Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

«Што гэта такое? — думае сам сабе пан Н. — Такая нечаканая перамена ў Антосі».

Параіўся са старымі і дасведчанымі людзьмі. Усе пагадзіліся на тым, што пані хворая, бо часта плача, наракае, хапаецца за галаву, нібыта мучыць яе моцны боль, і падае на ложак. Хворай ніхто не мог дагадзіць. Толькі кот спакойна варкатаў ля яе.

— У яе напэўна спазмы, — сказаў пан. — Трэба клікаць доктара.

Прыязджае доктар, пасылае па лекі, лекі дарагія, выдаткі вялікія, а рады няма. Задумаўся доктар, не можа паставіць дыягназ, дык пан Н. запрашае яшчэ некалькі медыкаў. Сабраліся, пагаманілі між сабою, перамянілі лекі — але і гэта не памагло, бо ніхто з іх не мог зразумець хваробу.

Калі ўжо дактары з усёй сваёй навукай не далі палёгкі (хворая зрабілася яшчэ больш слабая і неспакойная), знаёмыя і суседзі параілі пану паслаць па Тамаша.

— Тамаш, — казалі, — нарадзіўся з зубамі, умее ад прыроды лячыць сілаю слоў. Трэба верыць у таямніцы і ў цуды, хоць і не спасціг яшчэ іх чалавечы розум.

Паслухаў пан Н. і паслаў па чараўніка.

Пані ляжала на пасцелі, каля яе сядзела паручнікава жонка, што прыехала тым часам пераведаць хворую; пакаёўкі стаялі ля дзвярэй, кожную хвіліну гатовыя выканаць загад, і чорны кот сядзеў, варкочучы, побач.

Заходзіць пан з Тамашом, кот глянуў на чараўніка агністым вокам, натапырыўся, пырхнуў і скочыў пад ложак.

Тамаш, гледзячы на хворую і мовячы свае таемныя словы, падышоў да яе. Пані, убачыўшы чараўніка, усхапілася ўгневаная з ложка і толькі раскрыла рот, каб нешта сказаць, як рой восаў вылецеў з яе вуснаў і разляцеўся па пакоі. Яны джалілі ўсіх і блыталіся ў валасах у людзей. Кот, жахліва лямантуючы, бегаў па сталах, кідаўся на вокны і сцены. Нарэшце схаваўся за грубкаю і пранізліва мяўкаў. Страх агарнуў усіх, пані ўпала на ложак. Чараўнік адчыніў дзверы, і ўся тая куслівая жамяра знікла.

— Няхай цяпер хворая крыху адпачне, — сказаў Тамаш. — Праз колькі гадзін будзе зусім здаровая.

— Скажы, Тамаш, з чаго пачаліся тыя страшныя пакуты мае жонкі? Адкуль і як у яе ў галаве завяліся тыя восы? Дактары не маглі вызначыць яе хваробу.

— Няма тут нічога дзіўнага, — адказаў Тамаш, — пані любіла бавіцца [171] з катом, і ён сваім нячыстым варкатаннем распладзіў у яе галаве, як у гняздзе, атрутных восаў.

— Кот?! Варгін?! — закрычаў пан. — Ці можа такое быць? Такі пекны, такі лагодны звярок; усе яго любілі, і ўсё ў яго было.

171

Беларусы вераць, што жамяра ў галаве заводзiцца да варкатання катоў.

— Раю пану быць асцярожным. Каты, асабліва чорныя, маюць атруту.

Сказаўшы гэта, ён узяў шапку і выйшаў з пакоя.

— Павесіць ката! — закрычаў пан Н., і гэты, поўны гневу загад, перапалохаў усіх. — Паклікаць сюды каго-небудзь, няхай выцягне ката з-за грубкі. Павесіць яго!

— Сорам, — сказала пані паручнікава, — даваць веры чараўніку, які тут нас усіх сваім шарлатанствам падмануў. Хіба маглі ад гэтага ката нарадзіцца атрутныя восы ў галаве; не чыні, пан, такой жорсткасці — я яго забяру з сабою. Кот рэдкі, і ён у маім доме, пэўна, ніякае шкоды не ўчыніць.

— Павесіць ката неадкладна! — крычаў пан Н. у гневе.

Заходзіць у пакоі лёкай, шукае за грубкаю ката, але таго там ужо не было. Пан і лёкай агледзелі ўсе куты, глядзелі пад сталамі і пад ложкамі, шукалі за мэбляй і нідзе Варгіна знайсці не маглі. Дзверы і вокны былі зачыненыя, як ён уцёк? Стаяць здзіўленыя: кот як праз зямлю праваліўся.

Пані ўжо была здаровая і спакойная. Ва ўсёй ваколіцы дзівіліся з гэтага здарэння. Дактары кпілі з людское прастаты; але люд верыў у сілу Тамашовых слоў, ішоў да яго па параду і заўсёды меў палёгку ў пакутах. Пані паручнікава хацела мець Варгіна ў сваёй хаце, дужа шкадавала, што не ведае, дзе гаротнік хаваецца ад несправядлівага панскага гневу.

Аднаго разу, бавячы час дома з суседкамі, так апавядала гасцям пра ката Варгіна:

— Я не бачыла нічога пякнейшага, як той незвычайны звярок: чорны як вугаль, поўсць бліскучая, гладкая, мяккая — як аксаміт; касматы хвост як у собаля, вочы, поўныя агню, гараць, як свечкі; сам велізарны. О! Калі б магла дзе-небудзь такога ката знайсці — дорага заплаціла б за такую рэдкасць.

Падчас гэтае размовы забягае Зося, старэйшая дачка пані паручнікавае, і крычыць:

— Ах, мама! Які велізарны кот сядзіць у вітальні!

Адчыняюць дзверы і бачаць у цёмным куце чорнага ката — вочы зіхацяць, як свечкі. Гаспадыня адразу пазнала Варгіна і ледзь сказала: «Варгін!», як ён, варкочучы, падышоў да яе. Пані ўзяла яго на рукі, занесла ў пакой і пусціла на падлогу. Варгін паважна пахаджваў па пакоі, а дзеці і госці, стоячы вакол, глядзелі са здзіўленнем і хвалілі незвычайнага ката.

— Табе, Зося, трэба клапаціцца, каб Варгін быў заўсёды накормлены і дагледжаны, — сказала паручнікава. — Цешыць мяне, што ён з’явіўся ў маім доме. Тут такое няшчасце, якое ён зазнаў нядаўна ў доме ў пана Н., яго не напаткае. Ці ж праўда, што такі прыгожы кот мае атруту і шкодзіць сваім варкатаннем?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: