Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:
Вясельная песня сіраціне
Ах, знаць, знаць, па вяселіку, Што ня бацюшка аддаець, Двор вялікій, а збор не вялікій: Нет у мяне радзінушкі, Ой, зашлю, пашлю серу зязюльку Па радзінушку. Зязюлька ляціць, Радзіна едзець. Ах, паслала б я саловеньку, Ды салавушка атказываець. Ах, паслала б я зязюльку Па своего татульку: Да за родненькім бацьком Серая зязюлька не прылятаець, А татулька адмаўляець: «Рад бы я ўстаці К своему дзіцяці Ды парадушку даці; Грабавыя доскі Сціснулі ножкі, Да не магу я ўстаці». Сырая зямля Дзверцы залегла І акошачка засланіла; Майго бацюшку На вяселіка не пусціла [62] .

62

«Вясельную песню сіраціне» выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Валер’ян і Юльян Грымалоўскія («Вершаваныя творы», Пецярбург, 1837), а таксама Аляксандр Гроза (паэма «Марына»). Р. Падбярэскі цытуе яе ў сваім артыкуле «Беларускае вяселле» ў газеце «Иллюстрация» (1848. Т. 6. № 1).

Прызнаюся, што і я не мог стрымаць слёз, бачачы перад сабою Алюту і слухаючы гэтую песню. Яна была сапраўднаю сіратою, бо, апрача старое маткі, не мела іншых сваякоў. Гэтую сям’ю пан прывёз з-за свету. Раней жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною, і бацька Алюцін памёр адразу ж, як прыехалі ў наш край.

Госці гулялі, пілі адзін з адным, добра падвесяліліся, дуда зайграла песні, і танцы не спыняліся ўсю ноч. Але ўсё было прыстойна, бо паны і аканом часта наведвалі вясёлае ігрышча.

Пасля вяселля пан і Антон добра дапамаглі маладым. З самага пачатку гаспадарання Васіль ужо меў колькі коней, кароў ды іншае жывёлы; новыя забудовы ды колькі дзесяцін урадлівае зямлі.

— Але цікава, — сказаў пан Завальня, — ці перавыхавала яго Алюта, бо ёсць прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.

— Не, паночку, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з’ядуць.

— Дзіўныя рэчы на свеце! Кажы ж далей.

— На сваёй гаспадарцы Васіль быў надта ж нешчаслівы, хоць нейкі час, здавалася, і перамяніўся на лепшае. Дзіўна, што страчала яго адна бяда за другою. Выганяць пастухі чараду за вёску ў поле, выбежыць з лесу воўк, схопіць барана; калі разгледзяцца, дык бачаць, што той баран быў Васілёў. Здаралася гэта некалькі разоў, і заўсёды воўк нібы выбіраў толькі Васілёвае. Ходзяць гусі па полі, ускочыць ліса і падушыць іх — гусі былі Васілёвы. Карова ягоная раз заблудзілася каля возера, убілася ў балота, пакуль прыбеглі на дапамогу, ужо ўтапілася. І гэтыя несканчоныя страты давялі яго амаль да галечы.

Неяк загарэўся бор, збеглася ўся воласць; не далі рады, полымя, як хваля на возеры, разышлося па ўсім бары. Шугаючы ўгары, яно ахоплівала густыя лапы ялін і хвояў, а дым, як страшны туман, закрыў усё неба і зямлю так, што ледзь можна было дыхаць. Бегаючы па лесе і збіваючы веццем полымя, папалілі мы на сабе вопратку. Але ўжо не было ратунку. Блізка быў Васілёў дом, іскрынка заляцела ў гумно, і згарэла збожжа.

У тыя дні вяскоўцы паўсюль казалі, што гэта адпомсціў Васілю Лясун, якога ён некалі выцяў каменем, калі той звяроў і птушак пераганяў з аднаго лесу ў другі; а стары чалавек прадказваў яму пажары і паморак на жывёлу.

Васіль ад гора яшчэ часцей пачаў завітваць у карчму. Яго жонка і цешча працавалі дзень і ноч і стараліся адвярнуць яго ад благога.

Ён зноў вярнуўся да зухаватых і бязбожных сваіх учынкаў. Аднаго разу Антон, Марцін ды іншыя, хто яму шчыра спрыяў, прыйшлі да яго ўвечары і нагадалі, каб цярпліва прымаў свае бядоты: мо калі-небудзь Бог усё пераменіць на лепшае? У гэты час насунулася хмара і пачалася навальніца. Ён, задумлівы, сядзеў ля вакна; вецер завыў за сцяною, а ён, як непрытомны, паведаміў:

— Мой брат выючы праімчаў паўз маю хату і паляцеў гуляць па шырокіх палях і густых лясах. Хутка і я за ім туды падамся.

Чуючы гэтыя ягоныя словы, перапалохаліся ўсе, і жонка пачала плакаць. А калі Антон сказаў Васілю, што ён зноў вяртаецца да бязбожных учынкаў, — той грукнуў са злосцю дзвярыма і выйшаў з хаты.

Аднаго дня пад вечар ідзе ён у карчму і там сустракае старых сваіх сябрукоў, з якімі колісь гуляў, і зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васіль, калі ўжо добра падпіў, кажа ім:

— Згалеў я зусім, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Цмокавага Каменя, пакланюся д’яблам, мо не пашкадуюць яны мне грошай?

Калі ж пачалі з яго смяяцца, што ён ніколі не адважыцца там пераначаваць (а быў ужо, дарэчы, позні час), ён схапіў шапку:

— Вось дакажу, што не баюся прывідаў! — Кінуў у карчме таварышаў і пайшоў на пагорак да Цмокавага Каменя. І адтуль ужо не вярнуўся дадому.

Мінаюць дні, тыдні, месяцы… Васіля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць жонка з цешчаю. Няма вестак, ці жыве ён, ці памёр.

Розныя былі думкі і чуткі між людзьмі; адны казалі, што недалёка ад Вялікіх Лукаў і Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю ліхадзеяў; другія сцвярджалі, што Лясун завабіў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васілёў голас і Лесуноў смех. Рознае гаварылі. Васіль жа згінуў назаўсёды.

Старая Арына, дзень пры дні гледзячы на слёзы сваёй Алюты, страціла здароўе і заручылася з зямлёю. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім маёнтку — ні ўдава, ні замужніца.

— Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасць, — сказаў пан Завальня. — Меў добрага апекуна і паноў добрых, што яму дапамагалі, — жыў бы спакойна сабе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: