Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Даўней жыла ў нашым краі багатая пані. Я не памятаю яе прозвішча, але гэта неістотна. Дык вось тая пані здзекавалася са сваіх падданых і лёкаяў, забыла пра веру і хрысціянскія абавязкі, ёй здавалася, што чалавек — гэта яе ўласнасць, гэтаксама, як і кожная рэч, і што яна мае права чыніць над людзьмі што захоча.

Яна рабавала бедных сялян, увесь плён мазольнае іхняе працы пускала на раскошу. А людзі ў той час разлучаліся з душою ад голаду. Яна хадзіла ў дарагім ядвабе і дыяментах, а яе падданыя не мелі чым накрыцца ад холаду і ветру; калі хто завінаваціўся ў чым — кара была неміласэрная, ды яна часта і без віны жорстка карала. Пані так лютавала, што загаралася гневам, калі дзяўчына з яе воласці захоча замуж за чалавека вольнага і багатага. Адразу гэтую гаротніцу садзіла ў кайданы, быццам тая ўчыніла нейкае страшнае злачынства.

Так жывучы, гэтая зласлівая кабета заўважыла, што яна ўжо састарэла, а сумленне шаптала ёй, што скончыцца некалі жорсткае панаванне, ды і здароўе пачало слабець. Бачачы свой блізкі скон, яна перамяніла свае звычкі, зрабілася пабожнаю і міласэрнаю, давала міласціну жабракам, адпісала нейкія грошы на кляштары ў Полацку, абы маліліся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе і дазволіў доўга жыць на свеце. Зазванілі ва ўсіх касцёлах, сабраўся люд, абвясцілі пра гэта з амбона, паляцелі ў неба малітвы пабожных людзей і весткі пра святыя ахвяры. Залагоджаны малітвамі вернікаў, Бог злітаваўся над грэшніцаю, дазволіў доўга жыць на гэтай зямлі і чакаў пакаяння.

Пані пражыла гадоў сто, ды не толькі не змянілася на лепшае, але гнеў і жорсткасць яшчэ болей выраслі ў яе сэрцы. Так што большая частка яе падданых, пакінуўшы свае хаціны, тулялася па свеце, шукаючы сабе спажытку, і лёкаі разбягаліся, кленучы сваю пані. Суседзі яе ненавідзелі, ніхто не хацеў адведаць, ніхто не хацеў яе сустрэць ці нават наблізіцца да яе жылля. А гнеў нішчыў яе цела, выпетрала ад злосці, і постаць яе дзень пры дні змяншалася.

Доўга так жывучы, забытая людзьмі, яна сохла і пакрысе змяншалася, ужо была падобная да хворага карузліка, пасля на немаўля, робячыся ўсё шчуплейшаю. Нарэшце перамянілася ў нейкую дзіўную Інсекту, з аднаго і другога боку выраслі ў яе доўгія празрыстыя крылы. Аднак тая самая злосць гарэла ў яе сэрцы.

Прамінула шмат гадоў. Тая грэшная кабета жыла, як бы заклятая ў абліччы нейкае крылатае пачвары, а хто падыходзіў да яе жытла, дык бачыў, як яна вылятала адтуль з жахлівым крыкам і адганяла перапалоханага прахожага, лётаючы ў яго над галавою.

Прыехаўшы здалёку, новы дзедзіч пан А. пачаў гаспадарыць у тым маёнтку, а калі суседзі расказалі яму пра напады страшнае Інсекты, ён загадаў адчыніць усе вокны, акурыць дымам пакоі, і дарэмна тая, з жахлівым піскам і крыкам кідаючыся ў вочы, страшыла людзей. Пераможаная дымам, яна мусіла ляцець у сад і схавацца між дрэваў. Але злосць кіпела ў яе сэрцы, і яна хацела што б там ні было выгнаць новага гаспадара з дому.

Лёкаі пана А. расказвалі, што апоўначы чуцён шум і нейкі піск пад падлогаю і па кутах, часам з’яўляюцца страшныя здані і нейкія звераняты, падобныя да жаб і жукоў з чорнымі кашэчымі галовамі і зіхоткімі, як іскры, вачыма; калі хто падыдзе, яны ўмомант знікаюць, правальваючыся куды-небудзь у дзіркі або ў шчыліны ў сцяне; і што гэта абавязкова мусяць быць злыя духі. Яны раілі пану, каб запрасіў ксяндза і пасвянціў дом. Пан смяяўся і казаў, што гэтыя дзівы — ад іхніх забабонаў, бо дасюль ён нічога такога не бачыў.

Праз некалькі дзён апоўдні неба было пагоднае. Пан А. адчыніў вокны і сядзеў адзін, задумаўшыся, у пакоі. Тут залятае Інсекта, кружыцца па пакоі, у пісклявым яе голасе чуваць страшная лаянка і праклёны. Яна села перад панам на стале — ён заўважыў як бы жаночую постаць, ногі і рукі сухія, падобныя на пчаліныя, і сама тонкая. Тут яна ўзлятае са стальніцы, кружляе вакол галавы пана А. і ўжо хоча ўбіцца ў яго валасы. Ён жа, накрыўшы галаву хусткаю і баронячыся, як ад пчалы, выбег перапалоханы з дому, загадаў лёкаям выгнаць тую страшную пачвару дымам і зачыніць вокны.

Прайшло некалькі дзён. Калі пан А. чытаў у садзе пад ліпаю раман, зноў з’явілася тая Інсекта. Пырснула кроплю нейкай атруты, якая прапаліла старонкі і вопратку пана. Інсекта, віючыся ля галавы, лаяла і кляла яго пісклявым чалавечым голасам. Увесь дрыжучы з пярэпалаху, пан А. ускоквае ў пакоі і доўга думае, як пазбыцца гэтае жахлівае пачвары.

Пры кожным зручным выпадку Інсекта помсціла яму. Аднаго разу, калі пан верхам аб’язджаў свае палеткі, яна, лётаючы побач, пранізлівым крыкам спудзіла каня, які наўскапыт паляцеў праз равы і пагоркі і скінуў гаспадара. І той ляжаў скрываўлены, без дыхання, пакуль не падбеглі аратыя. Яны прынеслі пана дахаты, і лекар ледзь выратаваў яго ад смерці.

Па ўсёй ваколіцы разышліся гэтыя чуткі, толькі і гаварылі пра злую кабету, якая перамянілася ў страшную Інсекту. Усе суседзі шкадавалі пана А., але ніхто з іх не пераведаў хворага, бо ўсе баяліся падысці да яго маёнтка.

Калі пан А. ачуняў і думаў, як пазбыцца праклятае Інсекты і злых духаў, з якімі яна, пэўна, пасябравала, ён успомніў параду сваіх лёкаяў і вырашыў запрасіць каплана і пасвянціць дом. Дык пасля захаду сонца, калі Інсекта, схаваўшыся ў траве, спала, ён загадаў запрэгчы коней і ўначы паехаў у Полацак.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: