Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— А як даўно пакінуў родны край?

— Ужо таму васемнаццаты год.

Гаспадар, пазіраючы на мяне, кажа:

— Здаецца, што я цябе колісь бачыў у гэтых краях, але прозвішча не магу ўспомніць.

Я назваў яму прозвішча, ён з радасцю схапіў мяне за руку і сказаў:

— Я З. [177] , мы былі калісьці школьнымі таварышамі.

І тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслівае мінулае, пра маладых таварышаў і настаўнікаў полацкіх школ, пра знаёмых, хто дзе і як жыве, хто і калі пакінуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якія ўжо выбраліся да вечнага дому нашага.

177

У другой частцы аповесці замест крыптаніма З. пададзена поўнае прозвішча гаспадара — пан Зямельскі.

Пасля пан З. зняў з шафы драўляны бюст і сказаў:

— А гэтага Дзядка ці памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калі, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады і перасцярогі, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькі ён мусіў выцерпець, пакуль трапіў сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамінаю тыя мудрыя перасцярогі і паўтараю іх сваім дзецям. Гэты мой маленькі сынок добра ведае, што дазваляе і што забараняе Драўляны Дзядок.

— О! Гэты Дзядок мусіў прайсці па страшных пуцявінах пасля развітання з кляштарным дахам, жорстка яго свет прывітаў: галава прасвідраваная, вочы выкалатыя, вусны апаленыя; людзі не любяць праўды, але, напэўна, ён, вандруючы па свеце, быў нямы і нікога не абражаў напамінам.

— Людзям цяжка дагадзіць, можа, пакутаваў за тое, што маўчаў. Раскажу пра яго вандроўкі і пра іншыя дзіўныя здарэнні, пра якія чуў ад асоб, што жывуць з намі па суседству. А цяпер падарожнаму трэба падхарчыцца.

Сабралі стол, падалі гарэлку і закуску; Анэля дастала з паліцы спелыя маліны, якія сабрала ў садзе, і цудоўныя яблыкі. Тут пан З. хваліў свае садовыя дрэвы, якія сам садзіў і прышчапляў. Калі ветлівы гаспадар частаваў і падахвочваў мяне вячэраць, адчыніліся дзверы, абапіраючыся на кій, заходзіць стары, галава і вусы белыя. Быў гэта калісьці вялізны і дужы мужчына, але цяжар гадоў пахіліў яго высокую постаць.

— Як маешся, пане Ротмістру, у добры час зайшоў. Рэкамендую табе мілага госця, некалі калега мой школьны, далёка дзесьці вандраваў і цяпер праз шмат гадоў наведаў сваю бацькаўшчыну. Будзем бавіць разам вечар у прыемных размовах, знойдзецца пра што гаварыць пасля такое доўгае ростані.

Прайшло няшмат часу, ужо і самавар прынеслі, наліваюць гарбату, стары пан Ротмістар, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні:

— Мая пані, даўней гарбата была лекамі ад галавы, а цяпер без яе і жыць не могуць, якія перамены ў свеце.

Пан З. паставіў шклянку на стол.

— Слухай цяпер, — сказаў мне, — раскажу табе пра дзіўныя здарэнні з Драўляным Дзядком.

Дзеці, хоць, можа, не раз чулі гэтае апавяданне, поўныя цікавасці, прымайстраваліся ля бацькі.

Што здарылася з Драўляным Дзядком

У Полацку, калі езуіцкія муры перабудоўвалі паводле новага загаду [178] , выкінулі разам з друзам усё тое, што было бескарыснае і непатрэбнае, асуджаны быў і гэты бедны Дзядок на такую ж знявагу; засыпаны вапнаю і пабітаю цэглаю, ляжаў ён непадалёку ад тых муроў, колер валасоў і твару ягонага ўжо змяніўся ад дажджоў і спёкі; работнікі, нанятыя расчышчаць тыя мясціны, выкапалі яго з-пад друзу і прынеслі да свайго гаспадара-купца, мяркуючы, можа, на што-небудзь яму спатрэбіцца. Купец задумліва глядзеў на гэтага Дзядка і вырашыў, што гэта, мусіць, бюст нейкага вялікага чалавека, паклікаў да сябе фактара [179] жыда Залмана, пытаючыся, што значыць гэты драўляны бюст; можа, ён мае рысы князя або якога даўнейшага мысляра.

178

У 1820 г. царскія ўлады забаранілі дзейнасць езуітаў у Расеі.

179

Ф'aктар — пасрэднік, ад лац. factor — той, хто выконвае.

— Ведаю добра, — усміхаючыся, сказаў Залман, — што ні князь гэта, ні мудрэц, але гэтая галава, калі выглядвала з-за муру, то гаварыла, і кажуць, што часам і вельмі разумна, я яе сам бачыў.

— Гаварыла? Што за ліха, драўляная галава! Пэўна, нейкія тут чары?

— А можа, і чары, навошта яна табе, аддай мне, я за яе заплачу.

— Хочаш, як бачу, мяне ашукаць. Лухту мелеш: драўляная галава гаварыла, быць гэтага не можа.

Падчас гэтае размовы жыда з купцом падышоў хтосьці, апрануты па новай модзе, можа, які чыноўнік або настаўнік, і, гледзячы на Драўлянага Дзядка, кажа:

— Гэта галава грэцкага філосафа Сакрата, я чытаў пра яго і бачыў яго партрэт, падобны на гэты твар. Ён шмат пакутаў прыняў ад сваёй жонкі Ксантыпы і за праўду, якую гаварыў свету, спазнаў гора.

Купец, радуючыся, што знайшоў такі скарб — бюст вялікага Сакрата, пра розум якога некалі чуў, адагнаў жыда ад Дзядка і вырашыў мець яго ў вёсцы ў сваім доме і, часам гаворачы пра Сакратавы пакуты, нагадваць учынкі свае жонкі, бо яго жонка Яўхімія была падобная да Ксантыпы.

Ужо праз колькі дзён Драўляны Дзядок з купцом пераехалі ў вёску, што была за некалькі дзесяткаў вёрст ад Полацка, гаспадар унёс яго ў хату, з гонарам паказвае сваёй жонцы, тлумачачы ёй, што гэта бюст слаўнага грэцкага мудраца.

Яўхімія глянула на Дзядка скоса:

— Гэтае страшыдла драўлянае з барады і носа падобнае на цябе — ці варта было цягнуць яго з сабою.

Дарэмна муж пераконваў, што гэта вялікі рарытэт, і ўжо нешчаслівы Дзядок мусіў быць выкінуты з дому і начаваць пад голым небам, але, на шчасце, прыйшоў сусед і прыяцель; ён супакоіў Яўхімію і давёў ёй, што гэты твар нічога агіднага ў сабе не мае, можа быць, гэта бюст нейкага пустэльніка або манаха, які некалі жыў пабожна, а таму варты пэўнае павагі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: