Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Васіль паглядзеў са злосцю.

— З табою, — кажа, — ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.

— Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?

— Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.

— Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім — паслухайце! — раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.

Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.

«Будзе дрэнна, — падумаў сабе. — Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў — пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.

На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.

Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма — трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.

На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.

— Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’яніцы шкоды мне нарабілі!

Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за п’янства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманіліся.

Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.

Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.

— Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.

— Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і імосці [60] , бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай — там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкі, — падай яе пану аканому і прынясі марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.

Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў арандара, што яму за ўсё заплацяць, сеў і паехаў.

60

Пану і пані. «Подовай перші егомосцю, а потым імосці» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).

Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. І гэтая незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з д’яблам. Але ж і гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васіль — чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і больш увішны. Ён заляцаецца да ейнае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.

— Чуў я пра Васіля, што ён, бывае, і не слухае свайго апекуна, і быццам бы страчаўся з віхорам і вітаўся з ім, нібы са сваім братам. Гэта ўсё не варта рабіць, лепей трэба жыць з Богам. Скажы Васілю, няхай не займаецца глупствам, ходзіць у касцёл і працуе. Ну, ідзі ж дадому і будзь спакойнаю, я тваёй дачцы спраўлю вяселле ў маёнтку, бо казала мне пра яе аканомка і ад іншых чуў, што дзяўчына яна добрая і працавітая.

Таго ж дня пан загадаў паклікаць Антона і каб Васіль перапрасіў свайго апекуна. Антону ж наказаў, каб не забараняў Васілю жаніцца з Алютаю, але дапамагаў ім, бо яны абое сіроты. І сам абяцаў выдзеліць яму найлепшае зямлі і даць жывёлы на развод.

— Але ж, пэўна, і пан чуў пра тое, што людзі кажуць. Быццам Арына чараўніца, і скардзяцца некаторыя, што кароў выдойвае і робіць іншыя шкоды, часам перакідаецца ў сароку і лятае паўсюль, і гэта нават бачылі.

— Не слухай плётак. Арына добрая кабета, і Алюта, дачка яе, будзе добраю жонкаю і добраю гаспадыняю. Няхай табе гэта не рупіць, я ручаюся, што будзеш задаволены.

— Панская воля, — кажа Антон. Ён згорбіўся і, чухаючы патыліцу, пайшоў дахаты.

Праз колькі дзён далі пробашчу [61] на запаведзь. А хутка і вяселле. Сабралася ў маёнтку цэлая воласць. Відаць, не таму, што былі зычлівыя да маладых, а ведалі, што будзе добрая пачостка і гарэлкі ўволю. Не было там вясковых вясельных абрадаў, як звычайна робіцца ў вёсках, але перад шлюбам, просячы блаславення, маладыя ўпалі ў ногі спярша сваім панам, потым Антону і Арыне. І пасля шлюбу гэтае самае ўчынілі. Алюта была пекна ўбраная. Пані падаравала ёй нейкія завушніцы, якія перад агнём як бы іскры кідалі; чырвоная шнуроўка з залатымі гафткамі, чырвоныя стужкі, і калі села за стол і расплялі ёй чорную касу — з чорных воч па белым твары паплылі-пакаціліся слёзы. Усе расчулена глядзелі на яе. А пасля заспявалі кабеты вясельную песню, якую спяваюць звычайна сіротам, што ідуць замуж. Усе плакалі, нават тыя, што раней пра яе злое казалі. Гэтую песню так я ўпадабаў, што і цяпер яе памятаю.

61

Пробашч — ксёндз, кіраўнік парафіі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: