Вход/Регистрация
Блакіт і золата дня
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Дурань, - кажу Алесю, - цябе ж заб’юць.

– А я назнарок такую ноч выбраў, - і смяецца. Зубы прадае.
– Дуйка мяце. Дулю яны сляды заўважаць.

Танцавалі. Я яму шчыра сказала, што ён мне не патрэбен, што мне такімі хоць платы падпірай. Не верыць.

– Ты, - кажа, - усё маніш. Не можа гэтага быць, каб я не падабаўся.

І сказаў, што прыйдзе за мною, што няма яму ад мяне дарогі. Прызначыў ноч.

І толькі пайшоў, узнялася страляніна.

Так мы і згубілі адно аднаго. Потым - вайна. Я сувязной была.

Ну і закруцілася карусель. Немцы ганяюцца за партызанамі, партызаны за немцамі. І вось аднойчы прыходзіць перад світаннем чалавек. Глядзіць, усміхаепда.

– Не пазнаеш?
– кажа.

Я глянула - божа мой, Алесь. Зарослы, жорсткі ўвесь нейкі. Але глядзіць з-пад калматых броваў весела. Выявілася, што ён таксама сувязны. І даведалася я, што нічога ён не забыў, што па-ранейшаму ажаніўся б, калі я не супроць.

А мяне як чорт які за язык торгае. Не хачу, і ўсё. І так цягнулася ўсё з год. Як ён ні прасіў мяне, якіх слоў ні казаў - не хачу. Кошчыны гульні - мышчыны слёзкі.

І вось аднойчы з’явіўся ён да мяне позна і не паспеў да раніцы пайсці. Вырашыла я схаваць яго ў старой бульбяной яме на гародзе. Там не знойдуць.

Я пажартавала яшчэ:

– Не крыўдна табе будзе цэлы дзень хату і мяне бачыць?

– Самы смак, - кажа.

І нанёс чорт у гэты дзень немцаў. Пачалі лавіць людзей для адпраўкі ў Германію.

Мяне ўжо і ў калону былі загналі, ды я неяк вырвалася і канавай, канавай, а потым ля платоў да сваёй хаты. Але заўважылі мяне здалёк - і за мной. Я скочыла на двор - і на гару.

А ён з ямы ўсё гэта бачыць.

На гары ў нас салома ляжала. Зашылася я ў салому за комінам і сяджу.

Чую - шукаюць. Ператраслі ўсё ў хаце. Рыпяць прыступкі, -лезе нехта па лесвіцы. Стаў, дыхае цяжка.

– Вайбе, - кажа выходзь.

Я сяджу як мыш пад венікам. І раптам аўтаматная чарга проста па саломе. Каб не комін...

А тут нехта на двары заліўся, як ганчак на зайца.

– Ай-я-я-яй, ай-я-яй. Вось ён! Вось ён!..

І чую, той, хто страляў, скаціўся з лесвіцы. Ушчалася страляніна. Раздаўся выбух.

Я зірнула ў шчыліну. А гэта мой Алесь выскачыў з ямы - і бегчы, як ліс, каб адцягнуць паляўнічага ад нары. Ён і гранату кінуў.

Бяжыць, бяжыць па роўным полі, а яны па ім страляюць.

Ён у хмызах знік, а пра мяне яны забыліся. Загэркалі нешта па-свойму і пайшлі.

Потым я кінулася па следу і знайшла яго ў раўчуку. Вочы пяском зацярушаны, кісць левая на жылачках вісіць.

Дацягнулі яго бабы да хаты. Ён руку памацаў і кажа:

– Рэжце...

– Далі мы яму самагону і адрэзалі мускулы, на якіх рука вісела. Потым, калі апрытомнеў, я схілілася над ім:

– Алеська, добры мой, дарагі.

– Нічога не бачу, - кажа ён глуха.

– Алесь, любы ты мой. Будзеш бачыць.

А ён павярнуўся да сцяны і глуха так адказаў:

– Не хачу я цябе бачыць. Ідзі...

Вядома, ён лічыў, што калі з ім такая бяда, дык не яму пра мяне думаць. Куды, маўляў...

А я толькі вуснамі яму да шчакі:

– Даруй ты мне... Я ж вельмі цябе кахаю. Ты такі мой добры, такі жаданы.

І вось з таго часу мы разам. Выхадзіла я яго ў атрадзе. Праз некаторы час пачаў ён бачыць. І такое мне было шчасце - нічога, здаецца, не трэба больш.

– Як жа так, цётка, - спытала маладая, - і дагэтуль добра пражылі? У вас жа небагата? І дзяцей многа?

– Глупства, - паблажліва адказала старэйшая, - жывём. Ён са мною - і досыць.

Міхал уздыхнуў. Гэтыя людзі разважалі іначай. Ён закурыў другую папяросу. Жанчыны змоўклі. Відаць, паклаліся спаць.

Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны. І пад шум дажджу Міхал непрыкметна заснуў.

Сніўся яму стэп, астравок таго стэпу, што трапляецца ўжо на поўдні Беларусі. Шырокая пыльная дарога, колкія промні сонца. На ўзвышшы, усе ў чырвоным марыве і самі чырвоныя, стаяць людзі з рыдлёўкамі. І раптам ён чуе здзіўлены вокліч. Нехта бяжыць да яго з узгорка.

– Вярнуўся! Вярнуўся, - задыхаецца яна.

Яе рукі бяруць чамадан...

– Хлопцы!
– крычыць яна.
– Ён вярнуўся! Ён з намі!

А сама прыціскаецца да яго.

– Не,- кажа ён,- я толькі паглядзець. Я мужчына. У мяне гонар.

І вось гасне, робіцца сумным яе аблічча. Ён разумее, што гэта

яна, але не пазнае яе рысаў. Чужая, зусім чужая, - а калісь свая, - яна стаіць каля яго. Знікае...

Міхал застагнаў у сне, хапаючы пальцамі паветра. А яна ўсё знікае. Знікла. І стэп быў той самы, але трывожны, як перад навальніцай. А людзі на ўзвышшы расплываліся ў чырвоным марыве.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: