Манн Клаус
Шрифт:
Развіталіся з доўгім поціскам.
Тады якраз рыхтавалася апошняя навінка сезону: у камедыі Тэафіла Мардэра "Кнорке" Генрык Гёфген быў на галоўнай ролі. Гэтая грамадска- драматычная п'еса Мардэра мела вялікі поспех. Усе знаўцы хвалілі індывідуальна адточаную форму п'есы, яе беспамылковую сцэнічнасць, пераканаўчасць і духоўна-бязлітасную вастрыню. На прэм'еру "Кнорке" збіраліся прыехаць крытыкі з Берліна. Зрэшты, на прэм'еру з халадком у сэрцы чакалі і самаго аўтара, бо неаспрэчная высокая аўтарытэтнасць ацэнкі Мардэрам самаго сябе была ўсім гэтак сама ж вядомая, як і ягонае нахабства і схільнасць да беспрычынных, гучных і зацяжных скандалаў.
Але пры ўсім страху Гёфген радаваўся будучаму прыезду славутага драматурга. Ён амаль не сумняваўся, што гэты празарлівец і вопытны знаўца высока ацэніць ягонае выканаўчае майстэрства. "Я павінен быць на вышыні ў "Кнорке"! — прысягнуў сабе Гендрык.
Каб цалкам аддацца ролі, ён перадаў рэжысуру дырэктару Кроге, вялікаму спецыялісту ў камедыях Тэафіла Мардэра.
"Кнорке" належаў да цыклу сатырычных п'ес, якія высмейвалі нямецкую буржуазію часоў Вільгельма ІІ. Герой камедыі быў выскачка, які з дапамогай цынічна заробленых грошай і ардынарнага, нізкага, пыхлівага розуму заваёўвае сабе ўладу і ўплывы ў высокіх колах. Кнорке быў суцэльны гратэск, але і імпазантны. Ён — абсалютна новы тып буржуазнага парвеню — вельмі жыццеўстойлівага, далёкага ад высокай маральнасці. Гёфген дужа надаваўся на поспех у гэтай ролі. Ён умеў перадаць жорсткасць, рэзкасць, а часам і мала не мілую безабароннасць. Ён унёс у ролю і нясмелую, спярша сляпyчую велічнасць гранда, якая праяўлялася ў паставе і рухах, жэстах, і вульгарную, спрытную дэмагогію мярзотніка, гатовага на ўсё, каб выцерабіцца ў людзі, і бледнае, застылае, амаль гераічнае аблічча, і нават жудасць у вачах, калі ён бачыць свой узлёт, які сапраўды каркаломны і можа закончыцца менавіта зламаным каркам. Несумненна, у гэтай ролі Гёфген будзе сенсацыяй.
Яго партнёрка, спадарожніца ў жыцці Кнорке, не менш бессаромная за яго самога, але слабейшая толькі таму, што кахае, што кахае Кнорке, — яго партнёрку ў геніяльнай камедыі іграла маладая дзяўчына, якую Тэафіл Мардэр энергічна, амаль нават гнеўна прапіхваў у назойлівых пісьмах. У Нікалеты фон Нібур было яшчэ даволі мала практычнага тэатральнага вопыту — яна выступала рэдка і толькі ў малых гарадках, — але была істотай самаўпэўненай, умела амаль у страх увагнаць. У рэзкім тоне Мардэр пагражаў няшчаснаму Оскару Х. Кроге самым жахлівым скандалам, калі дырэкцыя Мастацкага тэатра не ангажыруе фон Нібур на галоўную гераіню. Застрашаны і збязволены грозным драматургам Кроге запрасіў Нікалету дзеля пробы выступіць у "Кнорке". Яна прыехала з гарой чамаданаў з чырвонай лакіраванай скуры, у шыракаполым мужчынскім капелюшы і вогненна-чырвоным плашчы, гарбаносая, з бліскучымі кашэчымі вачыма, прыгожа-высакалобая. Усе ў "Г. М." адразу заўважылі, што яна была — асоба: Моц зазначыла гэта багавейна ўсхваляваным голасам, ніхто не адважваўся пярэчыць ёй, нават Рахэль Морэнвіц, хоць гэтая і была незадаволеная прыездам новенькай, бо і Нікалета была таксама юная дэманічная дама і, каб даказаць гэта свету, ёй не патрэбен быў ні манокль, ні доўгі муштук.
Рольф Банэці і Петэрсэн дыспутвалі, ці можна назваць Нікалету прыгожай. Энтузіяст Петэрсэн лічыў, што яна "проста асляпляльная"; асцярожлівы знаўца Банэці абмежаваўся акрэсленнем — "цікавая".
— Пра прыгажосць і гаворкі быць не можа пры такім носе!! — нядбала сказаў ён.
— Затое якія вочы, цудоўныя! — захапляўся Петэрсэн, азіраючыся навакол, ці не было паблізу Моц. — А як трымаецца! Проста велічна, можна сказаць!
Нікалета прайшла за вокнамі пад руку з Гёфгенам, усе гэта заўважылі. Яе галава з ганарыстым носам, бліскучым паглядам і высокім лобам была падобная на галву юнака эпохі Адраджэння; гэта з сумнай пранікнёнасцю адзначыла сабе фраў фон Гэрцфэльд, якая раўніва назірала за парай. Нікалета трымалася роўна і проста. Ярка нафарбаваныя тонкія губы рэзка і дакладна артыкулявалі, кожная фраза звінела акуратна і выразна; галосныя яна вымаўляла неяк далёка наперад, і яны гучалі бліскуча і гладка, не прападаў ніводзін зычны, і нават самыя неістотныя службовыя словы неслі з сабою трыумф маўленчай тэхнікі.
Па ролі Нікалета з дэманічнай вынаходлівасцю павінна была падкрэсліваць, якая яна самалюбная, а калі трэба, дык yздольніцца і на інтрыгу.
— Вядома, мой мілы! — гаварыла яна Гёфгену, з якім пазнаёмілася толькі некалькі гадзін таму назад. — Усе ж мы хочам наперад. І тут патрэбныя локці.
Гендрык, які скоса з цікаўнасцю разглядваў яе, думаў — кажа яна шчыра, ці гэта толькі поза. Цяжка было вызначыць. Магчыма, гэты адкрыты цынізм — проста маска, за якою крыецца зусім іншы твар, і хто ведае, які ў гэтага другога, схаванага, твару нос і які рот, і ці ёсць у ім нешта агульнае з гэтай на паказ ганарыстай маскай? Гендрык не мог прызнацца сабе, што жанчына поруч з ім зрабіла на яго ўражанне. Несумненна, яна была першая пасля Джульеты, для якое ў яго знайшоўся дапытлівы, зацікаўлены погляд. Яшчэ таго ж самага дня ён паспавядаўся ў гэтым Чорнай Венеры, якая страшэнна набіла яго, і гэтым разам не рытуальна дзеля гульні, а з палкай жарсцю — прынцэса Тэбаб угневалася. Гендрык пакутаваў, з асалодаю стагнаў і ў канцы прызнаўся сваёй прынцэсе, што яна застанецца яго адзінай валадаркай і каханай. Але калі ён зноў убачыў Нікалету, яго зноў зачаравалі яе рэзкая манера гаварыць, яе бліскучы пранізлівы позірк і ганарыстая пастава.
Ногі ў яе не тое каб былі прыгожыя, хутчэй крыху таўсманыя, але яна прэзентавала іх у чорных шаўковых панчохах y такой пераможнай манеры, што катэгарычна адпадала ўсякае сумненне ў іх прыгажосці — акyрат як сам Гендрык умеў падаць свае грубаватыя рукі так, як калі б яны былі тонкія і высакародныя. Нікалета закідвала нагу на нагу, глядзела пранізлівым позіркам, загадкава ўсміхалася і падцягвала спадніцу вышэй калена. Гендрык, зразумела, адразу раскусіў яе манеўр, але менавіта гэта і прывяло яго ў захапленне. Зрэшты, як яму лёгка было ўявіць сабе на гэтых каленях, якія заўважыў і ацаніў такі тонкі знаўца, як Банэці, зялёныя боцікі, — гэтая акалічнасць рабіла Нікалету яшчэ больш панаднай. Гендрык адкідваў бледны твар і пажадліва круціў брыльянтавымі вачыма. Нікалета яму падабалася.
Спадабалася яму і тое, што яна дакладна і шчыра расказала пра сваё паходжанне. Яму імпанавала ўсё эксцэнтрычнае, авантурна-сумніўнае, бо і сам ён быў са звычайнага мяшчанства. Нікалета прызналася, што не ведае сваіх бацькоў.
— Мой тата быў авантурыст, — весела і горда, высока падняўшы галаву, заявіла яна. — Мама была маленькая танцорка ў Парыжскай оперы і, як я чула, вельмі дурная, але, кажуць, у яе былі боскія ногі.
Яна з выклікам зірнула на свае, якія падавала як нябесна прыгожыя.
— Тата быў геній. Ён умеў пажыць на шырокі росхрыст душы. Памёр у Кітаі, пакінуўшы там семнаццаць чайных домікаў і велізарныя пазычкі. Адзіная памяць у мяне пра яго — люлька курыць опіум.
У сваім нумары ў гатэлі яна паказала Гендрыку гэту рэліквію. З карэктнасцю, за якой праглядвалася суцэльная чартаўшчына, яна спыталася, хоча ён чаю ці кавы. Заказ яна перадала па тэлефоне кельнеру ў тоне жорсткага, бязлітаснага прысуду. Пасля пачала падрабязна расказваць пра гады сваёй маладосці.