Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Хадзем у царства Вялікага Чарнакніжніка, будзеш мне паказваць дарогу.

І вось бачыць Алешка перад сабою смутную краіну, дзе знямела ўся прырода; ані звера, ані чалавека. На пагорках узвышаліся руіны старых замкаў, а ў далінах відаць былі нейкія скамянелыя постаці, падобныя да жабракоў у сумным одуме, дзе-нідзе ў тумане стаяць на грудах ніцыя бярозы, а над зацвілаю вадою — самотныя вербы. У некаторых мясцінах былі чорныя лясы, але аніводная птушка не абзывалася ў тых лясах, толькі паўсюль лёталі крумкачы.

Чорныя птушкі сабраліся ў чараду і віселі над лесам, нібы чорная хмара. Цёмны туман з усёй прасторы аддаляўся ўсё далей і далей, і з яго ўтвараліся дзіўныя і страшныя постаці — нібыта войска на конях плыло ў паветры і, як дым, гінула воддаль.

— Што гэта за здані? — спытаўся Алешка.

— Гэта сілы Вялікага Чарнакніжніка, якія слабеюць ад ветру, што блукае па свеце.

— Што гэта за нямыя камяні, якія здалёк нагадваюць скамянелых людзей?

— То жыхары гэтае зямлі, ніцыя бярозы і вербы над вадою — іх жонкі, маткі і сёстры. Ты моцаю свайго кія можаш адчараваць іх.

Алешка падняў кій у неба — павеяў лагодны ветрык, неба распагодзілася, разлілося вясенняе святло, зашумеў лес, ажылі дрэвы, зазелянелі пекнымі барвамі; нечакана ў паветры і ў гушчарах загучалі птушыныя песні, людзі, што былі падобныя на камяні, уздымалі рукі і вочы да неба. Ніцыя бярозы ды вербы на берагах рэчак перамяніліся ў прыгожых кабет і хадзілі па квяцістых лугах, звінелі крыніцы, рэкі ды азёры свяціліся, як люстэркі, вёскі ды замкі напоўніліся людам.

Хутка ўвесь гэты край заквітнеў.

Алешка пасяліўся там, ажаніўся з прыгожай і багатаю князёўнаю. Было гучнае вяселле ў палацы, які свяціўся золатам і срэбрам. Сабралася шмат князёў, графаў і іншых знакамітых гасцей. Некалькі дзён і начэй гучала музыка, і я там быў, мёд, віно піў і весела гуляў.

— Добрае апавяданне, — сказаў Завальня. — За тры талеры, ахвяраваныя жабракам, вызваліў увесь край ад няшчасця і сам стаў шчаслівы. Але яшчэ не поўнач, можа, што раскажа нам і чацвёрты ваш таварыш?

Гаспадарчыя клопаты

— Рады быў бы расказваць пану да ўзыходу сонца якія апавяданні або гісторыі, калі б на душы было спакайней. Не мінулае, а прышласць кранае мне сэрца, толькі гэтым думкі і занятыя, і цяжка гаварыць пра нешта іншае.

— Мусіць, чакаеш нейкае бяды, калі так маркоцішся, — сказаў дзядзька.

— Ужо сакавік. Блізка вясна, а гэтая пара года ў нашым краі не ўсіх цешыць, сяму-таму і ўначы спачыну не дае.

— Увесну не адзін гаспадар дбае, каб падчас сяўбы было чым сеяць. Пэўна, і твае клопаты пра гэта.

— У нас адна бяда не ходзіць, няшчасці з розных бакоў нападаюць на чалавека так, што ўсё з рук валіцца і няма надзеі калі-небудзь адпачыць пасля цяжкае працы. Мой сын, жывучы цэлую зіму ў горадзе, зарабіў дзесяць срэбных рублёў. За гэтыя грошы я цяпер у Полацку купіў насення. Дзякуй Богу, маю што пасеяць. Але хто будзе араць ніву? Хто пойдзе на паншчыну? У сям’і толькі тры мужчыны робяць, аднак я сам мушу кожны год выжыльвацца, бо сыноў маіх пасылаюць недзе далёка зарабляць грошы, ад якіх хата не мае аніякага прыбытку. Не ведаю, ці змагу сёлета сам працаваць, бо здароўе дрэннае і сіла слабее, а наняць парабка — не маю грошай.

— Не ведаю, адкуль гэтая хцівасць завялася ў нашым краі, — сказаў дзядзька. — Паны хочуць мець усе выгоды, а на гэта грошай ніколі не хопіць. Я заўсёды паўтараю ўсім: зямля задаволіць усе патрэбы. На яе павінны звяртаць мы ўсю нашу ўвагу, яе павінны старацца палепшыць. Жылі б, як нашы добрыя гаспадары: з аборы і з поля маюць невычэрпны скарб, жывуць добра і людзям дапамагаюць. Даўней не было звычаю пасылаць людзей у далёкія краі зарабляць грошы, бо кожны пан меў дукаты ў скарбонцы, і ў сялян было шмат талераў, плацілі падаткі, мелі ўсяго досыць і жылі спакойна.

— Так і наш стары пан паўтараў часта, каралеўства яму нябеснае, уся воласць яго забыць не можа. Ведаў ён пра кожнага гаспадара ў сваім маёнтку, як хто працуе, як хто рупіцца пра зямлю; дбаў пра сваіх сялян, заўсёды думаў, як палепшыць ім жыццё. Тады кожны меў увесну столькі насення, колькі яму трэба.

У гэты момант пачалі брахаць сабакі на панадворку і нехта моцна пастукаў у браму. Дзядзька адразу паслаў парабка адчыніць.

Арганісты Андрэй

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: