Манн Клаус
Шрифт:
Тэафіл Мардэр запрасіў абедзвюх маладых дам і актора Гёфгена ў вельмі дарагі, хутчэй буржуазны салідны, чым модны рэстаран. Гендрык там яшчэ ні разу не быў, і гэта сталася Мардэру зачэпкай рэзка заявіць, што гэты рэстаран — адзіная "будка" ў Гамбургу, дзе на стол падаюць смачнае — салідны кошт, затое добры стары стыль, а ва ўсіх жа астатніх месцах, калі верыць драматургу, — падаюць толькі ёлкі тлушч і смярдзючую смажаніну, а тут бывае высокае выбранае спадарства, якое ведае смак жыцця; тут і вінны склеп неблагі.
Сапраўды, на абшытых карычневымі панелямі сценах віселі карціны з паляўнічага жыцця і прыгожыя кілімы, а за столікамі сядзелі толькі пажылыя геры з выглядам мільянераў. Яшчэ больш годнасна, вядома, выглядаў обер-кельнер; у рышпекце, з якім ён прыняў заказ Тэафіла, можна было разгледзець нейкую долю іроніі. Мардэр прапанаваў пачаць з лангустаў.
— Што вы на гэта скажаце, мой добры Генрык? — спытаўся ён у Гёфгена з той хітрай карэктнасцю, якой Нікалета, відаць, навучылася ад яго.
Гендрык не ведаў, што адказаць. Зрэшты, ён пачуваўся крыху няўпэўнена і скавана ў гэтым рэстаране для саліднага спадарства. Яму нават здалося, што обер-кельнер пагардліва прыгледзеўся да яго смокінга, на якім у некалькіх месцах паблісквалі тлустыя плямы. Пад выпрабавальным позіркам выпешчанага афіцыянта Гендрык на нейкі момант, але вельмі імпэтна адчуў сваю рэвалюцыйную сутнасць. "Не месца мне ў гэтым рэстаране для капіталістычных эксплуататараў", — падумаў ён злосна, калі яму налівалі белае віно. Цяпер ён ужо дакараў сябе за тое, што адцягваў з адкрыццём рэвалюцыйнага тэатра. Але Мардэр яго расчараваў. Гэты бязлітасны прадбачлівы і небяспечны крытык буржуазнага грамадства паказаў сябе, калі прыгледзецца да яго бліжэй, вось так супраць-насупраць, панком з даволі сумніўнымі рэакцыйнымі схільнасцямі. У яго бурклівы, начальніцкі голас, падступны позірк, на ім занадта бездакорна пашыты цёмны гарнітур з залішне старанна падабраным гальштукам, а што да лангустаў, якіх толькі што падалі на стол, дык ён з фатальным веданнем выбірае самыя лепшыя. І ў яго ж ці не шмат чаго агульнага з тымі персанажамі, з якіх ён здзекуецца ў сваіх п'есах? Вось ён нахвальвае добрыя старыя часы, калі ён быў малады, — дзе ж тут з тым часам, хоць бы ў адным пункце, дараўнаецца новы, пусты і бездухоўны! А сам між тым не зводзіць халодных, неспакойных, прагных вачэй з Нікалеты, якая, сваім цягам, тонка згінае не толькі губы, але і ўсё цела ў металічнай бліскучай вячэрняй сукенцы. Барбара ціха сядзела побач. Гендрык, якога гідзіў правакацыйны флірт Нікалеты з Мардэрам, нарэшце перанёс увагу на Барбару. І заўважыў: яе позірк выпрабавальна скіраваны на яго. Гендрык Гёфген сумеўся.
У глыбіні сэрца ён спалохаўся таго, што ўбачыў у Барбары Брукнер павабнасць, якое не заўважаў у іншых жанчынах. Ён сустракаў шмат жанчын, але такой — ніколі. Разглядваючы яе, ён у думках прыгадваў у вельмі дакладнай паслядоўнасці, як калі б трэба было падвесці рысу пад доўгім і брудным мінулым, усіх жанчын, з якімі калі-колечы меў дачыненні. Ён як бы зладзіў ім агледзіны, усіх успомніў, каб усіх выбракаваць: моцных і крамяных дзевак з Рэйна, якія без лішніх цырымоній і ламання ўвялі яго ў грубую рэальнасць любові, сталых, але яшчэ даволі статных прыяцелек яго маці Бэлы; маладых, але не дужа пяшчотлівых прыяцелек сястры Ёзі; спрактыкаваных берлінскіх вулічных красунь і не менш дзелавітых шлюх з правінцыі, якія рабілі яму тыя самыя адмысловыя паслугі, якіх ён ад іх патрабаваў, такім спосабам адбіваючы сабе смак на менш вострыя, больш звычайныя асалоды; заўсёды гатовых да паслуг актрыс, якім ён, аднак, дарыў такі гонар толькі ў самых рэдкіх выпадках, а часцей змушаў дастаткавацца яго капрызнай, чароўна жорсткай дружбай; і мноства аматарак, то па-дзявочы нясмелых, то патэтычна-томных, то іранічна-разумных. Яны яшчэ раз паўсталі перад ім у сваіх абліччах і постацях, каб адразу адступіць, знікнуць, растаць перад толькі што адкрытай, ні на што не падобнай вабнасцю Барбары. Нават Нікалета, цікавая дачка авантурыста і чароўная субяседніца з усёй яе карэктнасцю і сапсаванасцю цяпер — амаль камічны персанаж. Гендрык ахвяраваў ёю, яго цікавасць да яе патухла, а чым толькі ён не ахвяраваў бы ў гэта зараджанае лёсам, вызначальнае, салодкае імгненне? Ці не было гэта першай вялікай здрадай Джульеце, любаснай каханцы, якую ён сам называў сэнсам свайго жыцця і вялікай сілай, што ўзнаўляла і апладняла ягоныя сілы? З Нікалетай, на нагах якое можна было ўявіць сабе зялёныя боцікі, ён ніколі не змог бы ашукаць Джульету. У самым крайнім разе яна магла б стацца эрзацам Чорнай Венеры, але, вядома, не яе суперніцай. Суперніца сядзела тут. Яна выпрабавальна разглядвала Гендрыка, калі ён, у сваю чаргу, пачаў разглядваць яе, — не завабна скасавурыўшыся, не загадкава бліскаючы вачыма, а з сапраўдным хваляваннем, якое робіць чалавека бездапаможным. Яна апусціла вочы і адвярнулася.
Яе вельмі просценькая чорная сукенка, па якой знаўца мог бы вызначыць яе паходжанне ад сціплай хатняй краўчыхі, з белым, як у школьніцы, крухмальным каўнерыкам, пакідала адкрытаю шыю і худыя рукі. Далікатны і дакладна акрэслены авал твару быў бледны; шыя і рукі смуглыя з залацістым адлівам, як спелы і далікатны колер крамяных, напоеных водарам доўгага лета яблыкаў. Гендрык напружана намагаўся ўспомніць, што яму нагадвае гэты каштоўны колер, што ўразіў яго яшчэ больш, чым твар Барбары. І раптам узгадаліся жаночыя партрэты Леанарда, ён нават крыху расчуліўся, што тут, у цішыні, пакуль Мардэр выстаўляецца са сваім веданнем старадаўняй французскай кухні, ён сам маўчыць і думае пра такія тонкія і ўзвышаныя прадметы; так, акyрат на сакавіты, далікатны і пры тым чулліва-ўспрымальны колер плоці на жаночых партрэтах Леанарда быў падобны колер яе скуры. Быў гэты колер у яго і на некаторых партрэтах юнакоў, там, дзе іх голыя мілыя рукі прыценены. Толькі юнакі і мадонны на палотнах старадаўніх майстроў маглі дараўнацца з ёю прыгажосцю.
Аблічча Барбары Брукнер прымусіла захопленага Гендрыка успомніць пра юнакоў і мадоннаў. Ідэальныя юнакі вырозніваліся такой самай цудоўнай худзізнай; а ў мадоннаў быў такі твар. Так яны расплюшчвалі вочы, менавіта так, як Барбара цяпер: вочы пад доўгімі, чорнымі і нерухомымі, але зусім натуральнымі вейкамі; вочы сакавітага сіняга з чорным адлівам колеру. Вось такія вочы былі ў Барбары Брукнер, і глядзелі яны вельмі сур'ёзна, выпрабавальна, з сяброўскай цікаўнасцю, часам крыху гyлліва. І наогул гэты высакародны твар быў не без гарэзлівых рысаў: зусім не скрушлівы і не загадны твар мадонны, а хутчэй хітраваты. Даволі вялікі, вільготны рот усміхаўся летуценна, але і не без пяшчотнай хітравацінкі. І ўжо амаль зусім дзёрзкім здавалася, што кукла пышных попельных валасоў сядзела на патыліцы крыху коса. Прадзела ж было праведзена рыхтык пасярэдзіне.
— Чаго вы так гледзіце? спыталася нарэшце Барбара, бо зачараваны Гендрык не зводзіў з яе вачэй.
— А што, нельга? — ціха адпытаўся ён.
Яна сказала з развязным какецтвам, за якім крылася збянтэжанасць:
— Ну, калі гэта вам у ахвоту...
Гендрык зразумеў: яе голас дае такую самую асалоду вуху, як колер скуры — воку. Здавалася, што і голас у яе таксама сакавітага, спелага і далікатнага тону. І ў ім бляск, і ў ім каштоўны цёмны адліў. Гендрык услухоўваўся ў голас з тым самазабыццём, з якім хвіліну назад углядваўся. Каб яна гаварыла і гаварыла, ён задаваў і задаваў пытанні. Яму хацелася даведацца, ці надоўга яна збіраецца застацца ў Гамбургу. Яна адказала неяк нязграбна, што выдавала недахоп прывычкі, пацягваючы цыгарэту:
— Пакуль Нікалета будзе тут іграць. Усё залежыць ад поспеху "Кнорке".
— Вось калі мяне радуе, што публіка сёння так доўга апладыравала! — сказаў Гендрык. — Думаю, прэса таксама будзе добрая.
Ён зацікавіўся яе заняткамі. Нікалета згадала была, што Барбара наведвае універсітэт. Казала нешта пра сацыялагічныя, гістарычныя семінары.
— Але я займаюся ўсім гэтым даволі нерэгулярна, — сказала яна рассеяна і крыху насмешліва. І пры гэтым аблакацілася на стол і тварам на вузкія смуглыя рукі.
Непрычэпісты назіральнік збоку, якім быў у гэты момант Гендрык, назваў бы яе рухі, такія мілыя, кранальныя і сарамяжлівыя, амаль нязграбнымі і няўклюднымі. Скаванасць выдавала ў ёй правінцыялку, не надта свецкую прафесарскую дачку, і гэтая скаванасць кантраставала з разумным і вясёлым, адкрытым позіркам. У ёй была няўпэўненасць чалавека, якога ў вельмі цесным коле моцна любяць і песцяць, а па-за гэтым колам ён схільны перажываць ад комплексу непаўнавартасці. А пры Нікалеце Барбара, відаць, прывыкла быць на другіх ролях. Таму яна ўзрадавалася і крыху развесялілася, што гэты дзіўнаваты актор Гендрык Гёфген так дэманстрацыйна аддаў перавагу ёй, і яна не без прыемнасці павяла з ім гутарку далей.