Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Пагадзіўся я з гэтым, і Амелія з бацькамі выехала з майго дома, абяцаючы вярнуцца, як толькі дазволіць здароўе.

Праз тры дні атрымаў ліст з чорнаю пячаткаю і ўбачыў там такія словы: «Амелія самотнае сваё жыццё закончыла ўчора а пятай гадзіне пасля паўдня».

Калі гэта прачытаў, знячэўку ўсе валасы на маёй галаве заварушыліся і пачалі страшна крычаць. Люты страх апанаваў мяне, я нарэшце ўбачыў, да якога няшчасця давёў мяне той жахлівы старац. Хапаю набіты пісталет, бягу з намерам забіць яго на месцы… ледзь адчыніў дзверы — з пустое хаты вылецела велізарная чарада кажаноў і са страшным піскам пачала кружляць над гэтаю хацінаю і вакол дрэў, а старца і яго трусоў ужо і звання не было.

Пакінуў я свой дом. Страшна ў ім жыць, страшна выйсці ў поле і бачыць лугі, пагоркі і лясы, бо там усюды з’яўляецца перад маімі вачыма чорная, як у д’ябла, постаць жахлівага старца.

Вось, доктар, споведзь майго жыцця.

Крыху памаўчаўшы, ён паклаў руку на галаву і, гледзячы ў люстэрка, сказаў:

— І цяпер валасы варушацца і крычаць. Ну, ці ведаеш, як дапамагчы мне ў няшчасці?

Доктар, стараючыся яго суцешыць, запрасіў да сябе, даў адрас, і мы з ім неўзабаве выйшлі з карчмы, а Генрык застаўся там. Праз два дні я выехаў з Віцебска і больш яго не бачыў.

— Жахлівы старац! — сказаў Завальня. — Ці не той гэта шатан, якому Твардоўскі загадаў ажывіць цела Гугона? З’яўляецца цяпер у розных канцах свету, каб шкодзіць роду людскому.

— Страшны выпадак расказаў пан Сівоха! У мяне няма такой добрай памяці, — сказаў Латышэвіч. — Шмат чуў розных аповядаў, але што сёння пачую, тое заўтра забуду.

Цыган Базыль

Калі мы так гаманілі і кожны выказваў пра апавяданні гэтага вечара сваю думку, вецер нечакана пачаў шумець за сцяною ў дрэвах, якія акружалі дом; дзядзька глянуў на свечку, што дагарала на падваконні, і сказаў:

— Нездарма певень спяваў адразу пасля захаду сонца. Вось ужо і перамена надвор’я: усхадзіўся вецер, і цяпер самае галоўнае, каб ясна гарэў агонь у вакне.

Ён падняўся, замяніў свечку і звярнуўся да мяне:

— Янка, папрасі пані Мальгрэту, каб прыйшла сюды. Дзіўная гэта кабета! Здаралася ў мяне, як і сёння, што госці апавядалі найцудоўнейшыя гісторыі. Я слухаю, нібыта прыкуты да месца, а яна не мае да гэтага аніякае цікавасці ды яшчэ гневаецца, не хоча заходзіць у гэты пакой, даводзячы, што не толькі апавядаць, але і слухаць пра д’яблаў і чары грэх.

Калі прыйшла пані Мальгрэта, дзядзька прамовіў:

— Васпані заўсёды самотная, не хацела паслухаць цудоўную аповесць, якою нядаўна так прыемна бавіў нас пан Сівоха. Бачыў ён у Віцебску чалавека з валасамі, якія крычалі на галаве.

— Ат, ведаю я вашы гісторыі! Хто дасць веры, каб калі-небудзь валасы крычалі?

— Няхай будзе па-твойму. Васпані не хоча верыць, а ўсё адно папросім пра адну рэч: загадай нам прынесці добрае гарэлкі, мёду і прыгатаваць журавін. Палёнкаю [160] развітаемся са старым годам і спаткаем новы, а цяпер гэта пітво будзе яшчэ прыемнейшае, бо мароз мацнее і вецер паўночны.

160

Палёнка — беларуская назва трунку, якi робяць з паленай гарэлкi, журавiн i мёду.

На падворку дзьмуў вецер, на стале палілася гарэлка. Завальня рупіўся, каб дадаць неабходную колькасць усялякіх патрэбных прыправаў і добры прыгатаваць напой. Пан Латышэвіч гутарыў са сляпым Францішакам. Стоячы каля пана Сівохі, Стась і Юзік апавядалі пра сваіх школьных таварышаў, пра майскія прагулянкі ў полі ды пра студэнцкі тэатр. Я, гледзячы на блакітны агонь гарэлкі, прыгадваў размаітыя гісторыі, якія чуў у дзядзькавай хаце, а найбольш у гэты час мне мроілася ў галаве апавяданне арганіста Андрэя пра вогненных духаў. Здавалася, з гэтага полымя на кліч адразу б выскачыў Нікітрон.

Раптам адчыняюцца дзверы і заходзіць у пакой мужчына, якога я ніколі не бачыў. Высокі, смуглатвары, чорнавалосы, вочы як дзве жарынкі; апрануты коратка, як казак, і бізун за поясам з левага боку.

— Падаю да ног пана гаспадара-дабрадзея! — гучна абвясціў ён.

— А! Як маешся, Базыль! Адкуль цябе Бог прыслаў?

— Далёка быў, дабрадзею! Быў і тут, і там, у маёнтку ксяндзоў дамініканаў блізу Гарбачэва. Едучы праз возера, замёрз увесь: моцны мароз і вецер прадзімае наскрозь. Убачыўшы агонь у вакне панскага дома, спяшаў сюды як да найбліжэйшага месца, дзе можна пагрэцца.

— А можа, таму, — сказаў Сівоха, — што конь ужо далей бегчы не можа?

— О, не! Конь мой яшчэ прабег бы мілі [161] чатыры.

— Добра, добра зрабіў, што прыехаў да мяне, будзем разам сустракаць Новы год.

— А цяпер самы час варажыць, — сказаў Сівоха, — дык скажы ўсім нам: каго які лёс спаткае ў наступным годзе.

— Навошта варажыць! Што каму лёс прызначыў, так і будзе. Мне, цыгану, ездзіць з кута ў кут або жыць у намёце сярод поля, а пану — кіраваць гаспадаркаю.

161

Міля — адзінка даўжыні. У ХІХ ст. у Беларусі ўжывалася міля, роўная 7,777 км.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: