Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Яснасць на небе

Нечакана зыркае святло ўдарыла ў вакно і асвяціла пакой. Усе змоўклі, перапалоханыя гэтым раптоўным дзівам, пасля выскачылі з хаты, думаючы, што недзе ў суседзяў пажар. Убачылі на небе такую зыркую яснасць, што ледзь вока трывае; разлілася яна кшталтам велізарнае ракі. Палі, лясы і горы, пакрытыя снегам і асветленыя агністым небам, мелі дзіўны і захапляючы выгляд. Хмары, распаленыя чырвоным полымем, ляжалі на даляглядзе; здавалася, што там тонуць у пажарах велічныя гмахі і стромкія вежы. Доўга моўчкі стаялі і паглядалі мы на гэты дзіўны і страшны малюнак неба; нарэшце яснасць вогненнае ракі пачала цьмець і нікнуць у паветры; патухлі хмары, і сутонне зноў ахінула неба і зямлю.

— Дай Божа, — сказаў дзядзька, вярнуўшыся ў хату, — каб гэты знак нам спрыяў. За сваё жыццё трэці раз бачу падобнае дзіва, і заўсёды ў той год, калі бачылі такія пажары на небе, бывалі нейкія неспадзяванкі.

— Я ведаў старога, што памятаў год Лебяды, — сказаў пан Латышэвіч, — і часта апавядаў пра дзівы, якія сам бачыў на небе. Гарэлі тады замкі ў паветры і войскі біліся ў полымі. Страшэннае гора было ўсім. Людзі жывіліся адной травою; аднак жа праз год злітаваўся Бог над галоднымі і паўсюль спіжарні напоўніліся жытам.

— Беднасць у нашым краі — не навіна, — сказаў Сівоха. — Прыйдзе вясна, і рэдкі селянін, сеўшы за стол, пакладзе хлеб перад сабою і будзе мець, чым засеяць поле. А гэтая заўсёдная нядоля да таго запала ўсім у памяць, што ўсё незразумелае ў нас заўсёды — знак няшчасця. Будзьма больш ашчадныя і руплівыя. Хто працуе і просіць Бога, той і сам жыве заможна, і людзям дапамагае.

Сляпы Францішак уздыхнуў:

— Мы сустракаем і праводзім усе гады з адной і той самай песняй. Свет нам — пілігрымка, а неба — напамін. Летам, калі я чую гром, што скаланае ўсю зямлю, думаю пра Ўсемагутнасць Творцы і пра Ягоную міласэрнасць. Няхай будзе Яго воля. Наша будучыня — у Яго руках.

— Я чуў некалі такое апавяданне [167] , — сказаў Сівоха. — Летам пасля захаду сонца перад нядзеляю ноч была ціхая і пагодная. Парабкі пагналі коні на начлег. Адны сяляне пасля дзённае працы гаварылі пра сваю гаспадарку, іншыя спявалі, вяртаючыся з паншчыны. Раптам убачылі ўгары дзіўнае відовішча: на ўсю сваю прастору раскрылася неба і быццам бы сярод гэтага святла бачылі анёлаў, адзенне якіх было бялейшае за снег, а вакол галавы — німб, яснейшы за сонца. Усе ўпалі ніцма, і хто маліўся шчыра, таму Бог такія шчодрыя даў дарункі, што ўсё жыццё тыя людзі не ведалі нэндзы.

167

З апавяданняў люду.

— Чуў і я гэтую гісторыю, — сказаў Завальня. — На маю думку, праўдзівую і шчырую малітву заўсёды неба пачуе. Але дзе ж Базыль? Ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.

Агледзеліся ўсе — але Базыля ўжо ў пакоі не было.

— Пэўна, заваліўся спаць, — абазваўся Сівоха, — бо я даўно заўважыў, што ён ледзь сядзеў і ўсё пачынаў драмаць. Але, пане-гаспадару, час бы і нам ужо адпачыць. Заўтра не цэлы дзень спаць: трэба быць на святой імшы.

— Але ж апавяданне пра жабер-траву не закончана.

Сказаўшы гэта, дзядзька выйшаў і загадваў прыгатаваць гасцям ложкі.

Патушаны агонь. Усе моцна спяць.

Таварыш у падарожжы

Усюды прырода дзіўная, прыгожая і разнастайная, чаргуюцца навальніцы і пагодныя дні. Здзіўлены пілігрым пазірае на змрочныя, вясёлыя і дзікія малюнкі пагоркаў і лясоў, страчае людзей, якія, разумеючы яго думкі і пачуцці, радыя падзяліцца з ім цяжкай сваёй тугою; усюды ёсць шчасце і нядоля; усюды незразумелая наканаванасць вядзе нас па розных дарогах жыцця. Чаму ж чалавек заўсёды сумуе па сваёй роднай зямлі, як дзіця па маці?

Такія думкі агортвалі мяне, калі на адзіноце падарожнічаў праз палі і цёмныя лясы далёка ад Бацькаўшчыны. Было ўжо каля паўдня — чыстае неба, ціхі дзень, спёка. Знябожаны падарожжам і сонцам, я сеў каля дарогі ў засені бяроз.

Непадалёку звінеў крынічны струмень, лашчылі мяне лёгкія подыхі ветрыку, што плыў з поля. Аддаўшыся марам, я ўспамінаў прыгоды мінулых гадоў і не заўважыў, як нехта падышоў да мяне — высокага росту — клунак на плячах, смуглы ад сонца і ветру твар, худы, змучаны цяжкім падарожжам. Пачаў ён так:

— Прыемна адпачываць тут, у засені бяроз каля крыніцы?

— Цяжка ісці ў такую спякоту, — адказваю. — А да вёскі ці да якой-небудзь аўстэрыі [168] , магчыма, яшчэ далёка.

— Найлепей ісці, калі сонца схіліцца да захаду і абзавуцца спевамі саловак лясы, а цяпер усюды глуха: і птушкам дакучае спёка.

— Куды ты ідзеш? — запытаўся я ў незнаёмца.

— Туды, далёка, — паказаў ён рукою.

— Будзеш мне спадарожнікам, бо і я таксама іду ў той бок.

168

Аўстэрыя — гасцініца, заезны дом.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: