячукоў ды цэлую постаць — гнуткую, танклявую, маладую маладосцю майскае расцвіўшае вясны.
Збудзіўся ў ім мастак і смакун красы, які адчуў, што пад фігуру гэтае красуні аж просіцца подпіс: «В я с н а». Раптам прыпомніў сабе Хрызатэміс, і парваў яго пусты смех: паказалася яму з сваёй залатою пудраю ў валасох ды начэрненымі бровамі надта звялаю, падобнай да скідаючай пялёсткі ружы. А ўсё ж такі гэнае Хрызатэміс зайздросціў яму цэлы Рым. Наступна прыгадаў сабе Папею — і тая праcлаўная Папея таксама паказалася яму бяздушнай васковай маскай. У гэтай жа дзяўчыне танагрскіх кшталтаў была не толькі вясна — была й светлая Псыхэ, прамянеючая з яе ружанага цела, моў касулі з лямпы.
— Вініць праўду казаў, — падумаў, — а мая Хрызатэміс старая, старая… моў Троя!
Пасля звярнуўся да Пампоніі Грэцыны — і, паказаўшы на парк, сказаў: — Разумею цяпер, доміна, што з такімі дваіма не хочацца вам ні палатынскіх банкетаў, ні цырку.
— Так, — адказала, звяртаючы погляд на малога Аўла і Лігію.
А стары ваяр пачаў расказваць гісторыю дзяўчыны і тое, што чуў калісь ад Атэлія Гістэра пра народ лігаў з далёкае поўначы.
А тыя скончылі гуляць у шпурляка і нейкі час хадзілі па агародным пяску, рысуючыся на цёмнай асноведзі цыпрысаў, бы тры белыя статуі. Лігія трымала за руку малога Аўлюса. Пашпацыраваўшы крыху, селі на лаўцы пры «пісцыне» [18] , на сярэдзіне агароду. Аўл зараз сарваўся плёшыць рыбу ў люстраной вадзе, а Вініць вёў далей зачатую падчас шпацыру гутарку: — Так, — казаў нізкім трэмолавым голасам. — Ледзь скінуў я прэтэксту, выслалі мяне ў азіяцкія легіі. Не знаў ні гораду, ні жыцця, ні кахання. Умею напамяць крыху Анакрэонта і Гарацыя, але не патрапіў бы так, як Пятроні, гаварыць вершы тады, калі розум нямее з подзіву й слоў знайсці не можа.
18
Басэйн (лац.).
Будучы хлопцам, хадзіў я ў школу Мусонія, які вучыў нас, што сутнасць шчасця ў тым, каб хацець таго, чаго багі хочуць — значыцца, ад нашае волі залежыць. На маю ж думку, ёсць іншае — даражэйшае й большае, — якое не залежыць ад волі, бо яго толькі каханне даць можа. Шукаюць таго шчасця cамі багі, дык і я, о Лігія, што не каштаваў дагэтуль кахання, йдучы ў іхнія сляды, шукаю такжа тае, каторая б схацела мне даць шчасце… Умоўк — толькі плюск вады, у якую малы Аўл кідаў каменьчыкі, страшачы рыбу, нарушаў цішыню. Па хвілі Вініць зноў пачаў гутарыць яшчэ цішэйшым і мякчэйшым голасам.
— Хіба ж знаеш Веспасыянавага сына Тытуса? Кажуць, ледзь ад хлапчаняці падняўся, як пакахаў Берэніку так, што туга амаль не выссала з яго жыцця… Так і я б умеў пакахаць, о Лігія!.. Багацце, слава, улада — пусты дым! Марнота! Багаты знайдзе багатшага за сябе, слаўны — слаўнейшага, магутны — магутнейшага… Але ці сам цэзар, ці каторы бог нат можа мець большую роскаш або шчаслівейшым быць, чым просты смяротнік, які прыціскае да сваіх грудзей іншыя грудкі або цалуе каханыя губкі… Дык каханне раўняе нас з багамі — о Лігія!..
А яна слухала неспакойна і здзіўлена так, як бы слухала тонаў грэцкае флейты ці цытры. Часамі здавалася ёй, што Вініць пяе нейкую песню дзіўную, што сочыцца ёй у вушы, запаляе ў ёй кроў, ды адначасна праймае млоснасць і нейкая няўцямная радасць.
Здавалася ёй таксама, ён гаворыць тое, што ўжо было ў ёй перадом, а чаго не ўмела ўцяміць. Чула, як ён нешта ў ёй разбуджае, што дагэтуль драмала, і як у гэнай хвіліне ймглісты сон мяняецца ў штось выразнейшае, больш мілае й прыгожае.
Тым часам сонца перакацілася даўно за Тыбр і завісла нізка над Янікульскім узгор’ем. На спакойныя цыпрысы падала чырвонае святло — і ўсё паветра было ім перасычана. Лігія падняла свае блакітныя, як бы разбуджаныя з сну, вочы на Вініція, і цяпер, у вячэрнім водбліску нахілены над ёю з просьбаю ў раз’іскраных вачах, паказаўся ёй прыгажэйшы за ўсіх людзей, за ўсіх грэцкіх і рымскіх багоў, якіх статуі спатыкала на франтонах святынь. А ён абняў лягонька пальцамі ейную ручаньку вышэй костачкі й пытае: — Няўжо ты не ўгадала, Лігія, чаму я гэта кажу табе?..