Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Гэта было так жахліва, без яе, так жахліва, як ніколі не было наяве. Ён прачнуўся ад жаху і сеў, увесь дрыжучы.
– Мар’яна!
– крыкнуў ён, як толькі сон адпусціў яго горла.
Была ціша. У шалаш свяціла сонца. Кожная зёлка, упрыго-
жаная нізкай кропель, красавалася, зіхацела.
Міхал не помніў, як ён схапіў чамаданчык, як выкаціўся з шалаша.
Дымела мокрая чорная зямля, праменні купаліся ў лужынах, яблыні стаялі ў мокрай знямозе, раскашавалі. А на ліпы і хмызы было балюча глядзець.
І пырхала, пералятала з галіны на галіну, з дрэва на дрэва ў хмызы і зноў на дрэва ўзбуджаная да вар’яцтва малінаўка. Спявала, ажно сад звінеў:
– Разумееце, разумееце, разумееце?! Разумееце, сонца ёсць. Яго зусім не зжэрлі! Яно ёсць! Ёсць!!!
Далёка, садам, ішлі дзяўчына і мажная кабета, якую схілілі не гады, а праца. Яны аб нечым размаўлялі.
А малінаўка звінела і звінела:
– Сонца ёсць!.. Ёсць!..
І пад гэты спеў Міхал шпарка пакрочыў да дарогі. Ён плюхаў па лужынах, слізгаўся і ўсё паскараў крок.
Дарога звярнула да ракі, пайшла берагам. А свет увесь ператварыўся ў сімфонію гукаў, іскраў, пахаў.
“Я абавязкова ўсё раскажу, - думаў Міхал.
– Усё будзе добра. Каханне не адступае, яно не адступае ніколі. Я пераканаю яе ці яна мяне - хіба не ўсё роўна? Хіба дрэнна стаць рабочым на раскопках? Паліцца пад промнямі, глядзець у яе вочы, цалаваць яе, гарачую ад сонца, калі за курганам згасае заранка і цені ад узгоркаў імчаць полем, як скіфскія коннікі?”
Рака ўся млела пад сонцам, прымаючы ва ўлонне сонечную цеплыню.
Каля берага плыў у чаўне дзед, самы лепшы з усіх дзядоў на свеце, сівы, лысы. Т акі добры дзед.
І Міхал махнуў яму рукою і крыкнуў голасам, які сарваўся ад радасці:
– Лавіць табе не пералавіць, дзед!
І гэты дзед адказаў праз зубы, не таму, што быў мо не ў гуморы, а таму, што трымаў ў роце шнур:
– Хадзі шчасліва, сынок.
Гэта быў такі добры дзед, проста незвычайны!
Міхал засмяяўся ад радасці і пакрочыў дарогай. Свет, сонечны, іскрысты, як хвост паўліна, ляжаў перад ім.
З-за далёкага, зіхатлівага лесу паказаўся дымок, бы там хто піпчыў люльку, а потым даляцеў прызыўны гудок цягніка.
Карней - мышыная смерць
Мы, дзеці, гатовыя былі бегчы за ім хоць за самы свет. Калі на нашай вуліцы з’яўлялася началавеча-доўгая постаць і гучаў прарэзлівы крык: “М-мышы! Шчурры! Пацукі!”, мы былі проста на сёмым небе ад асалоды. Гэта было нават цікавей, чым тачыльшчык.
Чалавек гэты быў худы, з сухім і доўгім тварам, на тонкіх вуснах якога заўжды сядзела з’едлівая і таемная ўсмешка. І пахла ад яго неяк дзіўна: так пахнуць камяністыя мясціны, што зараслі пустазеллем. За спіною торба, у руках доўгі і моцны кій, куртка і нагавіцы ўсе ў рознакаляровых лапіках.
Ён падыходзіў да першай - лепшай хаты, крычаў і, калі з’яўляўся ў акне твар гаспадыні, пытаўся:
– А ці верыш ты, гаспадынька, у святую тройцу?
Гаспадынька, ашаломленая нечаканым нападам, ківала ў знак
згоды.
– Ну дык вось, - казаў пацукалоў.
– Тады, напэўна, ведаеш, што бог па літасці сваёй наслаў на чалавека, каб нудна яму не было, пацукоў і шчуроў.
Гаспадыня нарэшце прытомнела пасля нечаканай атакі:
– Не веру я ў святую тройцу, адчапіся ад мяне, рапуха драпястая!
І чалавек, не спрачаючыся, крочыў далей. Толькі калі ўжо занадта лаяліся, адказваў:
– Бач ты, якая жабіца-скурапея. Напэўна, трэцяга мужа даношваеш, каб цябе так у апраметнай д’яблы насілі.
А калі запрашалі ў хату - пачыналася цікавае. Чалавек аглядаў пацуковыя дзіркі, усміхаўся, выцягваў з торбы гнуткі пруток і клаў яго на далонь рукі. Пасля мармытаў нешта доўга, і пруток, павярнуўшыся, паказваў канцом у бок адной з дзірак:
– Бачыш, баба, унь дзе іхняя хата.
І, стаўшы на калені, мармытаў:
– Ёсць на моры выспа, на той выспе ляжыць залаты пранік, на тым праніку пацукі вяселле гуляюць. Цар пацучыны перамог цароў шчурыных, а я, раб божы, і тых і другіх. Цар пацучыны, ветахавы, няхрышчаны, цёмны, выходзь з залатога гнязда на імхі, на болаты, на тонкія патопы, на цвілёвыя падушкі. Там качайся, валяйся, на пясок рассыпайся, а гэтага дома не чапай. Ключ замыкаю. Аман!
Пасля ён звычайна прасіў гаспадыню пакінуць яго аднаго, сядзеў трохі, выходзіў з хаты і, калі лічыў патрэбным, капаў ля прадушыны ў падмурку глыбокую яму і наліваў яе вадою. Дзіўна, але пацукі сапраўды ўцякалі з хаты, і раніцою ў яме можна было пабачыць да дзесятка вялізных шэрых пацукоў або рудых шчуроў.