Шрифт:
Агапка, чуючы пра гэта, залівалася слязьмі, бо ведала, што яе выбар і жаданне бацькоў — нішто. Усё было ў руках пана, а той не меў ні спагады, ні літасці. Ведала яна добра і душу Карпаву, і звычкі ягоныя. Часам чула гаворку суседзяў між сабою, што ён ужо пабратаўся з Парамонам, што ўжо служыць яму шатан, які назапасіў для яго безліч грошай. Не цешыла тое золата маладую дзяўчыну, бо яна бачыла ў лятунках сваіх мужа стараннага, цнатлівага ды пабожнага.
Прайшоў год. Карпа накупляў пану ў горадзе багатых падарункаў і прыехаў на гожым кані нагадаць пра абяцанае. Паслалі па Агапчынага бацьку, загадалі рыхтавацца да хуткага вяселля. Плакаў бедны Гарасім са сваёй жонкаю над лёсам дзіцяці і маліўся, каб Бог быў ёй апекуном. Агапка ж хавала скруху свайго сэрца, каб не растрывожыць яшчэ больш бацькоў. Узяўшы ядвабныя стужкі, якія найбольш любіла, і колькі кавалкаў кужалю, што сама ткала, пайшла да касцёла і, павесіўшы ўсё гэта на абраз Прачыстае Маці, пала ніц, енчачы і заліваючыся слязьмі; і ўсе, хто быў там, таксама не маглі стрымаць слёз. Пасля набажэнства яна выцерла слёзы і вярнулася да бацькоў са спакойным абліччам, як быццам усцешаная.
Спагада і любасць да гэтае дзяўчыны перамаглі ў ва мне ўсякі страх. Іду да хаты, дзе жыў Гарасім. Нечаканыя думкі і смелыя намеры выспяваюць у маёй галаве. Вырашыў: ад тыранства і напасці схаваць яе дзе-небудзь у далёкай старане. Ідучы да вёскі, убачыў Агапку. Самотная, яна хадзіла па полі, плачучы, спявала жаласным голасам звычайную песню-падзяку бацькам за іх клопаты. Набліжаюся да яе, бяру за руку (а сам быў у той час як непрытомны). Хочучы аблегчыць яе пакуты, так прапаную свае паслугі:
— Агапка! Ведаю я прычыну слёз тваіх, ведаю аб пакутах бацькі і маці. Карпа — бязбожны чалавек. Ён падкупіў пана, несумленна пагарджаючы тваім выбарам і воляю тваіх бацькоў. Паслухай мае рады, калі маеш хоць частку тае прыхільнасці да мяне, якую я маю да цябе і да тваіх бацькоў. На зямлі ёсць высокія горы, зарослыя густым лесам; ёсць цёмныя пушчы, што чарнеюцца каля нашых вёсак. У засень іх нетраў ніколі не заглядвала чалавечае вока; яны цягнуцца бясконца. Давай пойдзем прэч з гэтых краёў. Давай схаваемся ад усіх знаёмых у гэтых дзікіх пустэльнях. Я буду тваім вартаўніком і правадніком. Свет вялікі, знойдзем і мы дзе-небудзь свой куток. Ёсць і людзі з ласкавым сэрцам, якія даюць прытулак уцекачам ад суда, а мы ж невінаватыя ні перад Божым судом, ні перад людскім і дзе-небудзь працаю заслужым сабе кавалак хлеба. Добры Бог дасць нам здароўе і сілы, падтрымае ў тых цёмных лясах сваёй апекаю.
Калі я казаў гэта, слёзы зацьмілі мае вочы. Агапка, гледзячы на мяне, адказала так:
— Я кахаю цябе, але не магу згадзіцца і пайсці з табою, бо бацькі мае будуць пакутаваць. Няхай лепш я сама буду ахвяраю свайго няшчасця, каб толькі яны былі спакойныя.
Сказаўшы гэта, яна шпарка пайшла дадому.
Я доўга стаяў на тым месцы, не ведаючы, што рабіць. У роспачы вярнуўся да свае хаты; як непрытомны, зноў пабег у поле, блукаў па лясах; не ведаў, за што зацяць рукі, ад самоты ледзь не памёр. Далі запаведзь [47] . У нядзелю Карпа з Агапкаю бярэ шлюб у касцёле. Ён, вясёлы і выхвальны, стаяў проста, валасы на галаве падстрыжаныя па-панску, на шыі ядвабная хустка, на нагах блішчастыя боты, вопратка з тонкага сукна (такая, якую пан часам апранае). Словам, калі б хто не ведаў, што Карпа наш брат, — за паўвярсты яшчэ зняў бы шапку і пакланіўся. Яна, наадварот, смутная, твар — бледны: змянілася ўся, нібы ў яе сухоты, бляск вачэй пагашаны слязьмі. І казалі, што свечкі ў маладых гарэлі так цьмяна, што сёй-той са страхам паглядаў на гэта, шэпчучы суседу: «Не будзе тут шчасця. Жыццё іх зацьміцца смуткам».
47
Запаведзь — абвяшчэнне з амбона пра тых, хто мае ў хуткім часе ўзяць шлюб.
З касцёла Карпа з дружынаю і маладою жонкаю паехаў на паклон да пана, а з маёнтка — да хаты Агапчаных бацькоў. Вяселле было Бог ведае па-якому. Карпа з дзяцінства быў дворскі; звычаі нашы вясковыя яму ўжо здаваліся смешнымі і былі не даспадобы. Не пераязджаў ён на кані праз падпаленую салому, не гаварылі госці ніякіх арацый, не спявалі вясельных песень, не паклікалі нават дудара, і моладзь не патанцавала. Вяселле ў Гарасімавай хаце падобнае было да хаўтураў. І хутка маладая пара з гасцямі паехала адгэтуль да свае хаты, дзе ўжо Карпа кожным учынкам хваліўся сваім дворскім глянцам ды багаццем і хацеў, каб яго ўсе хвалілі.
Паклікаў дудара, кінуў яму, нібы чыноўнік які, колькі срэбранікаў і загадаў граць. Добра заплаціў таксама і кабетам, каб спявалі; з вымушанай ветлівасцю, нібы паніч які, прасіў хлопцаў і дзяўчат скакаць. Не было там шчырасці, а вось ежы і пітва — аж занадта. Чаркі з гарэлкаю амаль без адпачынку пераходзілі з рук у рукі. Шум у хаце, музыка грае, моладзь скача; ён апавядае пра сваю дворскую службу, пра прыхільнасць, якую заслужыў у пана. Адна Агапка — як забітая; было шкада нават на яе глянуць.
На панадворку хоць і цёмна, але ціха. На чыстым небе поўнач. Сітка [48] змяніла сваё становішча. Госці, захмялелыя ад моцных напояў, весяліліся. Нечакана нібыта маланка асвяціла хату і нейкі незвычайны шум пачуўся за сцяною. Пацямнела полымя свечак, усе заціхлі ды пазіралі адно на аднаго. Карпа быццам змяніўся з твару і, як непрытомны, гучна прамовіў: «Прыбыў мой госць» — і адразу ж загаварыў да сваіх сяброў пра нешта іншае. Але пасля гэтага здарэння дзіўная была перамена ў той хаце; кожнага апанаваў нейкі неспакой, некаторыя з прысутных бачылі загадкавыя і страшныя праявы: то на дварэ, то ў цёмных кутках хаты. Аднаму падалося, што нейкае страшыдла, зарослае валасамі, з-за сцяны ўглядаецца ў вакно; другому здалося, што на печы сядзіць нейкі карузлік з велізарнай галавою, чорны, як вугаль; іншы бачыць нібыта таго чарнакніжніка, які вучыў пана штукам шатанскім і золата рабіць. Карпа, убачыўшы трывогу асобных гасцей, смяяўся, казаў, што гэта моцная гарэлка стварыла такія дзівы, загадваў дудару граць і спяваць песні. Сярод гаманы і тлуму забылі пра ўсё.
48
Сітка — сузор’е.
Адчыняюцца дзверы: уваходзіць чараўнік Парамон. З-пад густых броваў агністым вокам прабег ён па гасцях і, стоячы яшчэ ля парога, так абазваўся:
— Кланем [49] вам, шаноўная дружына! Няхай вашую вясёлую кампанію радасць не пакідае, а маладой пары зычу згоды, любасці, багацця і заўсёды так весела прымаць і частаваць суседзяў і добрых сяброў.
Карпа вітае яго і просіць, каб сядаў на лаве на покуць. Расступаюцца госці, Парамон сядае за стол, спінаю апіраецца аб сцяну і ганарліва разглядвае ўсіх, хто стаіць перад ім. Карпа падносіць яму гарэлкі і закуску.
49
Кланем! Кланемся! — Добры дзень! Вітаю!