Шрифт:
Ледзь пакінуў гару, як яго спатыкае велізарны чорны сабака, які ўчора пабег за незнаёмым; пазірае ў вочы і, здаецца, кажа, каб ішоў за ім. Ідзе лоўчы за сабакам. Той спыняецца і позіркам паказвае на дрэве глушцоў. Разоў колькі стрэліў ён у тым месцы і некалькі штук забіў. Ужо нёс дадому глушцоў, цецерукоў і курапатак, а як падышоў бліжэй да хаты, сабака застаўся стаяць на полі: глядзеў услед паляўнічаму, а пасля знік з вачэй.
Паны хвалілі лоўчага, яго спрыт на паляванні, а чэлядзь і аканом дзівіліся з яго шчасця, з таго, як ён, не маючы сабакі, столькі змог упаляваць дзічыны.
З таго часу Сямён стаў найслаўнейшым паляўнічым. Той чорны сабака кожны раз сустракаў яго ў лесе, і Сямён столькі біў рознае дзічыны, што не толькі хапала панам у маёнтку, але і сялянам на продаж.
Па ўсёй ваколіцы разнеслася пагалоска, што Сямён — чараўнік, быццам некаторыя секлі дровы ў лесе ды бачылі, што ходзіць з ім нейкі чорны сабака, які ў лесе і застаецца. Акім, што некалі сябраваў з лоўчым, раз ціха падышоў пад вакно ягонае хаты, каб даведацца, што той робіць; пачуў, нібыта з кімсьці размаўляе; зірнуў у вакно: Сямён лашчыць чорнага сабаку, таго самага, што заўсёды сустракаў яго ў лесе. Сабака глянуў у вакно крывавым вокам і знік, а Акім уцёк ад страху.
Ужо колькі гадоў уся воласць гаворыць, што Сямёну дапамагае на ловах сам нячысцік, якога трымае ён за пахолка, але паны адно смяяліся з гэтага і не давалі веры. Хоць пан, будучы неяк з лоўчым на паляванні, не бачыў чорнага сабаку, аднак змеціў, што дзікае птаства само ляціць да Сямёна і той ніколі не схібіў.
Жыла ў вёсцы непадалёку Марыся, прыгожая і маладая дзяўчына, дачка набожных бацькоў. Шмат каму яна падабалася, і Сямён меў на яе вока; спадзеючыся на сваё багацце ды на панскую ласку, меў надзею, што Марыся будзе ягонай.
Аднаго дня, калі ішоў на паляванне, убачыў ён Марысю. Тая мела вянок на галаве, і кветкі так ёй пасавалі, што выглядала яна надзвычай прыгожаю. Ходзячы непадалёку ад свае нівы, збірала суніцы. Падыходзіць Сямён, просіць ягад; не адмаўляе яму дзяўчына; пытае лоўчы, ці падабаецца ён Марысі.
— Людзі кажуць, што ты чаруеш, — адказала тая, — а я баюся чараўнікоў.
— О, не, Марысю, нікога я не чараваў і не ведаю гэтага ганебства.
— Калі праўду кажаш, — я нашу на шыі пасвянцоны ў час Юбілею крыжык, які можа грахі адпускаць, — пацалуй мой крыжык.
— Ахвотна, — адказаў Сямён.
І ледзь пацалаваў крыжык, як тут з травы падняў галаву велізарны вуж, нібыта хацеў зірнуць на Марысю. Перапалоханая дзяўчына закрычала. Сямён схапіў камень і выцяў вужа. Той, сыкаючы, схаваўся ў траве. А пасля раптам з’явіўся чорны сабака, загаўкаў і знік. Марыся ад страху дрыжыць ледзь жывая.
Сямён правёў яе дадому і адтуль зноў ідзе на паляванне. Толькі ўжо не сустрэў яго ў лесе чорны сабака.
Убачыў цецерука; стрэліў, але заместа птушкі — пень гнілы ўпаў на зямлю. Спалохаўся Сямён, вяртаецца дахаты, аж там безліч вужоў, сыкаючы, паўзуць пад лаву і пад печ. Адчыніў скрыню, выняў Вужовую Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лісточкі. Стаіць, як слуп, і не ведае, што чыніць.
Доўга яшчэ дакучалі вужы небараку Сямёну. Не давалі спакою не толькі дома, але і на гасцінах. Калі завітваў да суседзяў, няраз, не баючыся людзей, з’яўляўся перад ім немаведама адкуль вуж.
У гэты момант нехта загрукаў у браму, і сабакі забрахалі. Выбег парабак і, вярнуўшыся, паведамляе: прыехаў пан Марагоўскі [64] . Пан Завальня саскочыў з ложка, хуценька апранаецца, каб павітаць госця.
— Ці не дазволіш мне пераначаваць, пане Завальня, — сказаў Марагоўскі. — У такую завіруху твой дом — адзіны прытулак. І гэтыя таксама (зірнуўшы на падарожных) схаваліся ад буры і, пэўна, баюць пану казкі.
64
У творы па-рознаму (Мрагоўскі, Марагоўскі) даецца напісанне гэтага прозвішча, але, бясспрэчна, паходзіць яно ад вёскі Марогі (сённяшнія Мурагі), малое радзімы Я. Баршчэўскага.
Сяляне і парабкі адзін за адным падаліся ў пакой для чэлядзі.
— Я перашкодзіў, але маю чалавека, які заменіць усіх. Мой фурман Якуш любіць расказваць прыгоды хоць бы і цэлую ноч; няхай толькі коней выпража. Ах, як я замёрз!
Пан Завальня адразу загадаў сваёй сваячніцы прыгатаваць што-небудзь на вячэру.
— А што, пане асэсар [65] , можа, кроплю гарэлачкі? Яна крыху адагрэе. Пан, пэўна, едзе ў Полацак забраць сына, бо ўжо хутка Каляды; гэта добра, няхай адпачне ад вучэння і перабачыцца з роднымі.
65
Асэсар — судовая пасада ў Вялікім княстве Літоўскім. У расійскай імперыі асэсары ўтваралі земскую паліцыю павета.
— А пан дзетак сваіх — Стася і Юзіка — будзе забіраць дадому?
— Трэба, трэба. Паслязаўтра мушу пасылаць.
— Даручы мне, я забяру.
— Вельмі буду ўдзячны, калі пан такі ласкавы.
Пасля пан Марагоўскі, загаварыўшы да мяне, прасіў, каб на Каляды прыехаў і пабыў колькі дзён у яго: паклікаў, маўляў, ён шмат маладых гасцей, з якімі прыемна мне будзе прабавіць час.
Хутка прынеслі вячэру. Мой дзядзька, размаўляючы з госцем, усё мяне нахвальваў:
— Нябож мой, Янка, відаць, часу ў езуітаў не марнаваў: шмат цікавага з розных ксёнжак ведае.