Шрифт:
Круглыя вочы Споруса, гэта бачачы, зрабіліся яшчэ круглейшымі, і віно зараз з’явілася перад Хілонам, які, памачыўшы ў яго палец, нагрымзоліў на стале рыбу ды кажа: — Ведаеш, што гэта значыць?
— Рыба? Ну рыба ды больш нічога!
— Дурны ты, хоць даліваеш столькі вады да віна, што магла б у ім знайсціся й рыба. Гэта сымбаль, які ў мове філязофаў азначае «ўсмешка Фартуны». Каб ты быў яго адгадаў, дык і ты мо дабіўся б фартуны. Шануй філязофію, кажу табе, бо йнакш — змяню вінярню; на гэта мой асабісты прыяцель Пятроні даўно ўжо мяне нагаворвае.
XIV
Праз некалькі наступных дзён Хілон не паказваўся нідзе. Вініць, які ад тае хвіліны, калі даведаўся ад Актэ, што Лігія кахала яго, у сто раз больш жадаў яе знайсці, распачаў пошукі на ўласную руку, не хочучы дый не могучы карыстаць з помачы цэзара, ахопленага трывогай з прычыны хваробы малое аўгусты.
Адыж не дапамаглі ахвяры ў святынях, мольбы і вота, як і лякарская практыка ды ўсякія чарадзейныя спосабы, якіх з адчаю хапіліся. Прайшоў тыдзень, і дзіця памерла. Пала жалоба на цэлы двор і на Рым. Цэзар, які пры народзінах дзіцяці шалеў з радасці, цяпер шалеў з роспачы і, зачыніўшыся, праз два дні не браў нічога ў губу, а хоць палац поўны быў спачуваючых сенатараў і аўгустыянаў, не дапускаў нікога на вочы. Сенат сыйшоўся на адумыснае паседжанне, на якім мёртвае дзіця агалошана багіняй: пастанавілі пабудаваць ёй святыню і ўстанавіць пры ёй асобнага святара. Складалі і ў іншых на гонар памёршае новыя ахвяры, адлівалі ёй статуі з каштоўных металаў, а хаўтуры былі адною бязмернаю ўрачыстасцю, на якой народ падзіўляў бязмерны жаль цэзара, плакаў разам з ім, выцягаў руку на падарункі, а больш за ўсё забаўляўся незвычайным відовішчам.
Пятронія смерць гэта ўстрывожыла. Было ўжо ведама ўва ўсім Рыме перакананне Папеі, што дзіця памерла ад уроку. Паўтаралі гэта за ёю і лекары, якія такім чынам маглі апраўдаць сваю недалужнасць, і святары, якіх ахвяры аказаліся бяссільнымі, і шаптуны, якія дрыжалі пра сваё жыццё, і народ. Пятроні быў цяпер рад, што Лігія ўцякла; дзеля таго, аднак, што спрыяў Аўлам, сабе і Вініцію, калі знялі цыпрыс, заткнёны на знак жалобы перад Палатынам, пайшоў на пачостку, уладжаную для сенатараў і аўгустыянаў, каб пераканацца, наколькі Нэрон верыў слухам аб чарах, ды перашкодзіць наступствам, якія маглі б з гэтага вынікнуць.
Думаў таксама, ведаючы Нэрона, што ён хоць бы ў чары і не ўверыў, будзе крывіць, што верыць, і дзеля таго, каб ашукаць свой боль, і дзеля таго, каб на кім спагнаць помсту, ды каб адсунуць думкі аб кары багоў за злачынствы. Пятроні не думаў, каб цэзар мог нат собскае дзіця кахаць шчыра і глыбока: хоць любіў похатна, быў аднак пэўным, што перасоліць у жальбе. І не памыліўся.
Нэрон слухаў спачуванняў сенатараў і рыцараў з каменным тварам, з вачыма, устаўленымі ў адзін пункт, і бачна было, што калі нат і сапраўды церпіць, дык адначасна гадае, якое ўражанне выклікае ў прысутных, пазуе Ніобе, дае сцэну бацькаўскага жалю так, як бы яе выконваў камедыянт. Не ўмеў нат пры гэтым вытрываць у маўклівым, быццам скамянелым сумаванні, бо раз рабіў жэст моў пасыпання галавы попелам, а іншы раз глуха стагнаў, а ўбачыўшы Пятронія, усхапіўся і пачаў трагічным голасам адзывацца так, каб усе маглі яго чуць: — Эгэў!.. І ты вінаваты, што яна памерла! За тваёй парадай увайшоў у гэтыя муры ліхі дух, які адным позіркам выссаў жыццё з яе… Гора мне! Хай вочы мае не глядзяць на святло Геліёса… Гора мне! Эгэў! Эгэў!..
І, падымаючы штораз голас, пачаў роспачна крычаць. Але Пятроні вырашыў усё паставіць на шалю, дык, выцягнуўшы хутка руку, сарваў шаўковую абвязку з шыі і заткнуў ёю вусны Нэрону.
— Доміне! — адзываецца паважна. — Спалі Рым і свет з болю, але голас нам свой ашчадзі!
Прысутныя астаўпелі, сумеўся на хвіліну і сам Нэрон, адзін толькі Пятроні застаўся няўзрушны. Ён ведаў надта добра, што робіць, бо ж памятаў, што Тэрпнас і Дыядор мелі папросту загад затыкаць вусны цэзару, калі б пачынаў шкодзіць свайму голасу.
— Цэзару, — гаварыў далей з тою ж самаю павагай і сумам, — маем страту вялізарную, хай жа нам хоць гэты скарб пацехі застанецца!
Дрыгата прабегла па твары Нэрона, з вачэй пусціліся слёзы; нараз абняў далонямі плячукі Пятронія і, успёршы голаў на ягоных грудзях, давай паўтараць плачліва: — Ты адзін з усіх аб гэтым падумаў, ты адзін, Пятронійка! Ты адзін!
Тыгэлін аж зжаўцеў ад зайздрасці, а Пятроні далей кажа: — Едзь да Анцыюму! Там яна прыйшла на свет, там сплыла на цябе радасць, там сплыве і супакаенне. Хай марское паветра адсвежыць тваё боскае горла, хай грудзі твае адатхнуць салёнаю вогкасцяй. Мы, верныя, пойдзем за табою ўсюды, і калі твой боль саладзіцімем спагадай, ты ўпоіш нас песняй.
— Так! — адказаў жаласна Нэрон. — Напішу гімн на ейнае шанаванне ды падрыхтую да яго музыку.
— А пасля пашукаеш цёплага сонца ў Байя.
— А пасля — забыцця ў Грэцыі.
— У калысцы песні й паэзіі!
І каменны пануры настрой паволі мінуў, як мінаюць хмары, засланяючыя сонца, а пачалася гутарка, нібыта поўная шчэ суму, але паўнейшая абмеркаванняў на будучыню датычна падарожжа, мастацкіх выступаў, а нат пачостак, якіх вымагала запавешчанае прыбыццё Тырыдата, караля Арменіі. Тыгэлін спрабаваў, праўда, яшчэ спамінаць аб чарах, але Пятроні, пэўны ўжо выйгрышу, прыймае проста наступ: — Тыгэлін, — кажа, — няўжо думаеш, чары могуць шкодзіць багом?
— Сам цэзар пра іх спамінаў, — адказаў дварак.
— Дакука, боль гаварыла, не цэзар, але ты што пра гэта думаеш?
— Багі замагутныя на тое, каб маглі паддавацца прыроку.
— А ты запярэчваеш боскасці цэзара й ягонай радні?
— Peractum est! [29] — мармытнуў вобак Эпрый Марцэль, паўтараючы вокрык народу падчас трапна пакананага гладыятара так, што не трэ ўжо было яго дабіваць.
Тыгэлін згрыз у сабе гнеў. Між ім і Пятроніем здаўна існавала спаборніцтва перад Нэронам, і Тыгэлін меў на сваім баку тое, што Нэрон менш, або й зусім на яго не аглядаўся, дагэтуль, аднак, Пятроні ў сутычках перамагаў яго розумам і дасціпнасцяй.
29
Рэй! (як вайсковы адказ да гатоўнасці). (лац.).