Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Сказаўшы гэта, ён аддаў кій, а сам імгненна знік. Алешка доўгі час стаяў задуманы, разважаў пра дзіўную здань у вобліку беднага старца, пра таямнічую сілу кія, які трымаў у руках, і, агорнуты гэтымі думкамі, пайшоў далей.

Бачыць перад сабою лес, спавіты дымам — нібы густым туманам. Падыходзіць бліжэй: страшны пажар у пушчы, полымя, гнанае ветрам, запальвае галіны высокіх хвояў. Ласі і дзікія козы, ратуючыся ад агню, кідаюцца ў ваду і плывуць на другі бок возера, сяляне ў роспачы дарэмна спрабуюць утаймаваць імклівае полымя, якое ўжо дасягае палеткаў і пагражае паглынуць усе пасевы.

Алешка згадаў старцавы словы і падняў канец кія ўгору. Умомант пажар ачах, нібыта заліты вадою. Толькі чорныя клубы дыму падымаліся ў неба. Людзі здзіўлена глядзелі на гэта, а Алешка пайшоў далей.

Раптам пацямнела, схавалася сонца ў аблоках, з-за гор паднялася страшная хмара і засланіла палову неба, бесперапынна ўспыхвалі бліскавіцы, і стралялі адзін за адным перуны, падзьмуў вецер, жывёла ўцякала з пашы, страх ахапіў усіх сялян.

Алешка падняў кій да неба — клубы чорных воблакаў вецер разнёс у розныя бакі, і навальніца не ўчыніла аніякае шкоды.

Калі сонца выпаліла ў полі працу земляробаў, высахла трава на лугах і паплавах, Алешка чароўным кіем выклікаў з далёкіх краёў хмары, і шчодры дождж ажывіў зямлю.

Шмат ён дапамагаў бедным і нешчаслівым, і людзі дзякавалі лёсу.

Нарэшце Алешка пайшоў у далёкі край, дзе за лясамі, за водамі, за гарамі ёсць велізарная краіна, у якую страшны чарнакніжнік заслаў злых духаў і ператварыў яе ўсю ў жахлівую пустэльню.

Колькі дзён і тыдняў Алешка з кіем у руках ішоў далей і далей, мінаў вёскі і гарады, мінуў велізарныя з даўніх часоў не кранутыя сахою пусткі і прыйшоў на месца, дзе хавалася ў цёмных лясах утравелая дарога. Там ён убачыў велізарнага асілка. Найвышэйшыя бярозы ледзь маглі вершалінаю дастаць да яго шырокіх рамёнаў; ён адною рукою вырываў з зямлі стогадовыя дубы і, перанёсшы іх на новае месца, саджаў зноў у зямлю. Калі ўбачыў вандроўніка, пагрозліва закрычаў:

— Чаго ты прыцягнуўся ў гэтыя цёмныя лясы? Загінеш, як нікчэмны чарвяк.

— Я не такі палахлівы, як табе здаецца, — адказаў Алешка і ўзняў канец кія ў неба.

Зашумеў лес, і ў міг вока ўпалі велізарныя дрэвы, вырваныя з зямлі, нібыта прайшла па іх страшная бура. Сам асілак, пакараны незразумелаю сілаю, паваліўся, як стогадовы дуб, на дол і папрасіў літасці.

— Хто ты і што робіш у гэтай глухой пустэльні? — спытаўся Алешка.

— Тут недалёка мяжа царства Вялікага Чарнакніжніка, — сказаў асілак. — Я Дубіна [172] , яго лёкай, вартую гэтыя цёмныя лясы, а цяпер хачу служыць табе.

172

Дубiна, Пруд, Гарыня — гэта асілкі паганскіх часоў. Яны засталiся ў памяцi люду i згадваюцца ў асобных казках як і Баба Яга, Купала, Чур ды iншыя багi.

— Устань і вартуй лясы, але не нападай на вандроўнікаў, а дапамагай ім.

Сказаўшы так, Алешка пайшоў далей.

Ідзе праз цёмныя бары, бачыць перад сабою толькі хвоі, а над сабою — неба, сустракае толькі дзікага звера, часам адзываецца здалёку пугач. Калі прайшоў цёмныя пусткі, нечакана адкрылася яго воку велізарная даліна, пасярод якой плыла шырокая рака, зарослая па берагах густым чаротам, і, бегучы з розных бакоў, уліваліся ў яе ручаіны. На высокім беразе сядзеў асілак, падобны да велізарнае скалы. На яго галаве раслі такія цвёрдыя валасы, што вецер не мог варухнуць іх. З-пад носа тырчалі велізарныя вусы; ён закідаў іх на самую сярэдзіну ракі і выцягваў вялікія рыбіны, што былі яму за ежу. Калі гэтая пачвара ўбачыла Алешку, дык закрычала:

— Чаго ты прыцёгся сюды? Ані човен рыбацкі, ані дзікі звер не пераплывалі гэтае ракі. Толькі птушкі бяскарна могуць ляцець у той бок; загінеш тут праз сваю дурную смеласць.

— Я не баюся тваіх пагрозаў, — адказваў Алешка і ўзняў кій у неба.

Завірылася вада, і рака, нібыта падаючы з высокіх гор, пачала змываць імкліваю плынню берагі. Паваліўся асілак, як скала, падмытая вадою. Скарыўся і папрасіў літасці.

— Ты хто? Навошта, жывучы тут адзін, забараняеш хадзіць іншым? — спытаўся Алешка.

— Тут недалёка мяжа царства Вялікага Чарнакніжніка. Я Пруд, яго лёкай, вартую гэтую рэчку, каб ніхто не пераплываў яе. А цяпер хачу служыць табе.

— Устань, можаш лавіць рыбу ў гэтай рацэ, але не чапай вандроўнікаў, не забараняй пераплываць на той бераг, а нешчаслівым дапамагай. А цяпер пакажы мне брод.

Калі так сказаў, супакоілася вада, а Пруд перакінуў вус на другі бераг. Алешка прайшоў па ім, нібыта па плывучым мосце, падняўся на высокі бераг і рушыў далей.

Неўзабаве ўбачыў ён перад сабою вяршыні велізарных гор, што ўздымаліся над усёй зямлёю, нібыта хмары перад рабінаваю ноччу. Падышоў бліжэй і ўбачыў асілка, які быў мацнейшы і страшнейшы за Дубіну і Пруда. Гэты магут збіраў горы і скалы ў адно месца і, стаўляючы іх адна на адну, будаваў мур, які быў ужо вышэй за аблокі. Убачыўшы вандроўніка, ён закрычаў страшным, бы грымоты, голасам так, што задрыжала ўся ваколіца.

— Куды ідзеш, небарака? Не пералятае праз гэтае месца ні арол, ні сокал, і воблакі далей не плывуць. Загінеш, як нікчэмны чарвяк.

— Я не баюся тваіх пагрозаў, — адказваў Алешка і ўзняў кій у неба.

Абваліліся скалы і горы, скаланулася зямля. Перапалоханы асілак зваліўся на дол і папрасіў літасці.

— Ты хто? Каму ты служыш, носячы гэтыя скалы і горы на плячах? Навошта трэба гэтая сцяна, вышэйшая за аблокі?

— Я Гарыня, лёкай Вялікага Чарнакніжніка. Тут мяжа яго царства. Ён не любіць птушак, хмар і ветру, хоча патушыць на небе сонца і зоркі, каб была вакол толькі цемра, але табе само неба спрыяе, ты мацнейшы за майго гаспадара, а таму я хачу кінуць гэтую цяжкую працу, служыць табе і ісці туды, куды ты пашлеш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: