Шрифт:
— А ці шмат у гэтым годзе збыў старых коней і выгандлеваў маладых?
— У гэтым краі і людзі не горш за цыганоў абазнаныя ў конях: не дадуць ашукаць.
— Скажы ж мне, Базыль, — прамовіў дзядзька, — чаму ты не асядзеш на гаспадарцы? Спакайней жыў бы на свеце.
— Так жылі нашы продкі; пэўна, яны прыкладвалі да скроні жабер-траву і, даведаўшыся будучыню, пагарджалі ўсім і нам такія свае звычаі пакінулі.
— Што гэта за трава? — запытаўся я. — Ці расце яна дзе-небудзь у нашым краі, ці мо ў іншым якім месцы?
— Раскажа пасля пра гэтую траву, — сказаў дзядзька, — а цяпер няхай пагрэецца. Сядай, пане Базыль, можа, ты яшчэ і не вячэраў?
— Пра вячэру, дабрадзею, яшчэ не думалі ані я, ані мой конь.
— Конь не будзе галодны: маю сена, маю яшчэ, дзякуй Богу, і хлеб, каб пакарміць падарожнага.
І Завальня загадаў прынесці цыгану вячэру.
Базыль, седзячы за сталом, еў з добрым смакам. Калі падхарчыўся, пачаў размову пра мінулае, хваліў зычлівасць і лёгкую руку сваіх знаёмых, у якіх некалі выгадна набываў добрых коней. Жаліўся і наракаў на сябе, што лёгка верыў іншым, а таму меў страты ў гандлі, няраз траціў надзею і адступаўся ад важных намераў, не маючы магчымасці быць на конскіх кірмашах у Бешанковічах і Асвеі.
Хваліў некаторыя мясціны ў Беларусі, а менавіта берагі Дрысы і Дзвіны, дзе ён, маючы ўлетку багатую пашу, гадаваў добрых коней, і жыў там часта да позняе восені. Апавядаў пра свае зімоўкі і пра зімоўкі іншых цыганоў, як яны, маючы ўладу над агнём, раскладаюць велізарнае вогнішча пад саламянай страхою і агонь салому не паліць.
Тым часам палёнка ўжо была гатовая. Завальня паналіваў шклянкі, падвёў да стала сляпога Францішка, паставіў перад ім гарачае пітво і іншых гасцей запрасіў бліжэй. Кожны з іх, каштуючы, хваліў смак і колер палёнкі, якая ў святле свечак мела цёмна-рубінавы колер; і тут пачалася размова пра кошт і якасць мясцовых трункаў і замежных вінаў.
— Як неразумна, — сказаў пан Сівоха, — прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае. У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі. Напрыклад, гэтая палёнка! Хвораму чалавеку можна выпіць шкляначку — не пашкодзіць, а дапаможа; ад ліхаманкі, ад прастуды — адзіныя лекі!
— Праўда, дабрадзею, — сказаў Базыль, трымаючы ў руках напалову выпітую шклянку і пазіраючы ў місу. — Беднае наша жыццё цыганскае! Калі марознаю зімою шукаем прытулку ў пустой будове, дзе няма ні печы, ні столі, а толькі сцены, і ў тых вецер свішча праз шчыліны, калі пры вогнішчы курчыцца жонка і дзеці пішчаць, круцячыся з боку на бок, абы толькі бліжэй да цяпла… О, каб даць тады жонцы і дзецям па шклянцы такое палёнкі — забылі б на холад, ім бы салоўкі заспявалі ўзімку, нібы цёплай вясною.
— Гэта праўда, — сказаў пан Латышэвіч. — А што ж казаць пра нашае сакавіцкае піва, пра мёд-трайняк! [162] Летась перад Калядамі паехаў я ў горад купіць сёе-тое на розныя хатнія патрэбы. У дарозе заспела мяне лютая бура: у Полацку начаваў у жыда ў халодным пакоі, відаць таму і застудзіўся. Наступнага дня балела галава і трасла мяне ліхаманка. Аднак, не маючы часу сядзець спакойна, цягаўся па горадзе і купіў усё, што хацеў. Меў яшчэ інтэрас быць у кляштары езуітаў: там на калідоры спаткаў мяне айцец Попэ, якому быў даручаны нагляд за піўніцаю [163] , дзе ў велізарных дзежках быў выдатны стары мёд. Ён, глянуўшы на мяне, сказаў:
162
Мёд-трайняк — моцны пітны мёд.
163
Піўніца — падвал, дзе захоўвалі напоі.
— Чаму ты змяніўся з твару і такі неспакойны? Відаць, нездаровы?
— Нездаровы, — адказваю. — Ехаў у непагадзь, а цяпер маю халодны пакой у жыда, дык і прастудзіўся.
— Я вылечу, — сказаў ён.
Завёў мяне ў піўніцу, наліў велізарны кухаль трайняку. Калі я выпіў, адчуў, што па ўсім целе разлілося цяпло, выступіў пот і прастуда прайшла.
— Прыемныя лекі! — сказаў Завальня. — Але нядаўна Базыль успамінаў пра нейкую дзіўную жабер-траву, якую прыкладаюць да скроні: тут нешта цікавае, зрабі ласку, раскажы нам. Будзем слухаць, не марнуючы часу. Што такое піва і мёд, ужо даўно ўсе ведаюць.
— О! Жабер-трава шмат паказвае цудаў, і дзіўныя ад яе дзівосы. Перад ёю траціць сілу агонь, чалавечае вока іначай глядзіць на свет і бачыць будучыню.
Сказаўшы гэта, цыган пачаў сваё апавяданне.
Апавяданне адзінаццатае. Жабер-трава
— Жыў некалі ў гэтым краі абазнаны цыган Шылка, які ведаў сілу духаў, што маюць уплыў на людское здароўе, лекаваў хворых, выведваў таямніцы лесу, прадказваў будучыню. Варожачы, ніколі не памыляўся, а таму адусюль сыходзіліся да яго параіцца старыя і маладыя.
Увечары, пакуль яго сям’я, што разышлася па наваколлі, збіралася ў шацёр, ён раскладваў розныя сухія зёлкі, што дапамагаюць жывёле і людзям, і калі ўрупіўся ў сваю працу, малады чалавек, якога звалі Адольф, ціха падышоў і перапыніў яго маўчанне:
— Як маешся, Шылка! Прыйшоў да цябе даведацца, які мяне лёс чакае, якая будучыня ў Альмы і што яна пра мяне думае?
Шылка ўзяў Адольфаву руку, нахмурыў лоб і, моўчкі гледзячы колькі хвілін на далонь, ківаў галавою і паціскаў плячыма: нарэшце глянуў яму ў вочы і сказаў: