Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Ён знайшоў сабе яшчэ асістэнта, нейкага чужаземца (таксама філосафа), добра яму плаціў і стварыў усялякія выгоды. А той, хвалячы яго, называў геніем у філасофіі і, карыстаючыся з яго легкавернасці, дадаваў да свае дурное філасофіі яшчэ і блюзнерствы.

Хутка малады філосаф заганарыўся, лічыў сябе за выдатную асобу, пазіраў на ўсіх людзей, як глядзяць з горнае вяршыні на мурашак.

Аднойчы ў нядзелю, пасміхаючыся, Філосаф запытаўся ў свайго таварыша:

— А ці паедзем мы сёння ў касцёл?

— Што там рабіць у касцёле, хіба, можа, табе трэба з кімсьці пабачыцца?

— Я хацеў бы сустрэць сяго-таго з суседзяў і запрасіць іх да сябе.

— То добра. На гэта шмат часу не трэба.

Прыехалі на імшу. Святыня поўная вернікаў. Філосаф выскачыў з карэты, заходзіць у касцёл, і калі стаў пасярод натоўпу — дзіва нечуванае! — дзе ягоныя шырокія плечы і высачэзны рост? Вокамгненна стаў ён такі маленькі, як драўляная дзіцячая лялька. Хто стаяў блізка — пазналі яго і пазіралі адны са страхам, другія — з насмешкаю. І ўсе прэч адступаліся ад яго. Ён жа, сам перапалоханы, не памятаючы, што з ім дзеецца, хуценька ўцёк са святыні Божае, прыбег да карэты, дзе знайшоў свайго таварыша, расказаў пра гэты дзіўны выпадак. Сябар смяяўся да слёз і даводзіў, што ўсё гэта ад таго, што нервы разгуляліся, ці ад нейкае іншае хваробы. Аднак пасля гэтага выпадку Філосаф больш у святыню не заходзіў і вярнуўся дахаты ўстурбаваны.

Па ўсім Полацкім павеце простыя людзі, апавядаючы пра гэта адзін аднаму, казалі, што Філосаф цяжка правініўся перад Панам Богам. Праз некалькі дзён запрошаныя суседзі сабраліся ў Філосафа. Сярод гэтых гасцей была моладзь, якая вельмі ўпадабала гаспадаровы разважанні; кожнае слова, узятае ў старажытных аўтараў, у яе разуменні было найвышэйшай мудрасцю. Госці дзівіліся з яго грунтоўных ведаў; пра што толькі Філосаф ні расказваў, мудрыя яго заўвагі захаплялі ўсіх. І гаспадар быў трыумфатарам, бо мог і растлумачыць любую таямніцу.

Быў пагодны дзень, неба яснае, усе госці выйшлі ў поле на шпацыр, і гаспадар з імі. Паветра чыстае, вока цешылася маляніўчым наваколлем, на пагорках пасвіліся шматлікія чароды, на спакойным возеры плавалі качкі і белыя гусі, у гаях адзываліся птушыныя спевы, на лугах і жоўтых ад квецені ліпах гулі, снуючы сюды-туды, працавітыя пчолы; ясны дзень і пекныя краявіды захаплялі ўсіх. Філосаф разважаў пра размаітыя з’явы жыцця. Урэшце — пра чалавека, што ён ёсць частка самога Бога, што душа яго, заглыбіўшыся ў даследаванні, разумее ўсе цуды, бачыць усе таямніцы. Добрыя ўчынкі ён называў анёламі, а грэх — нячыстым духам ці шатанам.

У час гэтых разважанняў галава яго вокамгненна схавалася пад капелюшом, зацьмілася ў вачах, і зніклі ўсе малюнкі прыроды. Філосаф зрывае капялюш, і госці бачаць перад сабою жудаснае відовішча: не было ў яго галавы, толькі над шырокімі плячамі вісеў на тонкай шыі нейкі шарык накшталт макавае галоўкі. Задуманыя, стаяць усе, бледнасць на тварах, неспадзяванае дзіва перапалохала гасцей, усім мову пазаймала.

Доўга ўся гэтая сябрына маўчала. Філосаф, круцячыся на адным месцы, нейкім пісклявым голасам мармытаў няўцямныя словы. Ледзь вырываліся з грудзей яго ўздыхі, а калі падняў рукі ў неба, імгненна ўбачылі над яго плячыма звычайную чалавечую галаву.

Госці паглядалі адзін на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць, а яго сябар-асістэнт смяяўся да слёз, даводзячы, што тое дзіва здарылася ад сонечнае спёкі, і раіў усім вярнуцца дахаты, бо шпацыр у спякоту не спрыяе здароўю.

Усе паверылі, што бачылі звычайную рэч, і пераканалі гаспадара, што ўсё гэта ад прыліву крыві. А хутка і забыліся пра ўсё. Філосаф жа па-ранейшаму трымаўся сваіх поглядаў і нязменна трыумфаваў.

Ён не пакінуў займацца ашуканствам, а пасля асмеліўся нават надрукаваць свае разважанні, што супярэчылі рэлігіі і здароваму розуму, у часопісе. Яго старыя суседзі, якім гэта чытаў, папярэджвалі:

— Пакінь свае памылкі; вер так, як верылі твае бацькі. Яны жылі шчасліва і спакойна; іх простая вера заслужыла ўзнагароду. Якая ж праўда вышэйшая за праўду веры? Бог яе сам аб’явіў у Евангеллі, і гэтая мудрасць, як сонца нябеснае, асвятляе цэлы свет і кажа пра таямніцы. Чалавечы розум няхай супакоіцца, бо гэта за мяжою яго разумення. Памылковыя думкі вядуць народ да бяды, а веру — да ганенняў.

Аднак усе парады і напаміны былі марныя.

На змярканні Філосаф, вяртаючыся са шпацыру, мінаў пагорак, дзе ў засені некалькіх бяроз стаяла старая драўляная каплічка, узвышаліся камяні і пахіленыя крыжы на могілках. Там ён убачыў некалькі сялян, што, укленчыўшы, маліліся за душы памерлых. Філосаф здзівіўся іх прастаце. «Бедныя людзі, — падумаў сам сабе, — вераць, што жыхары таго свету чуюць іх ці патрабуюць ад іх малітвы».

Ледзь падумаў так, як агарнула яго нейкая трывога, а калі заспяшаўся дахаты, убачыў нечакана, што побач з ім ідзе велізарны шкілет. Гэта так яго напалохала, што, вярнуўшыся дадому, ён доўга быў як непрытомны. Дарэмна стараўся пераканаць яго прыяцель, што гэта адбылося з якойсьці самай звычайнай прычыны. Здаралася колькі разоў, што ўвечары той шкілет заходзіў у ягоны пакой і станавіўся ля стала. Тады Філосаф пранізлівым крыкам склікаў да сябе ўсіх, хто быў у доме. Калі заплюшчваў вочы, каб заснуць, здавалася яму, што страшны крывасмок, абапіраючыся спарахнелай рукою, навісаў над яго тварам і жахліва заглядваў яму ў вочы; пранізліва крыкнуўшы: «Труп, труп!» — Філосаф усхопліваўся з ложка. Доўгі час бачачы такія відовішчы, ён зусім перамяніўся: пабляднеў з твару, саслабеў і заўсёды меў неспакойныя думкі. Да таго ж асістэнт, засмучаны гэтымі пераменамі, пакінуў яго і выехаў у нейкія далёкія краіны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: